Практычна ўсе буйныя нафтаперапрацоўчыя заводы ў цэнтральнай Расеі былі вымушаныя спыніць ці скараціць вытворчасьць пасьля ўдараў украінскіх бесьпілётнікаў у апошнія тыдні, піша Reuters.
Як паведамляе агенцтва са спасылкай на дзьве крыніцы ў галіне, знаёмых з сытуацыяй, пасьля ўкраінскай атакі ўначы 20 траўня нафтаперапрацоўчы завод кампаніі «Лукойл», разьмешчаны ў горадзе Кстова, прыпыніў працу сваёй галоўнай устаноўкі першаснай перапрацоўкі нафты.
Спыненьне прывядзе да рэзкага зьніжэньня аб’ёмаў вытворчасьці, што яшчэ больш пагоршыць нявызначанасьць у энэргетычным сэктары Расеі і ў сфэры паставак паліва, адзначае Reuters.
Раней з меркаваньняў бясьпекі працу прыпыніў Маскоўскі НПЗ. Украінскія бесьпілётнікі атакавалі яго ў ноч на 17 траўня, па дадзеных агенцтва, удар нанёс заводу толькі нязначную шкоду.
Пасля ўкраінскай атакі 15 траўня была таксама прыпынена праца Разанскага нафтаперапрацоўчага заводу, на долю якога прыпадае амаль 5% ад агульнага абʼёму перапрацоўкі ў краіне.
Атакавалі ўжо ўсе НПЗ у эўрапейскай частцы Расеі
Выданьне «Вот так» падлічыла, што з пачатку расейскага поўнамаштабнага ўварваньня УСУ нанесьлі не менш як 158 удараў па расейскіх нафтаперапрацоўчых заводах. Пры гэтым у 2026 годзе ўкраінскае войска зьдзейсьніла ўжо 32 атакі, што ў тры разы больш, чым за аналягічны пэрыяд 2024 года. Часьцей за ўсё з пачатку вайны пад удары, як адзначаецца, траплялі Разанскі і Саратаўскі НПЗ — па 15 нападаў на кожны, па 12 удараў прыйшлося на Афіпскі, Ільскі і Туапсінскі нафтаперапрацоўчыя заводы ў Краснадарскім краі.
Пасьля нядаўніх удараў па Пермскім НПЗ, зьвяртае ўвагу выданьне, у эўрапейскай частцы Расеі не засталося буйных нафтазаводаў, якія раней не траплялі пад атакі. Па-за зонай удараў сярод такіх прадпрыемстваў застаюцца толькі Омскі і Ангарскі НПЗ за Уралам.
У ноч на 22 траўня ўкраінскія дроны атакавалі Яраслаўль. Па зьвестках выданьня ASTRA, верагоднай цэльлю нападу стаў НПЗ «Славнефть-ЯНОС», які раней ужо падвяргаўся ўдарам, піша Расейская служба Радыё Свабода.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі пацьвердзіў удары па абʼектах нафтаперапрацоўкі ў Яраслаўлі, за 700 кілямэтраў ад украінскай тэрыторыі.
Чаму гэта важна і для Беларусі
У такой сытуацыі праз дэфіцыт бэнзіну расейскія рэгіёны зьвяртаюць увагу на Беларусь.
18 траўня адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з губэрнатарам Сьвярдлоўскай вобласьці Дзянісам Пасьлерам. Як паведаміў беларускі бок, гаворка ішла ў тым ліку пра пастаўкі нафтапрадуктаў. Свайго НПЗ у Сьвярдлоўскай вобласьці няма, туды пастаўляюцца нафтапрадукты з Пермскага НПЗ, які быў атакаваны Ўкраінай 7 траўня. Пермскі НПЗ — адзін з самых магутных у Расеі. Як паведамляе прэс-служба Лукашэнкі, на сустрэчы ён заявіў, што «нафтаперапрацоўка таксама ўваходзіць у лік напрамкаў для актывізацыі супрацоўніцтва».
«Сёньня шаленства хапае з боку нашых праціўнікаў, якія прыводзяць у ненармальны стан нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы. Мы маем два мадэрнізаваныя заводы — пасол (пасол Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў. — Радыё Свабода) гэта добра ведае — і падстаўляем сваё плячо ў любы час, як гэта трэба. Калі ў гэтым пляне ва патрэбная дапамога, вы скажыце паслу, ён нас паінфармуе. Будзем старацца вам дапамагчы так, як дапамагаем сёньня ўсёй Расеі», — сказаў тады Лукашэнка.
Улады Беларусі з 2022 году падтрымліваюць Расею ў яе вайне супраць Украіны, у тым ліку надавалі расейскаму войску сваю тэрыторыю, памежныя пераходы, тылавую інфраструктуру, а таксама прадукцыю свайго ВПК.