Паводле «Вясны» з пачатку пратэстаў 2020 году тысячы дзяцей адчулі на сабе наступствы рэпрэсіяў праз затрыманьні, арышты і крымінальны перасьлед іхных бацькоў, а яшчэ дзясяткі падлеткаў самі сталі фігурантамі палітычна матываваных крымінальных справаў, трапілі за краты або сутыкнуліся з жорсткім абыходжаньнем.
Ціск на непаўналетніх працягваецца. У 2025 годзе паводле палітычных абвінавачаньняў былі асуджаныя ня менш за 40 падлеткаў, падлічылі праваабаронцы «Вясны». Ім вядомыя імёны як мінімум 27 непаўналетніх, якія сталі фігурантамі палітычна матываваных крымінальных справаў, і праваабаронцы мяркуюць, што рэальныя маштабы перасьледу значна большыя.
На гэты момант, паводле праваабаронцаў, у Беларусі за кратамі знаходзяцца чатыры чалавекі, якіх зьняволілі яшчэ да дасягненьня імі паўналецьця: Елісей Кузьняцоў, Дзьмітры Захарошка, Трафім Барысаў і Аляксандра Пуліновіч.
Справа Аляксандры Пуліновіч
Пра адну з гэтых палітзьняволеных, Аляксандру Пуліновіч, праваабаронцам вядома, што на момант затрыманьня дзяўчыне было 16 гадоў, яна вучылася ў апошняй клясе адной з менскіх школаў, плянавала па сканчэньні школы вучыцца на вэтэрынара. У СІЗА дзяўчыну на некалькі дзён саджалі ў карцар.
Аляксандра Пуліновіч праходзіла ў гэтак званай справе «чорных салаўёў» — анархісцкай ячэйкі, якая, паводле сьледзтва, нібыта рыхтавалася да дывэрсіяў на загады з Украіны.
У 2025 годзе дзяўчыну асудзілі на 10 гадоў і 3 месяцы зьняволення паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу, сярод іх арт. 289 — замах на акт тэрарызму.
Свой тэрмін Аляксандра Пуліновіч адбывае ў ПК № 4 у Гомлі.