ISW: ядзерныя вучэньні пацьвердзілі здольнасьць Расеі выкарыстоўваць Беларусь у сваіх вайсковых мэтах

Комплексы «Іскандэр-М» у адной з ракетных вайсковых частак Беларусі. Ілюстрацыйнае фота

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што ядзерныя вучэньні, якія завяршыліся 21 траўня, выявілі ўзмацненьне фактычнага кантролю Расеі над Беларусьсю і здольнасьць расейскага боку выкарыстаць Беларусь у сваіх будучых ваенных апэрацыях.

«Вучэньні з расейскай ядзернай зброяй, разьмешчанай на тэрыторыі Беларусі, падкрэсьліваюць ступень, у якой Расея паглыбіла свой фактычны кантроль над Беларусьсю», — адзначаецца ў справаздачы ISW за 21 траўня.

Экспэрты нагадалі, што раней Канстытуцыя Беларусі фіксавала яе бязьядзерны статус, аднак у 2022 годзе ў дакумэнт ўнесьлі зьмены, згодна зь якімі Беларусь адмовілася ад гэтага статусу і нэўтралітэту. Экспэрты дапускаюць, што гэта адбылося пад ціскам Крамля і яго ўплывам на прыняцьцё рашэньняў у Беларусі.

«Гэтыя вучэньні адлюстроўваюць падрыў сувэрэнітэту Беларусі і ўсё большую здольнасьць Расеі выкарыстоўваць Беларусь як пляцдарм для сваіх уласных ваенных мэтаў», — адзначылі экспэрты ISW.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Урад Польшчы назваў расейска-беларускія ядзерныя вучэньні «складнікам псыхалягічнай вайны»

Што папярэднічала і чаму гэта важна

Супольныя беларуска-расейскія ядзерныя вучэньні праходзілі 19–21 траўня. У апошні іх дзень міністэрствы абароны Беларусі і Расеі паказалі, як у Беларусі нібыта дастаўлялі ядзерныя боепрыпасы на месцы правядзеньня вучэньняў. Перад гэтым у вайсковым ведамстве Беларусі паведамілі аб імітацыі ракетных пускаў па вызначаных цэлях.

21 траўня штаб беларускай часткі вучэньняў наведаў Аляксандар Лукашэнка. Там жа Лукашэнка і Пуцін зьвязаліся празь відэасувязь. Лукашэнка сказаў Пуціну, што гэта першае такое супольнае трэнаваньне і што яны яшчэ зімой абмяркоўвалі свой удзел у ім.

«Я вас абсалютна падтрымліваю, мы нікому абсалютна не пагражаем. Але мы маем такую зброю і мы гатовыя ўсяляк абараняць нашу агульную Айчыну ад Берасьця да Ўладзівастоку. Калі нешта ёсьць у нашых руках, мы павінны ўмець гэтым карыстацца», — сказаў Лукашэнка. Ён анансаваў, што такія вучэньні будуць праходзіць раз на квартал.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Беларусі імітавалі ракетныя пускі і паказалі, як на месцы манэўраў дастаўлялі ядзерную зброю

Улады Беларусі і Расеі праводзяць такія супольныя трэнаваньні з 2023 году і заяўляюць, што гэткім чынам яны адпрацоўваюць мэханізмы ядзернага стрымліваньня. Хоць абодва бакі ня раз пагражалі сапраўдным выкарыстаньнем ядзернай зброі.

Папярэдні раз такія манэўры праходзілі ў верасьні 2025 году ў межах беларуска-расейскіх вучэньняў «Захад-2025».

У 2024 годзе яны праходзілі ў два этапы — у траўні і чэрвені. Тады абвясьцілі раптоўную праверку боегатоўнасьці, а на другім этапе практыкаваліся ў вынасе спэцыяльных боепрыпасаў з сховішчаў і іх дастаўцы на аэрадромы і на стартавыя пазыцыі.

У красавіку 2023 году беларускія вайсковыя лётнікі і ракетнікі прайшлі ў Расеі поўны цыкль тэарэтычнай і практычнай падрыхтоўкі паводле праграмы эксплюатацыі і выкарыстаньня тактычнай ядзернай зброі.

У той жа час пакуль няма пацьверджанай інфармацыі аб тым, што Расея перадала Беларусі тактычную ядзерную зброю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Урад Польшчы назваў расейска-беларускія ядзерныя вучэньні «складнікам псыхалягічнай вайны»