Сьцісла:
- Гэтым разам на саміце Эўразійскага саюзу абмяркоўвалі модную цяпер тэму: «ЭАЭС у глябальнай лічбавай гонцы: стаўка на штучны інтэлект».
- Лукашэнка адзначыў, што калі не павысіць эфэктыўнасьць ЭАЭС, то «прывабнасьць нашага саюзу будзе імкнуцца да нуля».
- Другі год запар армянскі прэм’ер-міністар Нікол Пашыньян не прыяжджае на саміт гэтага саюзу. «Армянскае пытаньне» было ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў форуму.
- Адказваючы на пытаньні журналістаў, Лукашэнка пацьвердзіў што прэзыдэнт Францыі падчас тэлефанаваньня перасьцярог яго ад любых спробаў уцягнуць Беларусь у вайну супраць Украіны.
Руцінны саміт
У сталіцы Казахстану Астане прайшоў саміт Эўразійскага эканамічнага саюзу (ЭАЭС). Паводле статуту гэтай арганізацыі, не радзей разу на год павінны праводзіцца сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў, то бок паседжаньні найвышэйшага органу аб’яднаньня. Ён мае назву Вышэйшы Эўразійскі эканамічны савет. Апошнія пяць гадоў разам з самітам ЭАЭС праводзіцца Эўразійскі эканамічны форум — гэта такое пампэзнае мерапрыемства, дзе зьбіраюцца шмат чыноўнікаў з краін-чальцоў саюзу, якія шмат разважаюць пра карыснасьць згаданага аб’яднаньня.
Паводле традыцыі, такія форумы праходзяць як урачыста-сьвяточныя мерапрыемствы. У прынятых дакумэнтах выказваюцца прапановы, кшталту таго, што варта было б яшчэ пашырыць, паглыбіць, павысіць і палепшыць эканамічную інтэграцыю. Гэтым разам у Астане абмяркоўвалі модную цяпер тэму: «ЭАЭС у глябальнай лічбавай гонцы: стаўка на штучны інтэлект».
Аляксандар Лукашэнка ў сваім выступе на форуме адзначыў, што «у Беларусі сыстэмная работа над гэтай тэмай ідзе ажно з сярэдзіны 60-х гадоў, яшчэ з часоў стварэньня Інстытуту тэхнічнай кібэрнэтыкі ў Менску». Што дала падставу журналісту расейскага выданьня «Коммерсант» Андрэю Калесьнікаву з іроніяй зазначыць: «Асабіста я з самага пачатку рыхтаваўся да таго, што Беларусь — радзіма штучнага інтэлекту, і цяпер быў толькі рады, што самыя сьмелыя здагадкі пацьвярджаліся».
Лукашэнка крытыкуе ЭАЭС
Падчас саміту Лукашэнка даў даволі нэгатыўную ацэнку дзейнасьці ЭАЭС. Ён адзначыў, што калі не павысіць эфэктыўнасьць, то «прывабнасьць нашага саюзу будзе імкнуцца да нуля».
«І калі нават нехта паназірае за работай, а потым стане членам Эўразійскага эканамічнага саюза, хутка расчаруецца ў эфэктыўнасьці яго дзейнасьці», — дадаў Лукашэнка. І далей канстатаваў: «Давайце будзем сумленныя: ключавыя пытаньні — рэгуляваньне агульнага фінансавага рынку, гандлёвыя бар’еры, электронны лічбавы подпіс і іншыя — адкладзены на потым. Гаворым аб штучным інтэлекце, а пытаньне практычна лічбавага — дапусьцім, подпісу — адклалі».
Добрай ілюстрацыяй пра стан эканамічнай інтэграцыі ў аўтамабілебудаваньні стала яшчэ адна рэпліка Лукашэнкі:
«Кожны закрыўся так, што мыш не праскочыць. Стаўкі ўтылізацыйных збораў хутка перавысяць кошт саміх машын. Я кажу пра наш саюз! Навошта мы гэта робім, пра які саюз можна казаць?»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Вынікі тыдня з Класкоўскім. Лукашэнка стаў прасунутым юзерам? Штучны інтэлект, Пуцін і Астана«Армянскае пытаньне»
Аднак, падаецца, галоўным на саміце было іншае пытаньне, якое нябачна прысутнічала, стварала пэўную атмасфэру, задавала тон сустрэчы. Гэта армянская праблема. Армэнія ўзяла курс на паступовае, але пасьлядоўнае дыстанцыяваньне ад створаных Расеяй постсавецкіх інтэграцыйных аб’яднаньняў, ставіць задачу інтэграцыі з ЭЗ у будучым. Ерэван прыпыніў сяброўства ў Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ).
У ЭАЭС Армэнія не прыпыніла сяброўства. Аднак другі год запар армянскі прэм’ер-міністар Нікол Пашыньян не прыяжджае на саміт гэтага саюзу. Мінулым разам мерапрыемства праходзіла ў Менску, і лідэр Армэніі праігнараваў яго праз напружаныя адносіны з Аляксандрам Лукашэнкам. Цяпер прэмʼер Армэніі не прыехаў на саміт ЕАЭС у Астану, спаслаўшыся ў тым ліку і на парлямэнцкія выбары, якія маюць адбыцца 7 чэрвеня. Адсутнасьць на саміце лідэра адной з краін-чальцоў другі раз запар вельмі паказальная. Гэта шмат што кажа пра трываласьць, эфэктыўнасьць і пэрспэктывы згаданага саюзу.
Дарэчы, на саміце была прынята заява з нагоды плянаў Армэніі па выхадзе з ЭАЭС. Але рэч у тым, што такой праблемы пакуль няма. Кіраўніцтва Армэніі не заяўляла пра намер выйсьці з Эўразійскага саюзу. Ерэван афіцыйна падкрэсьлівае, што застаецца паўнапраўным членам ЭАЭС. Расея штучна нагнятае абстаноўку, а Лукашэнка ўсяляк падыгрывае Маскве, пужаючы армян нэгатыўнымі наступствамі дыстанцыяваньня ад Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Пашыньян перад самітам ЭАЭС адказаў Лукашэнку, каму патрэбная АрмэніяРэзананс ад тэлефанаваньня Макрона
Пасьля саміту Аляксандр Лукашэнка адказваў на пытаньні наконт тэлефоннай размовы з прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам. Уласна нічога новага ён не паведаміў. Толькі пацьвердзіў тую вэрсію, якую распаўсюдзіла агенцтва AFP, што прэзыдэнт Францыі перасьцярог Лукашэнку ад любых спробаў уцягнуць Беларусь у вайну супраць Украіны на баку РФ, і падкрэсьліў рызыкі для Беларусі ў такім выпадку.
І тут прагучала фэнамэнальная рэпліка, якую мог сказаць толькі Лукашэнка. Заклікаючы Макрона весьці перамовы аб міры ад імя краін ЭЗ, ён заявіў: «Хто будзе размаўляць? Усе маладыя. У Італіі ўвогуле жанчына прэмʼер-міністар. Што вы, хочаце на жанчыну ўскласьці гэтыя абавязкі?». Тут Лукашэнка шчыры ў сваім перакананьні, што з жанчынай нельга весьці перамовы на сур’ёзныя тэмы.
А яшчэ Аляксандр Лукашэнка пасьля саміту паўтары гадзіны перамаўляўся з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным. Пасьля апошняй іх сустрэчы 9 траўня ў Маскве прайшло 20 дзён. Здавалася б, за гэты час не магло ўзьнікнуць новых праблем. Хіба што, можна меркаваць, Лукашэнка пераказваў, тлумачыў сваю размову з Макронам.