Беларускія атлеты пад дзяржаўным сьцягам вяртаюцца на спаборніцтвы яшчэ ў чатырох відах спорту

Ілюстрацыйнае фота

Усясьветная фэдэрацыя танцавальнага спорту скасавала абмежаваньні для беларускіх спартоўцаў — цяпер яны змогуць удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах пад дзяржаўным сьцягам і з выкананьнем дзяржаўнага гімну.

Апроч таго, як паведаміла выданьне «Позірк» з спасылкай на Міністэрства спорту і турызму Беларусі, санкцыі супраць беларускіх спартоўцаў скасавалі Ўсясьветная канфэдэрацыя більярднага спорту, Міжнародная фэдэрацыя вадналыжнага спорту, Міжнародная фэдэрацыя муайтай (тайскага боксу).

Што папярэднічала і чаму гэта важна

Міжнародныя спартовыя фэдэрацыі і Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) увялі абмежаваньні для беларускіх спартоўцаў пасьля маштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году, якому спрыяў рэжым Лукашэнкі.

7 траўня Выканаўчы камітэт МАК скасаваў ранейшыя рэкамэндаваныя ўмовы ад 28 лютага 2022 году і 28 сакавіка 2023 году ў дачыеньні да Беларусі і беларускіх спартоўцаў, у тым ліку ахоўныя меры.

Пакуль толькі Ўсясьветная арганізацыя лёгкай атлетыкі (World Athletics) пакінула дзейным адхіленьне беларускіх спартоўцаў ад спаборніцтваў, што праходзяць пад яе эгідай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Усясьветная арганізацыя лёгкай атлетыкі адхіліла рэкамэндацыю МАК дапусьціць беларусаў да спаборніцтваў

Ці абавязковыя рэкамэндацыі МАК

У заяве Выканаўчага камітэту МАК ад 7 траўня адзначалася, што з сакавіка 2023 году спартоўцы зь беларускімі пашпартамі ўдзельнічалі ў якасьці індывідуальных нэўтральных спартоўцаў у шматлікіх міжнародных спартовых імпрэзах, у тым ліку ў Алімпійскіх гульнях 2024 году ў Парыжы і зімовых Алімпійскіх гульнях 2026 году ў Міляне, безь якіх-небудзь інцыдэнтаў на полі або па-за ім.

У МАК зьвярнулі ўвагу на тое, што сытуацыя з Расейскім алімпійскім камітэтам адрозьніваецца ад сытуацыі з Нацыянальным алімпійскім камітэтам Беларусі.

«НАК Беларусі мае добрую рэпутацыю і выконвае Алімпійскую хартыю», — гаворыцца ў тлумачэньні.

Дазвол на ўдзел у спаборніцтвах маюць даваць канкрэтныя арганізатары і міжнародныя фэдэрацыі, яны маюць зважаць на рэкамэндацыі МАК, але не абавязаныя зь імі пагаджацца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Міжнародная фэдэрацыя валейболу дазволіла зборнай Беларусі ўдзельнічаць у спаборніцтвах без абмежаваньняўМіжнародная фэдэрацыя боксу зьняла ўсе абмежаваньні, накладзеныя на беларускіх спартоўцаўМіжнародны зьвяз сучаснага пяціборства зьняў абмежаваньні на ўдзел беларускіх спартоўцаўМіжнародная фэдэрацыя гімнастыкі скасавала ўсе абмежаваньні для беларускіх спартоўцаў