Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўразьвязе ініцыявалі 21-ы пакет санкцыяў за вайну Расеі ва Ўкраіне і за дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей

Кіраўніца эўрапейскай дыпляматыі Кая Калас. Архіўнае фота
Кіраўніца эўрапейскай дыпляматыі Кая Калас. Архіўнае фота

Пасьля адстаўкі Віктара Орбана з пасады прэм’ер-міністра Вугоршчыны Эўразьвяз узмацняе сваю санкцыйную палітыку супраць Расеі і Беларусі. Рада замежных справаў ЭЗ разглядае асобны пакет санкцыяў за дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей.

У 21-ы пакет санкцыяў Эўразьвязу зьбіраюцца ўключыць танкеры «ценевага флёту» Расеі, расейскія банкі, фінансавыя ўстановы, вайскова-прамысловыя кампаніі й фірмы, якія прадаюць украдзенае ўкраінскае збожжа, піша Politico з спасылкай на сямёх службоўцаў і дыпляматаў ЭЗ, дасьведчаных у хадзе абмеркаваньня.

Новы санкцыйны пакет, як чакаецца, прымуць у канцы чэрвеня ці пачатку ліпеня. Акрамя таго, эўрапейскія службоўцы разглядаюць магчымасьць ухваленьня санкцыяў, якія раней блякаваў Віктар Орбан, былы прэм’ер-міністар Вугоршчыны.

Сярод іх санкцыі на высокапастаўленых прадстаўнікоў Расейскай праваслаўнай царквы (РПЦ), у тым ліку на патрыярха Кірыла (Уладзіміра Гундзяева). Кіраўнік РПЦ падтрымлівае поўнамаштабнае ўварваньне РФ ва Ўкраіну. Ён, у прыватнасьці, казаў, што на Данбасе нібыта ідзе «мэтафізычная барацьба», і сьцьвярджаў, што Расея ў сваёй гісторыі ніколі ні на кога не нападала.

Кіраўніца эўрапейскай дыпляматыі Кая Калас раней казала, што пасьля парлямэнцкіх выбараў у Вугоршчыне «зьявіўся новы імпульс».

«Нам варта вярнуцца да санкцыя, якія раней разглядаліся, але не былі ўхваленыя, а таксама прыступіць да рэалізацыі новага пакету санкцыяў», — цытуе Politico яе словы.

«90 млрд эўра і дзейсныя санкцыі — гэта надае імпульс і ставіць Украіну ў значна выгаднейшае становішча, — сказаў Politico высокапастаўлены службовец у сфэры нацыянальнай бясьпекі адной з краін NATO. — Важна, што гэты імпульс існуе».

Раней Вугоршчына блякавала вылучэньне Ўкраіне крэдыту на 90 млрд эўра і прыняцьцё 20-га пакету санкцыяў.

У ранейшыя пакеты санкцыяў супраць Расеі за вайну ва Ўкраіне трапляла і Беларусь за яе падтрымку расейскай вайны.

Санкцыі за вываз украінскіх дзяцей

Тым часам ЭЗ уводзіць санкцыі за дэпартацыю і прымусовае перасяленьне ўкраінскіх дзяцей, перадае Ўкраінская служба Радыё Свабода.

Пра гэта заявіла высокая прадстаўніца ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Кая Калас, прыбыўшы на сустрэчу міністраў замежных справаў ЭЗ.

«Сёньня мы чакаем прагрэсу ў санкцыях супраць тых, хто дапамагае працаваць з украінскімі дзецьмі, дэпартаванымі з Украіны», — сказала Калас, абвясьціўшы пра сустрэчу на высокім узроўні Міжнароднай кааліцыі дзеля вяртаньня ўкраінскіх дзяцей, якая адбудзецца сёньня ў Бруселі.

Рада замежных справаў ЭЗ павінна прыняць асобны пакет санкцыяў, зьвязаных менавіта з дэпартацыяй украінскіх дзяцей. ЭЗ каардынуе гэтыя крокі з сваімі партнэрамі ў «Вялікай сямёрцы» і чакае падобных рашэньняў ад Вялікай Брытаніі і Канады.

«Мы ўводзім санкцыі супраць тых людзей, якія маюць справу з гэтымі дзецьмі, каб данесьці выразнае пасланьне: вы таксама нясеце адказнасьць», — сказала Калас.

Ці трапяць у сьпіс прадстаўнікі Беларусі, якія спрыялі выкраданьню ўкраінскіх дзяцей, пакуль невядома.

Чаму гэта важна менавіта зараз

Абмеркаваньне 21-га пакету санкцыяў толькі пачынаецца, і, як зазначае выданьне, на гэтым этапе міністры павінны толькі выказаць свае першапачатковыя прапановы.

У Брусэлі простая думка: «Расея знаходзіцца ў найгоршым з пачатку вайны ўнутраным стане, — сказаў Politico высокапастаўлены службовец ЭЗ. — Сапраўды, самы час патрабаваць большага, бо ў Расеі справы ідуць дрэнна».

Расея цярпіць ад «статычнага інфляцыйнага шоку» (рост цэн, выкліканы ростам выдаткаў на вытворчасьць, а ня ростам попыту. — Рэд.), — выказаў думку выданьню Politico эўракамісар у пытаньнях эканомікі Валдзіс Дамброўскіс:

«Вось чаму мы вельмі падкрэсьліваем у нашых сустрэчах на саміце „Вялікай сямёркі“ і ў двухбаковых перамовах з прадстаўнікамі ЗША, што зараз ня час аслабляць ціск на Расею».

Завязаная на расейскі рынак Беларусь апошнім часам таксама перажывае істотныя эканамічныя праблемы. ВУП Беларусі за першы квартал зьнізіўся на 0,4% праз спад у апрацоўчай прамысловасьці. Інфляцыя за 4 месяцы склала 1,6%. Прычыны зьніжэньня беларускага ВУП зьвязаныя з запаволеньнем эканомікі ў Расеі.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG