Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля ўкраінскіх атак на НПЗ у Расеі там у разы вырас попыт на беларускі бэнзін

Гарыць Самарскі НПЗ ў Расеі. Архіўнае фота
Гарыць Самарскі НПЗ ў Расеі. Архіўнае фота

«Саюзнай запраўкай» назвала Беларусь расейскае дзелавое выданьне «Коммерсантъ», бо тут можна набыць паліва, дэфіцыт якога адчуваецца ў Расеі.

Як паведамляе «Коммерсантъ», апошнім часам продаж беларускага паліва ў Расеі ўзьняўся ў разы. Выданьне не называе прычыну, па якой з расейскіх заправак зьнікае паліва, але прызнае, што дэфіцыт ёсьць.

«Аб’ёмы рэалізацыі беларускага бэнзіну на Пецярбургскай біржы ў траўні вырасьлі ў разы, нягледзячы на прыкметную прэмію да ўнутраных цэн. На расейскім рынку захоўваецца недахоп прапановы з-за сэзонных і пазаплянавых рамонтаў НПЗ і павелічэньня попыту. Аналітыкі лічаць, што імпарт дапаможа кропкава згладзіць недахоп, але не пакрыць усе выбылыя магутнасьці», — паведамляе выданьне.

«Пазаплянавымі» рамонтамі НПЗ ў Расеі цяпер называюць аднаўленьне заводаў пасьля ўкраінскіх атак і пажараў.

Расейскае дзелавое выданьне паведамляе, што каштуе беларускае паліва значна больш за расейскае. Па стане на 25 траўня, беларускі бэнзін АІ-92 каштаваў 96-97,5 тысячы расейскіх рублёў за тону, АІ-95 — 104,7 тысячы.

А па выніках таргоў на біржы 26 траўня кошты расейскага бэнзіну АІ-92 для эўрапейскай часткі Расеі склалі 67,44 тысячы рублёў за тону, АІ-95 — 74,95 тысячы рублёў за тону.

Выданьне паведамляе, спасылаючыся на зьвесткі Нацыянальнага біржавога цэнавага агенцтва, што продажы бэнзіну зь беларускіх НПЗ на Пецярбургскай біржы 1-22 траўня павялічыліся да 17,34 тысячы тон супраць 0,3 тысячы тон за той жа пэрыяд годам раней.

У Беларусі працуюць два мадэрнізаваныя НПЗ — Мазырскі і Наваполацкі сумарнай магутнасьцю 24 мільёна тон нафты ў год.

Пад атакі патрапілі ўсе НПЗ ў эўрапейскай частцы Расеі

Практычна ўсе буйныя нафтаперапрацоўчыя заводы ў цэнтральнай Расеі былі вымушаныя спыніць ці скараціць вытворчасьць пасьля ўдараў украінскіх дронаў у апошнія тыдні, паведамляла Reuters. Спыненьне прывядзе да рэзкага зьніжэньня аб’ёмаў вытворчасьці, што яшчэ больш пагоршыць нявызначанасьць у энэргетычным сэктары Расеі і ў сфэры паставак паліва, адзначае агенцтва.

Атакавалі ўжо ўсе НПЗ у эўрапейскай частцы Расеі. Выданьне «Вот так» падлічыла, што з пачатку расейскага поўнамаштабнага ўварваньня УСУ нанесьлі не менш як 158 удараў па расейскіх нафтаперапрацоўчых заводах.

Пасьля нядаўніх удараў па Пермскім НПЗ у эўрапейскай частцы Расеі не засталося буйных нафтазаводаў, якія раней не траплялі пад атакі. Па-за зонай удараў сярод такіх прадпрыемстваў застаюцца толькі Омскі і Ангарскі НПЗ за Ўралам.

Чаму гэта важна

Хоць закупкамі зь Беларусі і немагчыма закрыць дэфіцыт паліва, які ўтварыўся ў Расеі пасьля ўкраінскіх атак на НПЗ, пра што сьведчаць і расейскія аналітыкі, але беларускія пастаўкі змогуць зьмякчыць дэфіцыт, даўшы расейскім заводам час на рамонт. У цяперашняй сытуацыі праз дэфіцыт бэнзіну расейскія рэгіёны зьвяртаюць увагу на Беларусь.

18 траўня на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з губэрнатарам Сьвярдлоўскай вобласьці Дзянісам Пасьлерам гаворка ішла ў тым ліку пра пастаўкі ў Расею нафтапрадуктаў. Як паведамляла прэс-служба Лукашэнкі, на сустрэчы ён заявіў, што «нафтаперапрацоўка таксама ўваходзіць у лік напрамкаў для актывізацыі супрацоўніцтва» і што Беларусь гатовая пастаўляць свой бэнзін у Расею.

Улады Беларусі з 2022 году падтрымліваюць Расею ў яе вайне супраць Украіны, у тым ліку надавалі расейскаму войску сваю тэрыторыю, памежныя пераходы, тылавую інфраструктуру, а таксама прадукцыю свайго ВПК.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG