Узяў на вайну падвеску з абрысамі Беларусі і бел-чырвона-белы сьцяг. Расказваем пра Ціхана Клюкача

Ціхан Клюкач пасьля вызваленьня з турмы

19 траўня зьявілася інфармацыя аб гібелі ва Ўкраіне 23-гадовага беларускага добраахвотніка і былога палітвязьня Ціхана Клюкача. Як стала вядома Свабодзе, афіцыйна гэта пакуль не пацьверджана.

Ціхан Клюкач ваяваў у складзе 60-й асобнай мэханізаванай Інгулецкай брыгады, якая ўваходзіць у склад трэцяга армейскага корпусу пад камандаваньнем Андрэя Білецкага.

У гэтым падразьдзеле Свабодзе паведамілі, што пакуль «афіцыйны статус Ціхана Клюкача — зьніклы бязь вестак». Клюкач знаходзіўся на ліманскім кірунку, які застаецца адным з найбольш гарачых раёнаў баёў і куды расейскія войскі пастаянна сьцягваюць свае сілы і артылерыю.

Статус «зьнік бязь вестак» азначае адсутнасьць дакладнай інфармацыі пра месца знаходжаньня чалавека пасьля баявых дзеяньняў або акупацыі. Гэта не пацьверджаньне гібелі або сьмерці, а юрыдычны статус, які абавязвае дзяржаву праводзіць пошукі. На практыцы гэта азначае, што чалавек можа быць у палоне, хавацца або загінуць, але ягонае цела немагчыма эвакуаваць зь месца баявых дзеяньняў ці немагчыма ідэнтыфікаваць яго парэшткі. Статус «зьніклы бязь вестак» будзе дзейнічаць да таго часу, пакуль ня будзе вызначаны дакладны лёс чалавека.

У 60-й асобнай мэханізаванай Інгулецкай брыгадзе Свабодзе паабяцалі дадаткова паведаміць аб зьмене статусу Ціхана Клюкача, калі гэта адбудзецца.

Ціхан Клюкач некалькі гадоў ваяваў ва Ўкраіне. Туды ён узяў з сабой падвеску з абрысамі Беларусі і бел-чырвона-белы сьцяг. На фронт Клюкач паехаў, маючы 19 гадоў. У Варшаве пакінуў кнігі аўтарства Ўладзімера Арлова і прашэньне аб памілаваньні, якое так і не падпісаў. Знаёмыя Ціхана «Франца» Клюкача расказалі Свабодзе пра яго.

«Добры, хатні хлопчык»

Ціхан Клюкач вырас у Берасьці. Жыў разам з маці і бабуляй. Вучыцца ня надта любіў, але яму падабаліся беларуская мова, літаратура, гісторыя Беларусі. Ён расказваў раней, што паважае Зьмітра Дашкевіча і бярэ зь яго прыклад.

«Добры, хатні хлопчык», — апісвае Ціхана ў юнацтве яго знаёмая Аксана Дабрыянец.

У пратэстах хлопец пачаў удзельнічаць яшчэ непаўналетнім — увесну 2020 году, падчас прэзыдэнцкай кампаніі. Увосень 2020-га яго затрымалі за тое, што выйшаў на марш пратэсту ў Менску і здымаў на відэа, як ягоная сяброўка Соф’я Малашэвіч расфарбоўвае балёнчыкам шчыты АМАПу і танцуе перад імі.

Фота Сафіі Малашэвіч і Ціхана Клюкача, апублікаваныя Сьледчым камітэтам

Спачатку Клюкача затрымалі на «суткі» і выпусьцілі. Ціхан мог зьехаць з краіны, але адмовіўся, бо «быў патрыётам», як кажуць суразмоўцы Свабоды, і бо за кратамі заставалася Соф’я. Іх судзілі разам. На судзе хлопец браў усю віну на сябе, а Соф’я прасіла судзьдзю не караць Ціхана. У выніку яму далі паўтара году калёніі, ёй — два.

Суд над Ціханам Клюкачом і Сафіяй Малашэвіч

Ціхан вызваліўся з калёніі ў пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне. Зьехаў у Польшчу. Адтуль празь некалькі месяцаў — у полк Каліноўскага. Хутка сышоў з палку праз канфлікт. Неўзабаве зноў паехаў ваяваць у складзе палку «Пагоня». Апошнім часам ён служыў у 60-й брыгадзе, у падразьдзеле агнявой падтрымкі. Улетку 2025 году Ціхан атрымаў кантузію, тады ішлі чуткі, што ён загінуў.

Бірка Клюкача з калёніі

У жніўні 2023 году сілавікі затрымлівалі на «суткі» маці Клюкача. У Беларусі на Ціхана завялі крымінальную справу, як і на іншых добраахвотнікаў, якія ваююць ва Ўкраіне. Завочны прысуд яму вынесьлі ў жніўні 2025 году.

«Яго ў турме білі, зьдзекаваліся»

Аксана Дабрыянец расказала Свабодзе, што пазнаёмілася зь Ціханам, калі сустракала яго з «сутак» у 2020 годзе. Калі хлопец увесну 2022 году зьехаў у Варшаву, яна дапамагала яму адаптавацца ў новай краіне.

Ціхан Клюкач і яго сяброўка Аксана Дабрыянец

«Ціхан быў у вельмі цяжкім стане. Вельмі паламаны турмой. Ён апавядаў, што яго там білі, зьдзекаваліся. Калі я першы раз яго спаткала ў горадзе (пасьля першых „сутак“ у 2020 годзе. — РС), ён проста зьзяў дабрынёй. Калі я яго спаткала ў Варшаве, гэта быў па-ранейшаму добры чалавек, але ў ім было столькі нянавісьці і злосьці да людзей, якія яго пасадзілі… Ён калі гаварыў, як ён іх ненавідзіць, у яго аж вочы станавіліся чорныя», — расказвае знаёмая Ціхана.

Аксана мяркуе, што і гэтая нянавісьць, сярод іншага, прывяла хлопца на вайну. Паводле яе, Клюкачу не хапала падтрымкі пасьля турмы, у чужой краіне, дзе ён меўся даваць рады адзін. Яна арганізавала для Ціхана збор грошай і рэчаў на першы час, калі ён толькі пераехаў.

У Варшаве Ціхан часта прыходзіў да Аксаны ў госьці, расказвае яна. Бавіўся зь ейнай малой дачкой, яны разам гулялі па цэнтры гораду, хадзілі ў кавярні, елі польскія «перогі» зь мясам («Ён казаў, што яны дзіўныя»), наведвалі канцэрты. Апошні — прысьвечаны памяці Аляксандра Кулінковіча. Ціхан хадзіў на сустрэчы зь беларусамі як былы палітзьняволены. Маляваў партрэты палітвязьняў. Любіў маляваць і чытаць.

Ціхан з дачкой Аксаны, фота з прыватнага архіва

Паводле Аксаны, Ціхан меў радыкальна правыя погляды. За гэта, на яе думку, некаторыя яго не любілі. Аксана зь ім, нягледзячы на розныя пазыцыі, знаходзіла агульную мову.

«Яго погляды былі радыкальныя ў тым, што было зьвязана зь беларушчынай, беларусізацыяй. Здаровы нацыяналізм. Але былі і несучасныя погляды адносна ЛГБТК+, ён не пагаджаўся з тым, што гэта норма. Ён быў вельмі цьвёрды. У яго было чорнае і белае, сярэдняга не было», — успамінае сяброўка добраахвотніка.

Суразмоўца адзначае, што ёй было цікава размаўляць зь Ціханам. Яна старэйшая за яго, але забывалася, што гаворыць зь 19-гадовым чалавекам.

«Ён мог сядзець і расказваць на памяць вершы беларускіх паэтаў. Вельмі добра ведаў гісторыю. У яго было добра пастаўленае маўленьне. Ён быў вельмі начытаным і тут хадзіў, чытаў кніжкі. У яго можна было запытаць пра любы кавалак гісторыі Беларусі — ён табе распавядзе», — кажа сяброўка.

Ціхан Клюкач з Аксанай Дабрыянец

У Варшаве Клюкачу дапамаглі аформіць заяўку на студэнцкую праграму імя Кастуся Каліноўскага. Прапаноўвалі працу ў Варшаве і вучобу ў Вільні.

«Ціхан казаў, што ён мусіць зрабіць нешта для Беларусі», — тлумачыць Аксана тое, чаму ён паехаў на вайну.

Ягоная сяброўка Соф’я тады яшчэ была ў калёніі. Ціхан меркаваў, што пайсьці ваяваць — гэта таксама ўнёсак у ейнае вызваленьне. Аксана ведае, што родныя былі супраць таго, каб Ціхан ваяваў. Праз гэта ён сварыўся зь сям’ёй. Сябры таксама спрабавалі яго адгаварыць. «Давай ня будзем», — перапыняў ён такія спробы.

Падвеска з абрысамі Беларусі

Сябры падарылі Ціхану падвеску з абрысамі Беларусі ад Belaruskicry.

«Ён быў такі шчасьлівы, як маленькі хлопчык, казаў „дзякуй“, „дзякуй“», — успамінае Аксана.

Ён узяў на вайну гэтую падвеску, а таксама бел-чырвона-белы сьцяг, успамінае Аксана. Таксама перад гэтым на просьбу Ціхана Аксана зрабіла яму татуяваньне, бо ён хацеў ісьці на вайну зь нейкай сымболікай.

Падвеска з абрысамі Беларусі, якую Ціхан Клюкач узяў з сабой на вайну

Менш чым праз год, у чэрвені 2022 году, Клюкач пакінуў полк Каліноўскага праз канфлікт і вярнуўся ў Варшаву.

«Ён быў горды. Яго абразілі. Ён ня тое хацеў бачыць там», — тлумачыць яна, чаму Ціхан вярнуўся з вайны ў Варшаву.

«Прэтэнзіяў ані да большасьці камандаваньня, ані да хлопцаў ня маю. Справа ў адным чалавеку, у нанесенай абразе і спробе прасунуць у палку армейшчыну ў найгоршым разуменьні гэтага слова. З боку гэтага чалавека. Я пайшоў на прынцып. І я не зьбіраюся трываць неадэкватныя дзеяньні ў дачыненьні да мяне, з чыйго б боку яны не зыходзілі, у ваенны час ці ў мірны, усё роўна. Мне неадэквату за паўтара году турмы і зоны хапіла», — пісаў тады пра гэты канфлікт Ціхан у сацыяльных сетках.

Татуяваньне Клюкача, якое зрабіла яму Аксана

Сяброўка Ціхана Соф’я Малашэвіч увосень перад гэтым вызвалілася з калёніі. Хлопец хацеў, каб яна прыехала да яго ў Варшаву, «але нешта ня склалася», кажа Аксана.

«Ён хацеў кахаць. Ён чакаў Соф’ю. Ён вельмі хацеў дачакацца яе на волі. Ён хацеў быць каханым. Мы пра гэта размаўлялі вельмі шмат», — успамінае суразмоўца.

Чыфір і кніга Арлова

Неўзабаве Ціхан Клюкач зноў паехаў ваяваць. Аксана разумела, што яму на вайне цяжка, але ён ніколі ня скардзіўся: «Аксанка, не перажывай за мяне».

Сяброўка Ціхана прызнаецца, што ён расказваў ёй аб сваім страху сьмерці.

«У яго была прага справядлівасьці. Ён вельмі хацеў вольнай Беларусі. Ён вельмі ўпарты!» — апісвае яго сяброўка.

Аўтограф Арлова, які ён пакінуў на кнізе для Ціхана Клюкача

Ваенны журналіст Антось Цялежнікаў бачыўся зь Ціханам на перадавых пазыцыях пад Купянскам у канцы 2023 году.

«Ён быў у падразьдзеле агнявой падтрымкі, які працуе амаль што на нулявых пазыцыях і прыкрывае дзеяньні пяхоты», — кажа Антось.

Яны там вялі «нармальныя, душэўныя размовы».

«Такая вайсковая рамантыка. Мы заварвалі гарбату. Ён расказваў крышку пра турэмны досьвед, пра тую самую гарбату, як на зоне робіцца чыфір. У яго быў спэцыфічны голас, быццам дарасьлейшы за яго самога. Гэта быў пачатак ягонага шляху. Ён тады пабыў крыху ў пяхоце, яму вельмі спадабалася. Паўдзельнічаў у адбіцьці аднаго штурму — у яго аж вочы загарэліся. Пры гэтым я бачыў, што яму было страшна, як усякаму нармальнаму чалавеку», — успамінае Антось.

Ціхан Клюкач ва Украіне

Антось апісвае Ціхана як разважлівага, спакойнага хлопца, нацыянальна сьвядомага, які размаўляў па-беларуску.

«Гэта мужны беларус, адданы беларушчыне, нацыянальна сьвядомы хлопец, інтэлектуальна разьвіты, адукаваны. Гэта нашая нацыянальная эліта», — кажа пра Ціхана Клюкача былы намесьнік камандзіра батальёну імя Кастуся Каліноўскага Вадзім Кабанчук.

Калі Ціхан паехаў ваяваць, то пакінуў у Аксаны сваю маленькую валізку з рэчамі, якую прывёз зь Беларусі. У Польшчы ён купляў мала рэчаў, бо не плянаваў там затрымлівацца. У валізцы засталося адзеньне, у тым ліку чорныя штаны і белая кашуля, у якіх ён звычайна хадзіў у цывільным жыцьці, дакумэнты — прашэньне аб памілаваньні, якое Клюкачу прывёз Юры Васкрасенскі і якое хлопец не падпісаў, жоўтая турэмная бірка і некалькі малюнкаў.

Ціхан Клюкач

Ціхан распарадзіўся, што з гэтым зрабіць у выпадку ягонай сьмерці. Кнігу Ўладзімера Арлова «Балады» ён папрасіў аддаць сяброўцы на палічку беларускіх кніг, некаторыя іншыя рэчы — у «Музэй Вольнай Беларусі».

«Ён верыў, што вернецца ў вольную Беларусь. Але ён ня проста верыў, ён казаў, што ён мусіць для гэтага штосьці зрабіць. Ён лічыў, што Расея — ён нават не называў краіну па імені — гэта перашкода, і яе трэба зьнішчыць. Дачцэ маёй таксама казаў, што і дзеля цябе таксама, дзеля дзяцей у эміграцыі», — кажа Аксана.