«Беларускі бэнзін і дызэль не ўратуюць». Улады анэксаванага Крыму ўвялі талёны на паліва

Ілюстрацыйны здымак

Экспэрт у эканамічных пытаньнях мяркуе, што беларускія пастаўкі ня здолеюць цалкам пакрыць патрэбы расейцаў у паліве. Больш за тое — яны ня змогуць закрыць нават ладнай часткі тых патрэбаў. Таму крызіс на гэтым ня скончыцца.

У тым, што пастаўкі дызэльнага паліва і бэнзіну не закрыюць усіх патрэбаў расейскага рынку ў паліве, упэўнены расейскі экспэрт у рынках нафты, газу і нафтапрадуктаў Кірыл Радзівонаў. Ягоныя словы прыводзіць тэлеграм-канал Banki24.

Асноўная прычына, паводле якой пастаўкі зь Беларусі не дапамогуць — для гэтага ў беларускіх пастаўнікоў «вельмі малыя аб’ёмы выпуску». Так ацэньвае беларускія маштабы аналітык.

У 2015–2020 гг. сярэдні аб’ём вытворчасьці аўтамабільнага бэнзіну ў Рэспубліцы Беларусь складаў 3,5 млн т у год, а аб’ём экспарту — 2,3 млн т. Пры гэтым за ўвесь год Беларусь экспартуе бэнзіну і дызэльнага паліва менш, чым Расея спажывае за адзін месяц, адзначыў Радзівонаў.

Дапамогай для Расеі маглі б стаць пастаўкі з чацьвёртага НПЗ у Казахстане. Аднак аб’ект увядуць ў карыстаньне толькі ў 2030-х гг., а Расеі дызэль і бэнзін патрэбныя ўжо цяпер.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пасьля ўкраінскіх атак многія НПЗ у Расеі спынілі ці скарацілі вытворчасьць

Што адбываецца?

Украіна ў адказ на пастаянныя расейскія атакі па гарадах і інфраструктуры атакуе паліўныя базы і нафтаперапрацоўчыя заводы Расеі. Атакі настолькі шматлікія і пасьпяховыя, што некаторыя НПЗ, склады і порты гараць па некалькі дзён і іх не ўдаецца хутка згасіць. Праз гэта недахоп паліва пачало адчуваць ня толькі расейскае акупацыйнае войска, але й звычайныя спажыўцы ў самой Расеі і на акупаваных расейцамі ўкраінскіх тэрыторыях. Брак дастатковых аб’ёмаў паліва Крэмль тлумачыць насельніцтву пазаплянавымі рамонтамі на НПЗ.

«Пазаплянавымі» рамонтамі НПЗ ў Расеі цяпер называюць аднаўленьне заводаў пасьля ўкраінскіх атак і пажараў.

18 траўня на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з губэрнатарам Сьвярдлоўскай вобласьці Дзянісам Пасьлерам гаворка ішла ў тым ліку пра пастаўкі ў Расею нафтапрадуктаў. Як паведамляла прэс-служба Лукашэнкі, на сустрэчы ён заявіў, што «нафтаперапрацоўка таксама ўваходзіць у лік напрамкаў для актывізацыі супрацоўніцтва» і што Беларусь гатовая пастаўляць свой бэнзін у Расею.

Улады Беларусі з 2022 году падтрымліваюць Расею ў яе вайне супраць Украіны, у тым ліку надавалі расейскаму войску сваю тэрыторыю, памежныя пераходы, тылавую інфраструктуру, а таксама прадукцыю свайго ВПК.

Газэта «Коммерсантъ» адзначала, што аб’ёмы рэалізацыі беларускага бэнзіну на Пецярбурскай біржы ў траўні вырасьлі ў разы, нягледзячы на тое, што цана беларускага бэнзіну большая за расейскую.

Востры крызіс ахапіў анэксаваны расейцамі Крым. 31 траўня на паўвостраве бэнзін маркі АІ-95 на запраўках сетак АТАН і ТЭС адпускаюць толькі па талёнах, а продаж АІ-92 абмежаваны 20 літрамі на аўтамабіль. У Сэвастопалі па талёнах цяпер прадаюцца абедзьве маркі бэнзіну.

Пасьля нядаўніх удараў па Пермскім НПЗ у эўрапейскай частцы Расеі не засталося буйных нафтазаводаў, якія раней не траплялі пад атакі. Па-за зонай удараў сярод такіх прадпрыемстваў застаюцца толькі Омскі і Ангарскі НПЗ за Ўралам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Беларусі ў 25 разоў павялічылі мыта на вываз нафтапрадуктаў. Што гэта значыць