Ціханоўская першай падпісала дэклярацыю аб стварэньні альянсу для супрацьдзеяньня транснацыянальным рэпрэсіям

Сьвятлана Ціханоўская. Архіўнае фота

Гэта ініцыятыва шэрагу праваабарончых арганізацыяў, якую падтрымаў урад Канады. Яе прэзэнтавалі на міжнароднай канфэрэнцыі ў пытаньнях бясьпекі GLOBSEC у Празе 22 траўня.

У дыскусіі пра тое, як супрацьстаяць аўтарытарным рэжымам, што перасьледуюць людзей па-за сваімі дзяржаўнымі межамі, узяла ўдзел беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская. На прапанову мадэратара, канадзкага дасьледніка Маркуса Колгі, менавіта яна першай паставіла подпіс пад дэклярацыяй.

Чаму гэта важна?

Транснацыянальныя рэпрэсіі чыняць, каб прымусіць апанэнтаў да маўчаньня або пакараць іх за іншадумства і крытыку. У выпадку Беларусі ідзецца, у прыватнасьці, пра завочныя крымінальныя справы і суды, канфіскацыю маёмасьці й замарожваньне рахункаў, уключэньне арганізацыяў у сьпіс «экстрэмісцкіх», а людзей — у сьпісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў», перасьлед журналістаў у выгнаньні, ціск на сваякоў, выкарыстаньне інструмэнтаў Interpol для палітычнага перасьледу, адмову выдаваць належныя чалавеку дакумэнты.

Удзельнікі дыскусіі падкрэсьлівалі, што такія рэпрэсіі ня толькі парушаюць правы чалавека, але і ствараюць пагрозу бясьпецы дэмакратычных краін, на тэрыторыі якіх знаходзяцца ахвяры перасьледу. Ініцыятары дэклярацыі спадзяюцца, што да альянсу далучацца як арганізацыі грамадзянскай супольнасьці, гэтак і ўрады дэмакратычных краін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Былыя палітвязьні ўзгадалі тых, хто, рызыкуючы, дапамагаў ім за кратамі і на воліЦіханоўская: Беларусь не павінна быць турмой для свайго народу, будзем змагацца за кожнага палітвязьняКДБ супраць культуры. Як у Беларусі перасьледуюць за беларускасьцьAmnesty International заявіла аб «новай эры» парушэньняў правоў чалавека ў сьвеце, у тым ліку ў Беларусі