Як актывіст паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook, ператрус адбыўся 21 траўня. «Афіцыйна з прычыны сьвяткаваньня Дня Волі. Неафіцыйна — каб у гэты дзень не выходзілі на жалобныя акцыі, прысьвечаныя Дню палітвязьня», — адзначыў актывіст.
Праваабаронцы «Віцебскай Вясны» нагадалі, што ў Беларусі супраць Дзьмітрыя Карняенкі вядуць некалькі крымінальных справаў. На сайце МУС яго згадваюць як удзельніка «экстрэмісцкіх фармаваньняў» — праекту «Хрысьціянская візія» і віцебскай ініцыятывы «Народный депутат». Сьледчы камітэт наклаў арышт на віцебскую кватэру актывіста.
«Сілавікі ходзяць да яго родных у Беларусі „як на працу“, і ня толькі з вобшукамі: у бацькі Дзьмітрыя двойчы бралі генэтычны матэрыял. Сёлета ў сакавіку на сайце Міністэрства юстыцыі Расеі прозьвішча Дзьмітрыя Карняенкі зьявілася ў пераліку так званых „иноагентов“, як удзельніка ініцыятывы „Христиане против войны“», — адзначылі праваабаронцы.
21 траўня ператрусы правялі больш за 10 ператрусаў у сваякоў актывістаў і праваабаронцаў, якія выехалі зь Беларусі, у тым ліку ў праваабаронцы «Вясны» Ўладзя Лабковіча.
Праваабарончы сайт прызналі «экстрэмісцкім»
У праваабарончым цэнтры «Вясна» паведамілі, што суд Ленінскага раёну Берасьця 24 красавіка прызнаў «экстрэмісцкім» сайт «Праваабаронцы супраць катаваньняў».
У сьпіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў таксама дадалі старонку ў Facebook «Беларускiя зялёныя — БПЗ», freeebelarus у Instagram і яе лягатып, старонку ў Threads andrey_tkachov (Andrey Tkachov | Health Coach)», старонку ў Facebook «Vesna Books/Выдавецтва Вясна», старонку «Ўкантакце» «Экалогія: завод беленай цэлюлозы, Светлагорск».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Хроніка перасьледу 22 траўня: вядома пра больш за 10 ператрусаў у актывістаў, якія зьехалі зь БеларусіЖыхара Гомля асудзілі ў «справе Гаюна»
Гомельскі абласны суд асудзіў 28-гадовага жыхара Гомля Аляксандра Новікава паводле ч. 1 і ч. 2 артыкулу 361-4 Крымінальнага кодэксу («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).
Як стала вядома праваабаронцам «Гомельскай Вясны», Аляксандра пакаралі 2 гадамі і 6 месяцамі абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Яе маштаб саступае толькі перасьледу за пратэсты 2020-га». Што вядома пра «справу Гаюна» праз год пасьля ўзлому праектуЯк рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».