Амэрыканскія і міжнародныя агенцтвы паведамляюць, што ЗША і Іран дасягнулі папярэдняй дамоўленасьці аб працягу цяперашняга рэжыму спыненьня агню і што ў Злучаных Штатах чакаюць канчатковага яго ўхваленьня ад прэзыдэнта Дональда Трампа.
28 траўня агенцтва Reuters з спасылкай на чатыры крыніцы, знаёмыя з пытаньнем, заявіла, што пагадненьне падоўжыць перамір’е яшчэ на 60 дзён і дазволіць караблям свабодна праходзіць праз стратэгічна важную Армускую пратоку, пакуль перамоўнікі працягваюць разьвязваць больш складаныя пытаньні — такія, як ядзерная праграма Тэгерану.
Гэтая навіна зьявілася падчас паведамленьняў іранскіх агенцтваў аб тым, што 28 траўня ўзброеныя сілы краіны нанесьлі па караблях у Армускай пратоцы ракетныя ўдары, якія перш лічыліся папераджальнымі стрэламі.
Тым часам ЗША абвясьцілі аб увядзеньні новых санкцыяў на гандаль іранскай нафтай.
Новае пагадненьне, калі яно будзе пацьверджанае, можа стаць найбуйнейшым крокам да міру з таго часу, як амэрыканска-ізраільскія авіяўдары па Іране 28 лютага прывялі да шырокамаштабнага канфлікту на Блізкім Усходзе.
Агенцтва Reuters паведаміла, што Трамп пакуль не ўхваліў пагадненьня, а Белы дом адмовіўся ад камэнтароў.
Аднак віцэ-прэзыдэнт Дж. Д. Вэнс заявіў журналістам, што Вашынгтон «пакуль не дасягнуў мэты» ў перамовах з Тэгеранам, але бакі блізкія да пагадненьня.
«Цяжка сказаць дакладна, калі падпіша прэзыдэнт мэмарандум аб узаемаразуменьні і ці падпіша. Мы абмяркоўваем некалькі моўных момантаў», — сказаў Вэнс.
«Не магу гарантаваць, што мы дасягнем мэты, але зараз пачуваюся даволі добра», — дадаў ён.
Тэгеран не камэнтаваў паведамленьня, якое ўпершыню апублікавала Axios. Іранскае інфармацыйнае агенцтва «Тасьнім» з спасылкай на крыніцу паведаміла, што тэкст пагадненьня яшчэ ня быў канчаткова ўзгоднены або пацьверджаны.
AFP, DPA, CNN, The New York Times, Fox News і CBS News з спасылкай на свае крыніцы паведамілі, што была дасягнутая папярэдняя дамоўленасьць аб працягу рэжыму спыненьня агню.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У ЗША пацьвердзілі новыя ўдары па Іране і заявілі аб перахопе дронаў паблізу Армускай пратокіВайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану
28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.
Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.
Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.
Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ўзаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.
Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.
Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.
У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.
2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.
У наступныя дні іранскія войскі працягвалі наносіць удары па Саудаўскай Арабіі, Бахрэйне, ААЭ, Кувэйце за іх супрацу з амэрыканцамі па разьмешчаных там амэрыканскіх актывах, а таксама па гатэлях і іншых аб’ектах. ЗША і Ізраіль працягнулі ўдары па вайсковых аб’ектах Ірану.
8 сакавіка іранская Асамблея экспэртаў абрала Муджтабу Хамэнэі новым кіраўніком краіны. Гэта 56-гадовы сын забітага паветранай атакай Алі Хамэнэі. Жонка Муджтабы Хамэнэі, Захра Хадад Адэль, таксама загінула падчас таго ж амэрыканска-ізраільскага ўдару, у якім быў забіты яе цесьць — найвышэйшы кіраўнік (рахбар) Ірану.