Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Менск так ашчэрыўся на Ерэван? Тлумачыць Валер Карбалевіч

Сьвятлана Ціханоўская і прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян падчас саміту Эўрапейскай палітычнай супольнасьці ў Ерэване. 4 траўня 2026 году
Сьвятлана Ціханоўская і прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян падчас саміту Эўрапейскай палітычнай супольнасьці ў Ерэване. 4 траўня 2026 году

Сьцісла

  • Рэальных падставаў для дыпляматычных дэмаршаў Беларусі на адрас Армэніі не было.
  • Ня першы раз Менск выступае ў якасьці дыпляматычнага голасу Расеі.
  • Кіраўніцтва Беларусі раздражняе цяперашняя армянская ўлада, якая першапачаткова зьявілася ў выніку «каляровай рэвалюцыі».

Эўрапейскі форум у армянскай сталіцы быў адметны тым, што Ерэван займеў свабоду выбару, магчымасьць палітычнай гульні між Расеяй і Эўропай. Чаго ня можа дазволіць сабе Менск, які цалкам залежыць ад Масквы.

Дзіўная кампанія Менску

Два дні запар афіцыйны Менск выступаў з публічнай крытыкай Армэніі.

Спачатку 4 траўня прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Руслан Варанкоў рэзка скрытыкаваў заяву сьпікера Нацыянальнага сходу Армэніі Алена Сіманьяна аб тым, што ўлады ў Ерэване не дазволяць «ператварыць Армэнію ў губэрню», што «мы ня будзем кіравацца так, як кіруецца Беларусь».

А 5 траўня ў Міністэрства замежных справаў Беларусі выклікалі часовага паверанага ў справах Армэніі Артура Саргсьяна. Яму заявілі «рашучы пратэст» і ўручылі ноту «ў сувязі зь нядаўнімі недружалюбнымі дзеяньнямі армянскага боку».

Вонкава гэтая кампанія выглядае дзіўна. Ня толькі таму, што фармальна Армэнія — саюзьнік Беларусі ў Эўразійскім эканамічным саюзе і АДКБ (зь якога афіцыйна гэтая краіна пакуль ня выйшла, а толькі прыпыніла ўдзел).

Больш пытаньняў выклікае тое, што падстава для такіх жэстаў беларускага боку выглядае ня надта пераканаўчай. Бо апошнім часам кіраўнікі суседніх зь Беларусьсю краін ня раз выказвалі крытычныя заўвагі наконт замежнай палітыкі менскага рэжыму. Напрыклад, прэзыдэнты Літвы, Украіны выступалі з заявамі наконт непаўнавартаснасьці беларускага сувэрэнітэту, моцнай залежнасьці краіны ад Расеі. Аднак нейкіх публічных пратэстаў зь Менску не было. А вось на сьпікера парлямэнту Армэніі пакрыўдзіліся.

Падставы для дыпляматычных дэмаршаў Менску

Яшчэ большым фарсам выглядае «рашучы пратэст» МЗС Беларусі «ў сувязі зь нядаўнімі недружалюбнымі дзеяньнямі армянскага боку». Пра якія недружалюбныя дзеяньні ідзецца, не гаворыцца. Усе назіральнікі прыйшлі да высновы, што Менску моцна не спадабаўся ўдзел беларускай дэмакратычнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай у саміце Эўрапейскай палітычнай супольнасьці ў Ерэване, яе сустрэча з армянскім прэм’ер-міністрам Ніколам Пашыньянам. Відавочна, МЗС адмыслова ня згадвае прозьвішча Ціханоўскай, каб не надаваць ёй дадатковую палітычную вагу.

Прысутнасьць Ціханоўскай на самітах Эўрапейскай палітычнай супольнасьці стала часткай рытуалу гэтага форуму

Варта адзначыць, што прысутнасьць Ціханоўскай на самітах Эўрапейскай палітычнай супольнасьці стала часткай рытуалу гэтага форуму. І Армэнія як гаспадар падзеі проста выконвае правілы, прынятыя ў арганізацыі. Што тычыцца сустрэчы Пашыньяна зь Ціханоўскай, то гэта цяжка назваць перамовамі, яна адбылася ў кулюарах форуму. Прэм’ер Армэніі як ветлівы гаспадар вітаўся з усімі гасьцямі.

