Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская: Беларусь не павінна быць турмой для свайго народу, будзем змагацца за кожнага палітвязьня

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Беларусы сьвету праводзяць акцыі ў Дзень салідарнасьці з палітвязьнямі 21 траўня, у гадавіну сьмерці Вітольда Ашурка.

Дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская выказала салідарнасьць з палітвязьнямі, якія дагэтуль знаходзяцца за кратамі ў Беларусі.

«Пяць гадоў таму здарылася першая сьмерць палітвязьня — у шклоўскай калёніі загінуў Вітольд Ашурак. Яго сьмерць стала жахлівым вынікам таго, што робіць рэжым зь людзьмі за кратамі. Яго сьмерць — рана, якая не загойваецца. І гэты дзень цяпер — Дзень салідарнасьці з усімі, хто сёньня ў няволі», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.

Яна нагадала, што цяпер праваабаронцы прызнаюць палітвязьнямі больш за 800 чалавек, але рэальная лічба большая. «У Беларусі не павінна быць ніводнага палітвязьня. Ніводнага. За гэтыя гады мы амаль прызвычаіліся: сотні імёнаў у сьпісе палітзьняволеных, штодзённыя затрыманьні, зьвесткі пра катаваньні — усё гэта стала нібыта новай нормай. Але гэта ня норма. Гэта ня мусіць быць нормай. Мы працягнем змагацца, каб кожны і кожная выйшлі на свабоду. Беларусь не павінна быць турмой для свайго народу», — заявіла Сьвятлана Ціханоўская.

«Кожны дзень у няволі для іх — гэта страчанае здароўе, гады бяз родных, сон пры сьвятле, холад, няякасная ежа, адсутнасьць нармальнага лячэньня. І жоўтая бірка на робе як знак таго, што ты „небясьпечны“. Майго мужа прымушалі прыбіраць у камэры па чатыры разы на дзень. Адна з былых палітзьняволеных апавядала, як засынала стоячы і ледзь ня падала на бэтонную падлогу, бо правяла пяць содняў без нармальнага сну. Сьцяпан Латыпаў зрабіў тры спробы суіцыду. І колькі такіх гісторыяў, пра якія мы проста не дазналіся?», — падкрэсьліла яна.

Сьвятлана Ціханоўская выказала салідарнасьць з сваякамі палітвязьняў. «Я ведаю, як гэта — чакаць роднага чалавека з турмы. Жыць паміж надзеяй і страхам. І ўсё адно трымацца. Бо цябе чакаюць дзеці. Бо ты ня маеш права апусьціць рукі. Мой муж правеў за кратамі больш за пяць гадоў, і я памятаю кожны дзень гэтага чаканьня. Калі сэрца сьціскаецца ад навінаў пра этапы, карцары, адсутнасьць лістоў. Гэта боль, які я падзяляю з тысячамі беларускіх сем’яў», — дадала яна.

Паводле яе, вызваленьне палітвязьняў пачалося больш за год таму дзякуючы амэрыканскай дыпляматыі, супольнай працы і таму, што не маўчалі.

«Усе гэтыя гады мы з вамі працавалі зь міжнароднай супольнасьцю, расказвалі сьвету пра тых, каго рэжым хацеў ад сьвету схаваць. Мы называлі імёны, зьбіралі дапамогу, пісалі лісты. Праваабаронцы, сем’і палітвязьняў, журналісты, дыпляматы, валянтэры і кожны неабыякавы чалавек — усе мы зрабілі сваю частку працы», — адзначыла Ціханоўская.

Чаму гэта важна

У Беларусі з 2020 году палітычныя рэпрэсіі сталі асабліва жорсткімі. Улады перасьледуюць грамадзян паводле адвольных абвінавачваньняў, за камэнтары, матэрыяльную падтрымку зьняволеных, за нязгоду з унутранай палітыкай і крытыку расейскай вайны супраць Украіны.

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», цяпер 841 зьняволенага прызнаюць палітвязьнямі.

Яшчэ адна праваабарончая ініцыятыва Dissidentby прызнае палітвязьнямі 919 чалавек.

З пачатку перамоваў ЗША з уладным рэжымам Беларусі ўлады вызвалілі сама меней 447 грамадзян Беларусі і 31 грамадзяніна Ўкраіны. Большасьць зь іх прымусова вывезьлі зь Беларусі.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG