Перамовы паміж Сьвятланай Ціханоўскай і міністрам замежных спраў Украіны Андрэем Сыбігам праходзілі па-беларуску і па-ўкраінску, без перакладчыкаў.
«Гэта яшчэ раз сьведчыць, наколькі вялікі патэнцыял у нас, яшчэ не задзейнічаны, і для далейшага разьвіцьця», — сказаў Андрэй Сыбіга па выніках перамоваў на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве.
Паводле Сыбігі, 25 траўня бакі правялі прадметную і адкрытую сустрэчу, абгаварыўшы ў тым ліку бясьпекавую сытуацыю ў рэгіёне, будучыню Беларусі і ўзаемадзеяньне паміж Украінай і дэмакратычнымі сіламі беларускага грамадзтва, а таксама адказнасьць Аляксандра Лукашэнкі за садзейнічаньне расейскай вайне.
Украіна адрозьнівае рэжым Лукашэнкі і беларускі народ
Украіна пасьлядоўна адрозьнівае рэжым, які ўцягнуў Беларусь у расейскую агрэсію, і беларускі народ, заявіў Андрэй Сыбіга, паўтарыўшы тэзіс, які шмат разоў агучвала Сьвятлана Ціханоўская.
«Мы перакананыя, што беларусы заслугоўваюць свабоды, незалежнасьці і права самастойна вызначаць будучыню сваёй краіны. Дасюль каля тысячы беларусаў знаходзяцца ўтурмах за сваю грамадзянскую пазыцыю, шмат хто быў вымушаны пакінуць краіну праз рэпрэсіі. Мы бачым ваш супраціў і вашу пазыцыю. Мы шануем унёсак беларускіх добраахвотнікаў, журналістаў, праваабаронцаў і актывістаў у агульную барацьбу за свабоду. Нашу і вашу. Амаль 90 грамадзян Рэспублікі Беларусь аддалі свае жыцьці, змагаючыся плячо да пляча супраць агульнага ворага — імпэрскай Расеі», — сказаў Сыбіга.
Міністар замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга (справа) і кіраўніца Аб'яднанага пераходнага кабінэту Сьвятлана Ціханоўская (зьлева) выступаюць на прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве 25 траўня 2026
Пра пагрозы з боку Лукашэнкі
Гаворачы пра рэгіянальную бясьпеку, Сыбіга яшчэ раз падкрэсьліў, што Кіеў дакладна бачыць пагрозы рэжыму Лукашэнкі для Ўкраіны, Польшчы, дзяржаў Балтыі. Пра гэта казаў і раней і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.
«Украіна зацікаўленая ў тым, каб Беларусь была незалежнай суверэннай краінай і не выкарыстоўвалася Расеяй як вайсковы пляцдарм», — заявіў Сыбіга, вітаючы Ціханоўскую.
Сыбіга паведаміў, што дамовіліся працягваць рэгулярны дыялёг паміж украінскім бокам і прадстаўнікамі дэмакратычных сіл Беларусі, у тым ліку палітычных кансультацый, супрацоўніцтва ў гуманітарнай, інфармацыйнай, санкцыйнай і экспэртнай сфэрах.
Міністар замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга на прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве 25 траўня 2026
«Са свайго боку мы робім крок да гэтага: у структуру Міністэрства замежных спраў прызначаны пасол па асобых даручэньнях Яраслаў Чарнагор, у прыватнасьці, для наладжваньня эфэктыўнага супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Украіна падтрымлівае права беларускага народа на мірныя дэмакратычныя перамены. Будучыню Беларусі павінны вызначаць грамадзяне Беларусі, а ня Крэмль»,— заявіў міністар замежных спраў Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
МЗС Расеі заклікаў замежных дыпляматаў ва Ўкраіне пакінуць Кіеў — Масква пагражае новымі ўдарамі з паветраАб адказнасьці Лукашэнкі ў Міжнародным трыбунале
Паводе Сыбігі, на перамовах падрабязна абмеркавалі трэк адказнасьці, паколькі рэжым Лукашэнкі нясе суадказнасьць за злачынства агрэсіі супраць Украіны.
«Спэцыяльны трыбунал у Гаазе таксама будзе расьсьледаваць удзел Лукашэнкі, і сёньня мы абмеркавалі сумесную працу па зборы доказаў. Мы будзем асобна працаваць над тым, каб прыцягнуць беларускі рэжым да адказнасьці за злачынствы супраць украінскіх дзяцей».
Сыбіга паведаміў, што атрымаў ад беларускіх гасьцей сьвежы сьпіс прапаноў па санкцыях і плянуе ўзьняць гэтую тэму на ўзроўні Эўрапейскага Зьвязу.
Пра барацьбу з русыфікацыяй
Сыбіга заклікаў разам супрацьстаяць русыфікацыі, у тым ліку дзеля выратаваньня і разьвіцьця беларускай мовы.
«Сёньня, калі Расея спрабуе зьнішчыць саму ідэю свабоды ў нашым рэгіёне, важна захаваць адзінства паміж усімі дэмакратычнымі сіламі ў Эўропе. Украінцы і беларусы маюць агульную зацікаўленасьць жыць у свабодных, незалежных і бясьпечных дзяржавах».
Ціханоўская выказала салідарнасьць з украінскім народам
Сьвятлана Ціханоўская заявіла, якая прыбыла ў Кіеў пасьля самай масавай і разбуральнай атакі на горад расейскага войска, заявіла, што нягледзячы на расейскі тэрор, Украіна трымае фронт, дэманструе рашучасьць, натхняе ўвесь сьвет, у тым ліку беларусаў:
«Мы выказваем салідарнасьць з украінскім народам, які ўжо шмат гадоў мужна супрацьстаіць расейскай агрэсіі. Мы добра разумеем, што Ўкраіна сёньня абараняе ня толькі сваю незалежнасьць. Украіна абараняе права нашых народаў жыць без дыктату імпэрыі, без гвалту і страху. І я ўпэўненая, што перамога Ўкраіны адкрые шлях і да свабоды Беларусі».
Кіраўніца Аб'яднанага пераходнага кабінэту Сьвятлана Ціханоўская на прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве 25 траўня 2026
Ціханоўская зазначыла, што гэта яе першы рабочы візыт ва Ўкраіну, беларусы яго даўно чакалі і яна хоча падкрэсьліць: беларускі народ падтрымлівае незалежнасьць, сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны.
«Мы прызнаем, што рэжым у Менску зрабіў Беларусь саўдзельніцай гэтай агрэсіі. Але Лукашэнка — узурпатар, які прайграў выбары, ён не прадстаўляе беларусаў і служыць выключна інтарэсам Крамля і імпэрскай Расеі. Але Беларусь — не Расея. І беларусы ня роўныя рэжыму. Беларусы стаялі з вамі на Майдане і гінулі ў акопах яшчэ з 2014 года. Тысячы беларусаў выступілі супраць вайны, і сотні застаюцца за кратамі за падтрымку Ўкраіны».
Гаворачы аб далейшай супрацы паміж Украінай і дэмакратычнымі сіламі Беларусі, Ціханоўская заявіла:
«Для нас вельмі важна, каб Украіна бачыла ў свабоднай Беларусі будучага партнэра і суседа, а не пагрозу. Толькі вольная, дэмакратычная Беларусь стане фактарам стабільнасьці і бясьпекі ў рэгіёне, а не інструмэнтам агрэсіўнай палітыкі Крамля».
Ціханоўская прызнала, што Пуцін і Лукашэнка зрабілі ўсё, каб разбурыць сяброўскія адносіны паміж украінцамі і беларусамі, і цяпер стаіць задача іх абавязкова аднавіць. Яна вітала прызначэньне Яраслава Чарнагора на пазыцыю пасла па асаблівых даручэньнях пры МЗС Украіны.
Ціханоўская падзякавала Ўкраіне за падтрымку беларускіх палітычных уцекачоў, журналістаў, актывістаў і грамадзкіх ініцыятыў, для многіх Украіна стала другім домам.
Ціханоўскай перадалі дакумэнты БНР і УНР
У сацсетках Андрэй Сыбіга напісаў, што «як кранальны напамін пра нашы глыбокія гістарычныя сувязі, мы перадалі нашым гасьцям архіўныя дыпляматычныя дакумэнты Украінскай і Беларускай Народных Рэспублік«.
»Гэтыя дакумэнты пацьвярджаюць, што нашы дзяржавы мелі цесныя афіцыйныя і чалавечыя адносіны яшчэ да ўзьнікненьня Савецкага Саюза».
26 траўня чакаецца сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.