Ціханоўская больш за пяць гадоў езьдзіць па ўсёй Эўропе, сустракаецца зь лідэрамі эўрапейскіх дзяржаваў, якія маюць дыпляматычныя стасункі зь Беларусьсю. І афіцыйны Менск ня ладзіць пратэстаў на адрас гэтых краін з такой нагоды.

Гэта ўсё да таго, што зразумелых усім падставаў для падобных дыпляматычных дэмаршаў Беларусі на адрас Армэніі не было. Чаму ж тады Менск так нэрвова рэагуе на пазыцыю Ерэвану? Тут можа быць некалькі прычын.

Менск гаворыць голасам Масквы

Ня першы раз Менск бярэ на сябе няўдзячную ролю — выступаць у якасьці дыпляматычнага голасу Расеі. Шмат разоў беларускія афіцыйныя асобы заяўляюць тое, што з пэўных прычынаў няёмка казаць Маскве.

Форум Эўрапейскай палітычнай супольнасьці, саміт Армэнія — ЭЗ у Ерэване сабраў звыш 40 эўрапейскіх лідэраў, што стала важнай прыкметай дыстанцыяваньня гэтай краіны ад Расеі і збліжэньня з Эўропай. Масква вельмі незадаволеная такой сытуацыяй, але прадстаўнікі выканаўчай улады лічаць за лепшае прамаўчаць. Толькі чальцы Фэдэральнага сходу (парлямэнту) РФ выказваюць сваё нэгатыўнае стаўленьне з гэтай нагоды. І тут Менск на падхопе. Два дэмаршы за два дні — гэта такі прагін перад Масквой.

Але ёсьць і іншыя прычыны такой актыўнасьці МЗС Беларусі. У адносінах з Армэніяй беларускае кіраўніцтва адчувае і выяўляе своеасаблівы палітычна-псыхалягічны комплекс. Ён зьвязаны з прыродаю цяперашняй армянскай улады, якая першапачаткова зьявілася ў выніку «каляровай рэвалюцыі», масавых пратэстаў. З улікам падзеяў у Беларусі ў 2020 годзе гэта выклікае моцную алергію Менску. Адсюль можа быць такая яго хваравітая рэакцыя на пэўныя дзеяньні Ерэвану.

Зайздрасьць і комплекс

Цяперашні эўрапейскі форум у армянскай сталіцы адметны тым, што ў Армэніі зьявілася свабода выбару, прастора для манэўру, магчымасьць палітычнай гульні між Расеяй і Эўропай. Чаго ня можа дазволіць сабе кіраўніцтва Беларусі, цалкам завязанае на Маскву. Гэта выклікае нездаровую зайздрасьць, выліваецца ў дадатковае раздражненьне. Маўляў, нейкая невялікая памерам і аб’ёмам эканомікі краіна, да таго ж у атачэньні ня надта дружалюбных дзяржаваў (Азэрбайджан, Турэччына), можа рабіць тое, чаго ня можа дазволіць сабе Беларусь.

Наступны момант. Пунктам адліку новага замежнапалітычнага курсу Армэніі стала ваенная параза ў вайне з Азэрбайджанам, страта Нагорнага Карабаху. Ерэван моцна пакрыўдзіўся на АДКБ, найперш на Расею, якая не прыйшла на дапамогу хаўрусьніку. Беларусь мае з Азэрбайджанам бліжэйшыя адносіны, чым з Армэніяй, хоць апошняя ёсьць чальцом вайскова-палітычнага саюзу АДКБ. І Лукашэнка, магчыма, адчувае, што не зусім мае рацыю, падтрымліваючы Баку, а не хаўрусьніка па АДКБ. І адначасова ён жа ўвесь час выступае за неабходнасьць мацаваць гэты вайскова-палітычны саюз, заклікае супрацьпаставіць яго NATO.

Гэтая супярэчнасьць у пазыцыі Менску, якую немагчыма схаваць, спараджае якісьці комплекс. Улады Беларусі імкнуцца яго кампэнсаваць вось такой хваравітай рытарычнай ваяўнічасьцю.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Палітычны аглядальнік Радыё Свабода

    Кандыдат гістарычных навук, аўтар кнігі «Александр Лукашенко. Политический портрет» (2010), адзін з самых цытаваных палітычных камэнтатараў Беларусі.

    На Свабодзе — ад 1999 году.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG