Сьвятлана Ціханоўская 26 траўня ў Кіеве сустрэлася з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.
У складзе беларускай дэлегацыі ў сустрэчы ўдзельнічалі намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту Павал Латушка і дарадцы Ціханоўскай Франак Вячорка і Дзяніс Кучынскі.
Зяленскі: цэнім кожную праяву падтрымкі ад беларусаў
«Сёньня ў Кіеве саміт, які аб’яднаў 24 краіны, найперш краіны Эўропы. Усе нашы эўрапейскія суседзі прадстаўленыя. Польшча, Славаччына, Вугоршчына, Малдова, Румынія і Беларусь», — паведаміў Уладзімір Зяленскі ў сваім Telegram-канале пасьля сустрэчы з Сьвятланай Ціханоўскай у Кіеве.
«Мы ўсе падтрымліваем імкненьне народу Беларусі пазбавіцца расейскага ўмяшаньня і ведаем, што Расея спрабуе цяпер яшчэ больш уцягнуць Беларусь у гэтую вайну супраць Украіны. І мы цэнім кожную праяву падтрымкі ад беларусаў для вольнай Украіны і ведаем, што будзе дзень, калі паміж нашымі дзяржавамі зноў будуць добрасуседзкія дачыненьня на глебе рэальнай незалежнасьці і Ўкраіны, і Беларусі ад Масквы», — адзначыў кіраўнік Украіны.
Паводле яго, менавіта гэтыя тэмы ён абмеркаваў на сустрэчы 26 траўня з Сьвятланай Ціханоўскай і яе камандай.
«Украіна ніколі не была пагрозай для Беларусі. І мы ўдзячныя тым беларусам, якія з Украінай цяпер, калі вырашаецца лёс і нашай незалежнасьці, і незалежнасьці кожнага народу, які мяжуе з Расеяй», — заявіў Уладзімір Зяленскі.
Ціханоўская: беларусы таксама нясуць адказнасьць за тое, што адбываецца ва Ўкраіне
Ціханоўская выступіла з прамовай адразу пасьля Зяленскага. Яе прадставілі як кіраўніцу Аб’яднанага пераходнага кабінэту.
«Для мяне вялікі гонар быць тут, у Кіеве, разам з вамі. Сёньня Ўкраіна натхняе ўвесь сьвет», — пачала сваю прамову Ціханоўская, якую з месца падзеі цытуе «Наша ніва».
Ціханоўская адзначыла, што Ўкраіна змагаецца ня толькі за сябе, але «за ўсе нацыі, якія занадта доўга жылі ў ценю імпэрыі», і плаціць за тое велізарную цану.
«Мы, беларусы, таксама нясём адказнасьць за тое, што адбываецца ва Ўкраіне. Але я прашу вас падзяляць злачынны рэжым Лукашэнкі, які служыць Расеі, і беларускі народ, які стаіць разам з Украінай. Многія беларусы ўжо дапамагаюць Украіне — як добраахвотнікі на полі бою, як партызаны, якія чыняць сабатаж супраць расейскіх войскаў, і ахвяруючы грошы на ўкраінскую армію. І беларусы таксама будуць гатовыя дапамагчы ў аднаўленьні Украіны.
Але самае важнае, што Беларусь можа і павінна даць Украіне ў будучыні — гэта бясьпека. Гарантыя таго, што больш за тысячу кілямэтраў сумеснай мяжы будуць у бясьпецы. Што Беларусь больш ніколі ня стане пляцдармам для агрэсіі. Што расейскія танкі больш ніколі не рушаць празь Беларусь у бок Чарнігава, Жытоміра, Роўна ці Кіева».
Сьвятлана Ціханоўская трымае ў руках тэчку з фотаздымкам беларускага палітычнага зьняволенага Алега Малчанава. Кіеў, 25 траўня
Ціханоўская адзначыла: яна верыць, што і Ўкраіна дапаможа беларусам спачатку дэмантаваць дыктатуру, а потым — адбудаваць краіну пасьля 30 гадоў дыктатуры.
Яна таксама выказала захапленьне мужнасьцю Зяленскага.
«Калі пачалася вайна, вы засталіся са сваім народам замест таго, каб здацца. Вы паказалі розьніцу паміж лідэрам, які стаіць са сваёй нацыяй, і дыктатарам, які здраджвае сваёй краіне на карысьць замежнай імпэрыі, каб уратаваць сябе».
Пазней адбылася сустрэча Ціханоўскай і Зяленскага за зачыненымі дзьвярыма.
Што сказала Ціханоўская па выніках сустрэчы зь Зяленскім
Сустрэча з Уладзімірам Зяленскім цягнулася гадзіну. На ёй абмеркавалі міжведамасную групу па Беларусі, ціск на афіцыйны Менск з дапамогай санкцый, пытаньні добраахвотнікаў і складанасьці зь легалізацыяй, з якімі яны сутыкаюцца ва Ўкраіне, паведамляе з Кіева «Люстэрка».
«На некаторыя пытаньні адказы атрыманыя імгненна, над некаторымі трэба больш папрацаваць. Таму вельмі добрая сустрэча, — сказала Ціханоўская. — Ёсьць палітычная воля, каб працягваць супрацу зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Я спадзяюся, што гэтая міжведамасная група, якая будзе зьбірацца, дапаможа вырашыць пытаньні беларусаў хутчэй. Гэта дасьць магчымасьць інстытуцыяналізаваць нашую супрацу», — цытуе Ціханоўскую «Люстэрка».
