У Чэхіі затрымалі мітрапаліта РПЦ Іларыёна, у яго знайшлі чатыры кантэйнэры зь белым рэчывам

Уладзімір Пуцін і мітрапаліт Іларыён (Алфееў). Масква, 2016

Паліцыя Чэхіі пацьвердзіла затрыманьне мітрапаліта Іларыёна РПЦ па падазрэньні ў перавозцы наркотыкаў.

У Чэхіі затрыманы мітрапаліт РПЦ Іларыён. Пра гэта паведамляе яго тэлеграм-канал сьвятара. Паліцыянты знайшлі ў яго машыне чатыры кантэйнэры з белым рэчывам

Як сказана ў публікацыі, паліцыянты спынілі аўтамабіль з мітрапалітам і апэратарам, які яго суправаджаў, і «адразу прыступілі да агляду аўтамабіля», падчас якога ў багажніку былі знойдзены чатыры невялікія кантэйнэры з рэчывам белага колеру.

«Мітрапаліт Іларыён катэгарычна абвяргае якое-небудзь дачыненьне да незаконнага захоўваньня забароненых рэчываў і лічыць тое, што адбылося правакацыяй», — гаворыцца ў пасьце ў тэлеграм. «Я ня маю і ніколі ня меў ніякіх адносінаў да назаконнага абароту наркатычных сродкаў», — заявіў мітрапаліт у тэлеграм.

Гэтаму інцыдэнту папярэднічаў працяглы пэрыяд ціску на мітрапаліта Іларыёна і праваслаўную грамаду ў Карлавых Варах, паведаміў тэлеграм-канал. Па словах мітрапаліта, у апошнія месяцы ён неаднаразова атрымліваў ананімныя пагрозы, у тым ліку пагрозы фізычнай расправы, з патрабаваньнем пакінуць месца свайго служэньня.

«Гэтыя пагрозы, паводле ацэнкі абароны, не выглядалі звычайным бытавым канфліктам. Яны былі палітычна афарбаваны: іх аўтары зьвязвалі прысутнасьць мітрапаліта Іларыёна ў Карлавых Варах з яго расейскім паходжаньнем, царкоўнай прыналежнасьцю і служэньнем у храме Маскоўскага патрыярхату», — паведамляе тэлеграм-канал мітрапаліта.

Паліцыя Чэхіі пацьвердзіла затрыманьне мітрапаліта Іларыёна па падазрэньні ў перавозцы наркотыкаў. Прэс-сакратар Нацыянальнага цэнтра па кантролі за наркотыкамі Чэхіі Люцыя Шмолдасава паведаміла чэскаму выданьню Novinky, што аўтамабіль быў затрыманы ў раёне горада Унхошць.

«Я магу пацьвердзіць, што на падставе ананімнага паведамленьня аб перавозцы наркотыкаў і псыхатропных рэчываў мы прынялі меры адносна транспартнага сродку», — сказала яна.

У акруговай пракуратуры выданьню ўдакладнілі, што 25 траўня праходзіць допыт дваіх затрыманых, абвінавачаньні пакуль нікому не прад’яўленыя.

Пасьля допыту, які доўжыўся цэлы дзень, мітрапаліт Іларыён застаецца затрыманым. Пра гэта паведамляе яго тэлеграм-канал.

«Чэскія органы правапарадку чакаюць вынікаў неабходных экспэртыз… Рашэньне чакаецца заўтра. Мітрапаліт можа быць альбо вызвалены, альбо пакінуты пад вартай на час расьсьледаваньня пры наяўнасьці адпаведнага працэсуальнага рашэньня», — піша тэлеграм-канал мітрапаліта.

Ключавыя пытаньні — паходжаньне знойдзеных прадметаў і абставіны ананімнага паведамленьня, на падставе якога спынілі аўтамабіль Іларыёна.

Хто такі Іларыён

Мітрапаліт Іларыён — адзін з відных дзеячаў Расейскай праваслаўнай царквы. З 2009 года па 2022 ён узначальваў аддзел зьнешніх царкоўных сувязей Маскоўскага патрыярхату, ягоным папярэднікам на гэтай пасадзе быў цяперашні Маскоўскі патрыярх Кірыл (Гундзяеў).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Эўразьвязе ініцыявалі 21-ы пакет санкцыяў за вайну Расеі ва Ўкраіне і за дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Акадэмік Каваленя, які піша падручнікі супольнай гісторыі Беларусі і Расеі, атрымаў узнагароду ад кіраўніка РПЦ