Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАГАТЭ прафінансуе праект запэўненьня радыяцыйнай бясьпекі ў Палескім запаведніку

Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалягічны запаведнік. Архіўнае фота
Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалягічны запаведнік. Архіўнае фота

Урад Беларусі ўхваліў праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі ўдасканаленьню мэтадаў бясьпечнага абыходжаньня з аб’ектамі ядзернай спадчыны.

Як адзначаецца ў апублікаванай на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі пастанове, праект ухвалілі на падставе прапановы камісіі міжнароднай тэхнічнай супрацы пры Савеце міністраў Беларусі.

У Беларусі каардынатарам праекту прызначылі Міністэрства надзвычайных сытуацыяў. Аб’ём фінансаваньня ў пастанове не ўдакладнілі.

Што прадугледжвае праект

Праект МАГАТЭ «Удасканаленьне мэтадаў бясьпечнага абыхожданьня з аб’ектамі ядзернай спадчыны» стартуе сёлета. Дэпартамэнт ядзернай і радыяцыйнай бясьпекі МНС Беларусі ў красавіку анансаваў праект, які плянуюць рэалізаваць на тэрыторыі Палескага радыяцыйна-экалягічнага запаведніку. У яго межах, апроч павелічэньня кампэтэнцыі адмыслоўцаў у галіне радыяцыйнай бясьпекі, плянуюць паставіць вымяральнае абсталяваньне для ацэнкі радыяактыўнага забруджаньня навакольля і радыяцыйнага кантролю.

Чаму гэта важна

Пасьля жорсткага разгону акцыяў пратэсту, выкліканых фальсыфікацыяй вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе, міжнародныя арганізацыі спынілі ўсю фінансавую і тэхнічную дапамогу Беларусі.

У 2022 годзе, калі ўлады Беларусі падтрымалі расейскае ваеннае ўварваньне супраць Украіны, санкцыі сталі яшчэ больш жорсткімі — краіна страціла яшчэ і магчымасьці набываць за мяжой высокія тэхналёгіі і высакаякаснае абсталяваньне.

Як вынікае з публічных дакумэнтаў, структуры ААН аднавілі тэхнічную дапамогу Беларусі не пазьней 2024 году.

У сакавіку 2026 году стала вядома аб вылучэньні Кітаем фінансавай дапамогі для стварэньня міжраённага цэнтру спэцыялізаванай і высокатэхналягічнай мэдычнай дапамогі на базе Мазырскай цэнтральнай гарадзкой паліклінікі ў рамках Праграмы разьвіцьця ААН.

У сакавіку 2025 году анансавалі аднаўленьне дапамогі Глябальнага фонду прафіляктыцы і лячэньню ВІЧ і сухотаў, якую былі спынілі ў 2007 годзе.

У сьнежні 2024 году ўлады Беларусі паведамілі аб атрыманьні тэхнічнай дапамогі Міжнароднай арганізацыі міграцыі (IOM) на ўмацаваньне патэнцыялу Дзяржаўнага памежнага камітэту «ў сувязі з магчымым ростам колькасьці выпадкаў прыбыцьця мігрантаў на мяжу».

У траўні 2024 году стала вядома аб рэалізацыі пры ўдзеле МАГАТЭ двух праектаў — «Удасканаленьне нацыянальнай інфраструктуры радыяцыйнага маніторынгу і сыстэмы аварыйнага рэагаваньня» і «Ўмацаваньне інфраструктуры рэгуляваньня ў галіне ядзернай і радыяцыйнай бясьпекі на пачатковым этапе эксплюатацыі атамнай электрастанцыі».


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG