МАГАТЭ прафінансуе праект запэўненьня радыяцыйнай бясьпекі ў Палескім запаведніку

Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалягічны запаведнік. Архіўнае фота

Урад Беларусі ўхваліў праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі ўдасканаленьню мэтадаў бясьпечнага абыходжаньня з аб’ектамі ядзернай спадчыны.

Як адзначаецца ў апублікаванай на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі пастанове, праект ухвалілі на падставе прапановы камісіі міжнароднай тэхнічнай супрацы пры Савеце міністраў Беларусі.

У Беларусі каардынатарам праекту прызначылі Міністэрства надзвычайных сытуацыяў. Аб’ём фінансаваньня ў пастанове не ўдакладнілі.

Што прадугледжвае праект

Праект МАГАТЭ «Удасканаленьне мэтадаў бясьпечнага абыхожданьня з аб’ектамі ядзернай спадчыны» стартуе сёлета. Дэпартамэнт ядзернай і радыяцыйнай бясьпекі МНС Беларусі ў красавіку анансаваў праект, які плянуюць рэалізаваць на тэрыторыі Палескага радыяцыйна-экалягічнага запаведніку. У яго межах, апроч павелічэньня кампэтэнцыі адмыслоўцаў у галіне радыяцыйнай бясьпекі, плянуюць паставіць вымяральнае абсталяваньне для ацэнкі радыяактыўнага забруджаньня навакольля і радыяцыйнага кантролю.

Чаму гэта важна

Пасьля жорсткага разгону акцыяў пратэсту, выкліканых фальсыфікацыяй вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе, міжнародныя арганізацыі спынілі ўсю фінансавую і тэхнічную дапамогу Беларусі.

У 2022 годзе, калі ўлады Беларусі падтрымалі расейскае ваеннае ўварваньне супраць Украіны, санкцыі сталі яшчэ больш жорсткімі — краіна страціла яшчэ і магчымасьці набываць за мяжой высокія тэхналёгіі і высакаякаснае абсталяваньне.

Як вынікае з публічных дакумэнтаў, структуры ААН аднавілі тэхнічную дапамогу Беларусі не пазьней 2024 году.

У сакавіку 2026 году стала вядома аб вылучэньні Кітаем фінансавай дапамогі для стварэньня міжраённага цэнтру спэцыялізаванай і высокатэхналягічнай мэдычнай дапамогі на базе Мазырскай цэнтральнай гарадзкой паліклінікі ў рамках Праграмы разьвіцьця ААН.

У сакавіку 2025 году анансавалі аднаўленьне дапамогі Глябальнага фонду прафіляктыцы і лячэньню ВІЧ і сухотаў, якую былі спынілі ў 2007 годзе.

У сьнежні 2024 году ўлады Беларусі паведамілі аб атрыманьні тэхнічнай дапамогі Міжнароднай арганізацыі міграцыі (IOM) на ўмацаваньне патэнцыялу Дзяржаўнага памежнага камітэту «ў сувязі з магчымым ростам колькасьці выпадкаў прыбыцьця мігрантаў на мяжу».

У траўні 2024 году стала вядома аб рэалізацыі пры ўдзеле МАГАТЭ двух праектаў — «Удасканаленьне нацыянальнай інфраструктуры радыяцыйнага маніторынгу і сыстэмы аварыйнага рэагаваньня» і «Ўмацаваньне інфраструктуры рэгуляваньня ў галіне ядзернай і радыяцыйнай бясьпекі на пачатковым этапе эксплюатацыі атамнай электрастанцыі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларусь атрымае ад МАГАТЭ тэхнічную дапамогу на рэалізацыю двух праектаўМіжнародная арганізацыя па міграцыі прафінансуе «ўмацаваньне» мяжы Беларусі, бо паток мігрантаў павялічыўсяБеларусь разьлічвае атрымаць ад ААН больш за 20 мільёнаў даляраў на падтрымку хворых на ВІЧ і сухотыАбсталяваньне для мэдычнага цэнтру ў Мазыры набудуць за кітайскія грошы. Яго ствараюць пад эгідай ААН