Дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Беларусі Аляксандар Вольфавіч 26 траўня ў Маскве на пасяджэньні Камітэту сакратароў саветаў бясьпекі АДКБ зьвінаваціў Украіну ў пастаянных пусках бесьпілётнікаў праз тэрыторыю Беларусі.
«Кожны дзень нашыя сыстэмы супрацьпаветранай абароны фіксуюць рэгулярныя перасячэньні мяжы Беларусі і Ўкраіны баявымі бесьпілётнікамі і іх пасадкі на нашай тэрыторыі. У некаторых выпадках гэта не выпадковыя атакі, а спробы паражэньня элемэнтаў памежнай інфраструктуры, замаскаваныя пад нібыта выпадковыя палёты. Толькі за апошні тыдзень іх было 116. 59 разоў супраць іх былі выкарыстаны дзяжурныя сілы», — цытуе Вальфовіча БелТА.
Прэс-сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка пракамэнтаваў сытуацыю сайту «Українська правда».
«Шмат нейкіх абсурдных словаў пра становішча ва Ўкраіне і пра тое, што кожны дзень яны выкарыстоўваюць СПА для фіксацыі рэгулярных перасячэньняў мяжы з нашай краіны баявымі БПЛА. Толькі за апошні тыдзень яны „налічылі“ 116. Маё пытаньне — наколькі ім давялося стрымлівацца, каб маўчаць пра такія „правакацыі“ з боку ўкраінцаў. І акрамя таго, іхнае СПА, напэўна, можа фіксаваць толькі ўкраінскія сродкі, бо чамусьці яны не фіксуюць тое, што ляціць ва Ўкраіну зь Беларусі».
Яшчэ больш жорстка выказаўся кіраўнік Цэнтру супрацьдзеі дэзынфармацыі Савету нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Андрэй Каваленка. Паводле яго, такім чынам Менск спрабуе правакаваць Кіеў. Але тут ёсьць расейскі сьлед.
«Менавіта гэтага ад Беларусі патрабуе Расея. Варта нагадаць, што менавіта Беларусь дала сваю тэрыторыю для расейскага ўварваньня ў 2022 годзе. Упэўнены, што ў Лукашэнкі цудоўна разумеюць наступствы сваіх дзеяньняў у інтарэсах Расеі ў 2026 годзе. Гэта можа быць ужо зусім іншая гісторыя», — адзначыў Каваленка.
Што адбываецца?
Апошнімі днямі пастаянна фіксуюцца палёты бесьпілётнікаў на тэрыторыі Беларусі. 25 траўня адзін зь бесьпілётнікаў упаў у Сеньненскім раёне каля вёскі Янава. Дрон пашкодзіў лінію электраперадач.
Як паведамлялі ўкраінскія маніторынгавыя рэсурсы, у ноч на 26 траўня бесьпілётнікі фіксаваліся ў кірунку Століна, Гомельшчыны, уздоўж мяжы з Украінай каля Ровеншчыны і Жытоміршчыны, а непадалёк Васілевічаў Рэчыцкага раёну нават працаваў самалёт тактычнай авіяцыі Су-30.
Улады Ровенскай вобласьці паведамілі, што ў ноч на 26 траўня трывога гучала ў Сарненскім раёне, які мяжуе зь Беларусьсю. Рэгіёну пагражалі сама меней два бесьпілётнікі, што ляцелі з тэрыторыі Беларусі.
Форум