«Заявы Вальфовіча прагучалі на фоне нядаўніх папярэджаньняў украінскіх службоўцаў аб тым, што Расея цісьне на Беларусь, каб тая праводзіла апэрацыі супраць Украіны або неназванай дзяржавы NATO», — адзначаецца ў справаздачы ISW за 26 траўня.
Аналітыкі назвалі малаімавернай магчымасьць таго, што Беларусь пачне наземнае ўварваньне ва Ўкраіну, бо не зафіксавалі на мяжы Беларусі і Ўкраіны канцэнтрацыі беларускіх сілаў, якой было б дастаткова для наземнага ўварваньня. «Расеі таксама не хапае рэзэрваў, якія спатрэбіліся б для падтрымкі беларускіх войскаў у выпадку наземнага ўварваньня ва Ўкраіну», — мяркуюць яны.
«Замест гэтага Расея можа выкарыстаць заяўленыя выпадкі знаходжаньня ўкраінскіх бесьпілётнікаў у паветранай прасторы Беларусі, каб апраўдаць выкарыстаньне тэрыторыі Беларусі для нанясеньня „ўдараў у адказ“ па Ўкраіне. Беларуская тэрыторыя дазволіла б Расеі наносіць бесьперапынныя ўдары бесьпілётнікамі па ўкраінскіх наземных лініях сувязі на захадзе і паўночным захадзе Ўкраіны, якія цяпер расейскія бесьпілётнікі ня могуць лёгка паразіць з дакладнасьцю і вялікай нагрузкай», — адзначаецца ў справаздачы.
Паводле аналітыкаў, расейскія вайскоўцы могуць выкарыстаць тэрыторыю Беларусі для нанясеньня ўдараў па аўтамагістралі М-06, што праходзіць праз заходнія ўкраінскія вобласьці, па ключавых маршрутах вайсковых паставак з Польшчы і чыгунцы, якая злучае Польшчу і Ўкраіну.
«Расейскія войскі ўжо нацэльваюцца на заходнія ўкраінскія вобласьці з расейскай тэрыторыі, але запуск дронаў зь Беларусі дазволіць расейскім войскам выкарыстоўваць дыстанцыйна кіраваныя бесьпілётнікі „Шахед“ і „Молния“, што павысіць іх дакладнасьць і здольнасьць паражаць рухомыя цэлі ўздоўж украінскіх лініяў сувязі», — патлумачылі экспэрты.
У ISW нагадалі пра ўдар 22 сьнежня 2025 году па Ўкраіне пры дапамозе апэратара зь Беларусі па ўкраінскім грузавым цягніку каля Корасьценю Жытомірскай вобласьці, прыблізна за 50 кілямэтраў на поўдзень ад мяжы зь Беларусьсю.
«Заявы Вальфовіча і нядаўнія папярэджаньні Ўкраіны наконт Беларусі сьведчаць, што Расея стварае інфармацыйныя ўмовы для далейшага выкарыстаньня Беларусі ў сваіх ваенных мэтах, у тым ліку для нанясеньня ўдараў па стратэгічна важных аб’ектах у тыле заходняй Украіны», — падкрэсьлілі аналітыкі Інстытуту вывучэньня вайны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Вальфовіч абвінаваціў Украіну ў залётах дронаў, у Кіеве адказаліШто папярэднічала і чаму гэта важна
Дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч 26 траўня ў Маскве на паседжаньні Камітэту сакратароў саветаў бясьпекі АДКБ зьвінаваціў Украіну ў пастаянных запусках бесьпілётнікаў праз тэрыторыю Беларусі.
«Кожны дзень нашыя сыстэмы супрацьпаветранай абароны фіксуюць рэгулярныя перасячэньні мяжы Беларусі і Ўкраіны баявымі бесьпілётнікамі і іх пасадкі на нашай тэрыторыі. У некаторых выпадках гэта не выпадковыя атакі, а спробы паражэньня элемэнтаў памежнай інфраструктуры, замаскаваныя пад нібыта выпадковыя палёты. Толькі за апошні тыдзень іх было 116. 59 разоў супраць іх былі выкарыстаны дзяжурныя сілы», — сказаў Вальфовіч.
У той жа час Вальфовіч нічога не згадаў аб тым, як праз тэрыторыю Беларусі Расея запускае свае дроны для ўдараў па Ўкраіне.
Ва Ўкраіне назвалі заяву Вальфовіча абсурднай і адзначылі, што менавіта такіх публічных паводзінаў ад прадстаўнікоў улады Беларусі патрабуе Расея.
- Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
- Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
- У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны. Дакладная іх колькасьць невядомая.
- За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі й этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёнаў шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за сотню тых, хто ваяваў на баку Расеі.