Пашыньян перад самітам ЭАЭС адказаў Лукашэнку, каму патрэбная Армэнія

Прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян у часе цяперашняй выбарчай кампаніі

Прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян ня будзе ўдзельнічаць у саміце Эўразійскай эканамічнай супольнасьці (ЭАЭС), які мае адбыцца 28 траўня ў Казахстане. Армэнія сёньня адзначае Дзень Рэспублікі.

Напярэдадні, як паведаміла армянскае выданьне news.am, Нікол Пашыньян згадаў Аляксандра Лукашэнку на сваім перадвыбарчым мітынгу. У прыватнасьці, Пашыньян адрэагаваў на ранейшую заяву Лукашэнкі аб яго ўдзеле ў рыхтаваньні да вайны за Нагорны Карабах, аб тым, што Армэнія «нікому не патрэбная», а таксама на газавы шантаж Расеі.

«Мы ня будзем спадзявацца на адну дарогу, на аднаго хаўрусьніка, на адзін трубаправод. У нас ёсьць чыгунка з Захаду на Ўсход, раней адкрылася чыгунка Ахалкалакі — Карс, а да таго адкрылася чыгунка праз тэрыторыю Азэрбайджану. Неўзабаве адкрыецца TRIPP (транзытны калідор праз Паўднёвы Каўказ, падтрыманы Злучанымі Штатамі. — РС), праз нашу тэрыторыю пройдзе газаправод. Мы за кошт гэтага транзыту будзем мець уласны газ. Мы будзем разьвіваць альтэрнатыўную энэргетыку», — сказаў Нікол Пашыньян.

Паводле яго, пакуль Армэнія будзе сябрам ЭАЭС і адначасова працягваць рэформы паводле эўрапейскіх стандартаў, яна будзе ісьці гэтым шляхам. «Як толькі надыдзе час рабіць выбар, народ Армэніі зробіць гэты выбар. Мая вялікая заслуга ў тым, што народ мае альтэрнатыву, каб ніхто ня змог гаварыць: «Каму патрэбная Армэнія, куды яна дзенецца».

«Сёньня Армэнія робіцца скрыжаваньнем сьвету. Армэнія жыцьцёва патрэбная і Ўсходу, і Захаду, і Поўначы, і Поўдню. Усе гэтыя краіны павінны зрабіць найлепшую прапанову народу Армэніі, які і зробіць свой выбар. Мы больш не канфліктны глухі кут, мы скрыжаваньне сьвету, народ Армэніі мае выбар», — заявіў Пашыньян.

Ён нагадаў словы Лукашэнкі аб ягоным удзеле ў рыхтаваньні да вайны супраць Армэніі. «Цяпер той жа чалавек кажа, што Армэнія ідзе ў Эўразьвяз, і актываваў тут свайго агента, каб скаваць Армэнію, як гэта было да 2018 году. Я скажу наўпрост. Армэнія ня толькі не зьбіраецца выходзіць з ЭАЭС, але я адзіны службовец, які знаходзіцца ў двух кіроўных органах супольнасьці адначасова. Гэтыя вагары я зьбіраюся выкарыстаць і буду выкарыстоўваць, каб Лукашэнка ня змог выкарыстаць ЭАЭС супраць Армэніі. Усе заявы, што гучаць, — пустыя. Тыя, хто выступае з такімі заявамі, не разумеюць, што яны капаюць магілу ЭАЭС», — заявіў Нікол Пашыньян.

Ён паведаміў, што ў саміце ЭАЭС у Казахстане будзе ўдзельнічаць віцэ-прэм’ер Армэніі, які на час выбарчай кампаніі Пашыньяна выконвае абавязкі кіраўніка ўраду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Пуцін наўпрост пагражае». Як у Армэніі адрэагавалі на заявы Крамля пра эўраінтэграцыйныя памкненьні краіны

Што папярэднічала

Сёлета ў пачатку траўня пасьля правядзеньня Эўрапейскага форуму ў армянскай сталіцы Менск і Ерэван абмяняліся рэзкімі заявамі. Спачатку 4 траўня прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Руслан Варанкоў рэзка скрытыкаваў заяву сьпікера Нацыянальнага сходу Армэніі Алена Сіманьяна аб тым, што ўлады ў Ерэване не дазволяць «ператварыць Армэнію ў губэрню», што «мы ня будзем кіравацца так, як кіруецца Беларусь».

А 5 траўня ў Міністэрства замежных справаў Беларусі выклікалі часовага паверанага ў справах Армэніі Артура Саргсьяна. Яму заявілі «рашучы пратэст» і ўручылі ноту «ў сувязі зь нядаўнімі недружалюбнымі дзеяньнямі армянскага боку». Пра якія недружалюбныя дзеяньні ішлося, не ўдакладнілі. Аднак усе назіральнікі прыйшлі да высновы, што Менску моцна не спадабаўся ўдзел беларускай дэмакратычнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай у саміце Эўрапейскай палітычнай супольнасьці ў Ерэване і яе сустрэча з армянскім прэм’ер-міністрам Ніколам Пашыньянам.

13 чэрвеня 2024 году армянскі прэм’ер-міністар Нікол Пашыньян заявіў, што ні ён, ні які-небудзь іншы афіцыйны прадстаўнік краіны не паедзе ў Беларусь, пакуль ва ўладзе ў Менску знаходзіцца Лукашэнка. Пашыньян сказаў гэта пасьля заяваў Лукашэнкі пра карабаскі канфлікт на сустрэчы з прэзыдэнтам Азэрбайджану Ільхамам Аліевым у сярэдзіне траўня.

Тады ж, у чэрвені 2024 году, Армэнія адклікала зь Беларусі свайго амбасадара Разьміка Хумар’яна для кансультацыяў. У адказ Менск адклікаў з Армэніі свайго амбасадара Аляксандра Канюка (з інфармацыі МЗС вынікае, што Канюк вярнуўся ў Ерэван у канцы лета).

На саміце АДКБ 28 кастрычніка 2022 году Лукашэнка накрычаў на Пашыньяна за тое, што той апэляваў да Эўразьвязу і АБСЭ ў канфлікце з Азэрбайджанам. «Навошта туды ўцягнулі Эўразьвяз, навошта туды цягнуць АБСЭ?» — казаў Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Чаму Менск так ашчэрыўся на Ерэван? Тлумачыць Валер Карбалевіч

Пра якога агента Лукашэнкі гаварыў Пашыньян

Нікол Пашыньян, імаверна, меў на ўвазе колішняга прэзыдэнта Армэніі Рабэрта Качар’яна. Прэм’ер-міністар Армэніі таксама згадваў яго на выбарчым мітынгу як «калускага алігарха», які павінен 10 гадоў адседзець у турме, як і «той зь Беларусі», паведаміла Армянская служба Радыё Свабода.

Апошняя публічная сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Рабэртам Качар’янам адбылася ў 2010 годзе, калі ён прыехаў у Ерэван на нефармальны саміт Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ). Тады пасьля саміту, у межах якога Лукашэнка ня меў сустрэчаў з кіраўніцтвам Армэніі, ён два дні разам з сынамі Віктарам і Мікалаем правёў у кампаніі з колішнім прэзыдэнтам Рабэртам Качар’янам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнку ў Ерэване за свайго прыняў толькі былы прэзыдэнт Армэніі

У 2019 годзе Рабэрта Качар’яна, які кіраваў краінай з 1998 па 2008 год, абвінавачвалі ў спробе зрынаньня канстытуцыйнага ладу. Крымінальную справу распачалі з прычыны сілавога разгону акцыі пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у 2008 годзе, на якіх перамогу атрымаў Сэрж Саргсьян. Мітынгоўцы, прыхільнікі Левона Тэр-Пэтрасьяна, які пацярпеў паразу на выбарах, 1 сакавіка 2008 году патрабавалі перагляду вынікаў галасаваньня. У сутычках з паліцыяй загінулі 10 чалавек, сотні чалавек параненыя. Было абвешчана надзвычайнае становішча, пратэсты ў краіне спыніліся. Абставіны таго, як гэта здарылася, і хто аддаў загад ужыць сілу супраць пратэстоўцаў, дагэтуль ня высьветленыя. Прэзыдэнтам Армэніі на той момант быў Робэрт Качар’ян.

Адным з арганізатараў мітынгаў 2008 году быў цяперашні прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян. У 2010 годзе яго, абвінаваціўшы ў арганізацыі беспарадкаў, асудзілі на сем гадоў калёніі. У траўні 2011 году Пашыньян выйшаў на волю па амністыі.

Калі Пашыньян стаў прэм’ерам-міністрам, Качар’яна арыштавалі, але пасьля апэляцыйны суд скасаваў рашэньне на падставе недатыкальнасьці, якую дае прэзыдэнту Канстытуцыя. Пазьней яму выставілі яшчэ адно абвінавачаньне — у атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры. Судовыя працэсы ў гэтых дзьвюх справах працягваюцца, але яны ня сталі перашкодай для ўдзелу партыі Качар’яна ў сёлетніх выбарах 7 чэрвеня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Азэрбайджан абвясьціў вышук экс-прэзыдэнтаў Армэніі Качар’яна і Саргсьяна