Расея так і не знайшла замены Starlink, Украіна пераймае перавагу на шэрагу ўчасткаў фронту

Украінскі вайсковец на фронце

Хада цяперашняй расейска-ўкраінскай вайны яскрава паказвае на важнасьць тэхналёгій і рэгулярнага поступу ў іх. Гэта адзін з найважнейшых чыньнікаў таго, што Расея зноў захрасла ў сваім прасоўваньні і зазнае неймаверна вялікіх стратаў штодня.

Міністар абароны Ўкраіны расказаў, як абаронцам дзяржавы ўдалося значна запаволіць прасоўваньне расейскіх войскаў і паступова перахапіць ініцыятыву на фронце. У першую чаргу, гэта самаахвярная праца ўкраінскіх вайскоўцаў. Іншым чыньнікам стала адключэньне Starlink для расейцаў і павелічэньне колькасьці ўдараў бесьпілётнікаў сярэдняй далёкасьці (middle strike).

Пра гэта міністар абароны Ўкраіны Міхаіл Фёдараў расказаў на сустрэчы з журналістамі, піша Ўкраінская служба Радыё Свабода.

Starlink расейцам адключылі ў лютым 2026 году, і тыя так і ня здолелі знайсьці паўнавартаснай замены, каб забясьпечыць бесьперабойную працу сеціва. Паводле Фёдарава, гэта дае ўкраінцам «крытычную перавагу на полі бою».

«Яшчэ адным важным чыньнікам стала разьвіцьцё кірунку сярэдняга ўдару. Мы пачалі актыўна закупляць бесьпілётнікі сярэдняга ўдару, і сёньня гэта адна з галоўных тэхналягічных пераваг на фронце. Мы сьвядома зрабілі стаўку на гэты кірунак, мы бачым вынік. Ужо прыкметная заканамернасьць: чым больш праціўніка зьнішчана на апэратыўнай глыбіні, тым менш штурмавых дзеяньняў адбываецца на фронце», — сказаў Фёдараў.

Ён назваў стратэгічнай задачай непасрэдна на полі бою «нанесьці ворагу ня менш за 200 ахвяр на кожны квадратны кілямэтар прасоўваньня».

Далей украінскі міністар абароны падрабязьней агучыў лічбы расейскіх стратаў на фронце, якіх тыя зазнаюць апошнім часам.

«Сёньня мы наносім ворагу катастрафічныя страты. У красавіку загінула або атрымала цяжкія раненьні 35 203 расейскіх жаўнераў — гэта тыя, хто ніколі ня вернецца на фронт. У сакавіку — 35 351, у сьнежні — 34 544. Усе гэтыя лічбы правераныя праз сыстэму „eBal“ і пацьверджаныя баявымі падразьдзеламі. Сёньня кожны кілямэтар прасоўваньня каштуе ворагу непрапарцыйна вялікіх стратаў. Калі ў кастрычніку Расея губляла 67 жаўнераў на квадратны кілямэтар прасоўваньня, дык у студзені — ужо 165, у лютым — 244, у сакавіку — 254, у красавіку — 179».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

На расейскага генэрала, «мясьніка з Бучы», учынілі замах

Інстытут вывучэньня вайны: Украіна вяртае перавагу

Амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны (ISW) апублікаваў чарговую справаздачу з фронту, у якой сьцьвярджае, што Ўкраіна пераймае ініцыятыву на шэрагу ўчасткаў фронту.

«Украінскія войскі ў апошнія месяцы правялі сэрыю контратак на розных участках фронту, дасягнуўшы найбольшых посьпехаў на полі бою з часу апэрацыі Ўкраіны ў Курскай вобласьці ў жніўні 2024 году. Украінскія контратакі адбілі значную частку Купянску, пачынаючы зь лістападу 2025 году, вызвалілі больш за 400 квадратных кілямэтраў на поўдні Ўкраіны зімой і вясной 2026 году, а зусім нядаўна, з канца красавіка 2026 году, вызвалілі некалькі населеных пунктаў на захадзе Запароскай вобласьці», — гаворыцца ў справаздачы.

На поўдні Ўкраіны, як пішуць у дакумэнце, у выніку ўкраінскіх дзеяньняў «Расея павінна выбіраць паміж абаронай ад украінскіх контратак і разьмеркаваньнем чалавечых рэсурсаў і сілаў на прыярытэтных дзялянках».

Што гэта значыць для хады вайны?

Узмоцненая ўкраінская кампанія ўдараў сярэдняй далёкасьці па расейскай лягістыцы, вайсковай тэхніцы і жывой сіле з пачатку 2026 году пагоршыла здольнасьць расейскіх войскаў праводзіць наступальныя апэрацыі па ўсім фронце і, верагодна, таксама спрыяла нядаўняму прасоўваньню Ўкраіны.

Якраз пра сярэднюю далёкасьць гэтым разам згадаў і Міхаіл Фёдараў.

Кіраўнік Узброеных сілаў Украіны Аляксандар Сырскі расказаў калегам з краінаў NATO пра посьпехі выкарыстаньня «тактыкі актыўнай абароны», якая, паводле слоў вайскавода, «дазваляе зьнясіліць праціўніка, аднавіць пазыцыі і нанесьці яму максымальныя страты».

Паводле яго слоў, «з пачатку 2026 году агульныя страты праціўніка ўжо перавысілі 141500 чалавек, зь якіх больш за 83000 — незваротныя».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зяленскі заявіў, што Ўкраіна падрыхтуе захады «дыпляматычнага ўзьдзеяньня» на Беларусь і непублічныя дзеяньні