«Лукашэнка для Украіны — суагрэсар. Яны разумеюць яго ролю ў гэтай вайне. Лукашэнку ніхто не прабачыць: ні ўкраінцы, ні палітычнае кіраўніцтва краіны. Тая рыторыка, якую мы зараз бачым з украінскага боку, што можа пачацца ў любы момант эскаляцыя, не дадае магчымасьці да нейкага камунікаваньня зь ім. Кожная краіна захоўвае кантакты з рэжымам Лукашэнкі на нейкім дыпляматычным узроўні. Спэцслужбы, я ўпэўненая, усе камунікуюць. Але мы павінны адрозьніваць палітычную супрацу і камунікацыю на розных узроўнях».
На сустрэчы абмеркавалі і пытаньні беларускай дыяспары ва Ўкраіне. Як распавяла Ціханоўская, яна перадала некалькі асабістых выпадкаў беларусаў, якія сутыкаюцца з складанасьцямі.
«Каб яны глыбей паглядзелі ў гэтую праблему, бо беларусы праходзяць праз тую ж вайну, што і ўкраінцы, але нават без магчымасьці адчуваць сябе вольна, калі няма дакумэнтаў ці ты на грані выезду без пасьведчаньня. Вельмі пазытыўна адрэагаваў спадар прэзыдэнт і перадаў задачу ўраду».
Ціханоўская: перамога Ўкраіны адкрые шлях да вольнай Беларусі
Сьвятлана Ціханоўская таксама выступіла на адкрыцьці Міжнароднага саміту гарадоў і рэгіёнаў у Кіеве. У адкрыцьці саміту ўдзельнічалі прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, сьпікер Вярхоўнай Рады Руслан Стэфанчук, прэм’ер-міністарка Ўкраіны Юлія Сьвірыдэнка, прадстаўнікі ўраду, рэгіёнаў, гарадоў, міжнародных арганізацыяў і партнэрскіх краін.
Ціханоўская сказала сярод іншага, што перамога Ўкраіны мае вырашальнае значэньне і для будучыні Беларусі, паведаміла яе прэсавая служба.
Яна адзначыла, што галоўны ўнёсак свабоднай Беларусі ў бясьпеку Ўкраіны ў будучыні — гэта гарантыя, што больш за тысячу кіляметраў супольнай мяжы будуць бясьпечнымі.
«Для мяне не стаіць пытаньне, ці пераможа Ўкраіна. Адзінае пытаньне — калі. І гэта залежыць ад таго, колькі мы робім, каб наблізіць гэты момант. Украіна змагаецца за сябе і за ўсе народы, якія занадта доўга жылі ў цені імпэрыі. Яна змагаецца за права жыць у міры. І лёс маёй краіны, Беларусі, таксама залежыць ад посьпеху Ўкраіны. Я веру, што перамога Ўкраіны адкрые шлях да свабоднай Беларусі».
Ціханоўкая сказала, што ўбачыла велізарную цану, якую Ўкраіна заплаціла і працягвае плаціць кожны дзень за сваю будучыню. Яна прыбыла ў Кіеў пасьля самай масавай і разбуральнай расейскай паветранай атакі. Ціханоўская заявіла, што галоўнае, што Беларусь можа і павінна даць Украіне ў будучыні, — гэта бясьпека:
«Гарантыя таго, што больш за тысячу кілямэтраў супольнай мяжы будуць бясьпечнымі. Што Беларусь ніколі больш не стане пляцдармам для агрэсіі. Што расейскія танкі ніколі больш ня пройдуць праз Беларусь на Чарнігаў, Жытомір, Роўна ці Кіеў. Я перакананая: калі Беларусь стане свабоднай, нашы гарады і рэгіёны з абодвух бакоў мяжы адновяць партнэрства і супрацоўніцтва. І гэта ўжо не пытаньне, ці адбудзецца гэта. Пытаньне толькі — калі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Імя якой ня будзем называць». Што пра візыт Ціханоўскай у Кіеў напісалі прапагандысцкія СМІ Беларусі і РасеіШто папярэднічала
Пра падрыхтоўку візыту Ціханоўскай ва Ўкраіну загаварылі пасьля яе сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім 25 студзеня ў Вільні. Тады прэзыдэнт Украіны запрасіў яе ў Кіеў. Была інфармацыя, што паездка можа адбыцца на Дзень волі, 25 сакавіка, аднак тады візыт перанесьлі.
Падрыхтоўка да візыту Ціханоўскай у Кіеў вядзецца з пачатку вясны. Вядома, што яна плянуе адкрыць у Кіеве Місію дэмакратычных сілаў Беларусі.
Раней у інтэрвію Свабодзе Сьвятлана Ціханоўская назвала свой візыт ва Ўкраіну «гістарычным» і падзякавала Ўкраіне за трансфармацыю яе стаўленьня да дэмакратычных сілаў Беларусі. Яна анансавала сустрэчы з кіраўніцтвам Украіны, сустрэчу з прадстаўнікамі беларускай дыяспары і наведваньне пахаваньняў беларускіх добраахвотнікаў, якія загінулі за Ўкраіну.