Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 22 траўня: вядома пра больш за 10 ператрусаў у актывістаў, якія зьехалі зь Беларусі

абноўлена
Гомельскі сьледчы ізалятар № 3. Ілюстрацыйнае фота
Гомельскі сьледчы ізалятар № 3. Ілюстрацыйнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Кірыла Пазьняк знаходзіцца ў турэмнай лякарні ў цяжкім стане

Журналіст Кірыла Пазьняк, затрыманы 4 верасьня 2025 году, трапіў у шпіталь пры СІЗА-1 і знаходзіцца ў цяжкім стане.

«У лякарні пры СІЗА-1 у цяжкім стане знаходзіцца мой былы муж, журналіст Кірыла Пазняк. З запушчанымі наступствамі пнэўманіі і кавіду, якія падхапіў у ізалятары на Акрэсьціна 8 месяцаў таму. Права на ахову здароўя — гэта базавае права чалавека. Прашу зрабіць тых, ад каго гэта залежыць, усё, каб захаваць чалавечае жыцьцё!», — паведаміла колішняя жонка журналіста ў сацыяльнай сетцы Threads.

У дзень затрыманьня ўлады прызналі яго youtube-канал «Платформа 375» «экстрэмісцкім фарміраваньнем». Разам зь ім затрымалі і ягоную дачку Яніну Пазьняк.

Сілавікі правялі больш за 10 ператрусаў у актывістаў, якія вымушана зьехалі зь Беларусі

У праваабарончым цэнтры «Вясна» паведамілі, што 21 траўня сілавікі правялі больш за 10 ператрусаў у дамах актывістаў, якія зьехалі зь Беларусі.

«Прынамсі частка зь іх была зьвязаная з удзелам у сьвяткаваньнях Дня Волі ў Варшаве і Вільні», — адзначаецца ў паведамленьні.

Вядома, што супрацоўнікі КДБ прыйшлі з ператрусамі да сваякоў актывістаў і праваабаронцаў. Меркавана, лік такіх ператрусаў можа ісьці на некалькі дзясяткаў. Праваабаронцы «Вясны» расцэньваюць гэта як транснацыянальны перасьлед беларусаў.

У прыватнасьці праваабаронца «Вясны» Наста Васільчук распавяла, што раніцай 21 траўня ў яе менскую кватэру прыйшлі трое мужчын, якія прадставіліся супрацоўнікамі КДБ.

«Яны правялі агляд кватэры (магчыма, у іх у паперах гэта значылася як вобшук, але дакладна ня ведаю). Прыйшлі праз тое, што я ўдзельнічала сёлета ў сьвяткаваньні Дня Волі ў Варшаве. Таксама прыходзілі да часткі маіх знаёмых праз тое, што яны ўдзельнічалі ў акцыі ў Вільні. Па зьвестках праваабаронцаў, такіх „візытаў“ учора адбыліся дзясяткі. Усе падзеі ўчарашняга дня — яскравы паказчык таго, што рэпрэсіі не спыняюцца, а ўсё часьцей набываюць транснацыянальны характар».

Да актывіста Арцёма Басалая, які цяпер жыве ў Польшчы, таксама прыйшлі зь ператрусам, паводле яго словаў, з нагоды Дня Волі ў Варшаве.

«У кватэру па маім месцы рэгістрацыі і ў кватэру бацькоў, дзе я ня жыў і не зарэгістраваны, зь ператрусам уварваліся супрацоўнікі КДБ з панятымі. У выніку апісалі маёмасьць бацькоў: лядоўню, пральную машыну і г.д. Апроч гэтага, бацькоў выклікалі з Маладэчна ў Менск на допыт па маёй справе».

Арцём адзначае, што сапраўды ўдзельнічаў у Дні Волі ў Варшаве, не хаваў твару і публікаваў фотаздымкі з акцыі ў сацыяльных сетках.

У сьпіс «экстрэмістаў» дадалі яшчэ 11 прозьвішчаў

Міністэрства ўнутраных спраў дапоўніла 11 прозьвішчамі пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асобаў без грамадзянства, «якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці». Цяпер у ім 6631 чалавек.

Праваабаронцы «Вясны» зьвярнулі ўвагу на тое, што ў сьпіс уключылі пэнсіянэрку Вольгу Строеву, якую трымаюць у гомельскім СІЗА № 3. Яе затрымалі 3 верасьня 2025 году паводле абвінавачаньня ў «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім» (артыкул 361-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі).

66-гадовую Вольгу Строеву праваабаронцы прызналі палітычнай зьняволенай.

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG