Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародны зьвяз сучаснага пяціборства зьняў абмежаваньні на ўдзел беларускіх спартоўцаў

Cпаборніцтвы ў сучасным пяціборстве. Архіўнае фота
Cпаборніцтвы ў сучасным пяціборстве. Архіўнае фота

Так Міжнародны зьвяз сучаснага пяціборства выканаў рэкамэндацыю Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) што да беларускіх спартоўцаў.

Выканаўчая рада Міжнароднага зьвязу сучаснага пяціборства (Union Internationale de Pentathlon Moderne, UIPM) 12 траўня ўхваліла рашэньне дазволіць беларускім спартоўцам і камандам паўнавартасна прэзэнтаваць сваю дзяржаву на турнірах пад эгідай арганізацыі. Зьвяз такім чынам першым выканаў адпаведную рэкамэндацыю МАК.

Спартоўцы і каманды зь Беларусі змогуць свабодна прэзэнтаваць краіну ў спаборніцтвах UIPM з наступнага тыдня.

Пасьля таго, як UIPM прыняў ранейшыя рэкамэндацыі Міжнароднага алімпійскага камітэту ў сакавіку 2023 году, беларускія атлеты спаборнічалі як індывідуальныя нэўтральныя спартоўцы (AIN).

7 траўня 2026 году МАК рэкамэндаваў вызваліць беларускіх спартоўцаў і каманды ад усіх абмежаваньняў, якія застаюцца ва ўсясьветным спорце, таму UIPM здымае абмежаваньні для беларускіх спартсмэнаў. Рашэньне ўступае ў сілу неадкладна і датычыць усіх спаборніцтваў UIPM (акрамя будучага Кубку сьвету ў Пазарджыку).

Беларускім спартоўцам будзе дазволена спаборнічаць у сваёй нацыянальнай форме, зь дзяржаўным сьцягам і гімнам. Фэдэрацыя сучаснага пяціборства Беларусі зможа адпраўляць спартсмэнаў на спаборніцтвы UIPM, пачынаючы з Кубку сьвету UIPM у пяціборстве ў Будапэшце з 9 па 13 чэрвеня 2026 году.

Тым часам статус AIN для расейскіх спартоўцаў застаецца ў сіле.

Сучаснае пяціборства стала яшчэ адным відам спорту, дзе міжнародныя структуры вяртаюць Беларусі права паўнавартаснага ўдзелу ў міжнародным спорце.

У апошнія месяцы шэраг міжнародных фэдэрацый ужо пачалі зьмякчаць або скасоўваць абмежаваньні для беларускіх атлетаў. Адпаведныя рашэньні былі прынятыя для водных відаў спорту, гандболу, іншых дысцыплінаў.

Беларускія пяціборцы маюць посьпехі на міжнароднай арэне, гэта ў прыватнасьці Анастасія Малашанока, Марыя Гнедчык і Іван Хамцоў.

Ці абавязковыя рэкамэндацыі МАК

7 траўня Выканаўчы камітэт МАК скасаваў ранейшыя, рэкамэндаваныя 28 лютага 2022 году і 28 сакавіка 2023 году, умовы ўдзелу Беларусі і беларускіх спартоўцаў у спаборніцтвах, у тым ліку засьцерагальныя захады.

У заяве гаворыцца, што з моманту публікацыі гэтых рэкамэндацыяў МАК ад 28 сакавіка 2023 году спартоўцы зь беларускімі пашпартамі ўдзельнічалі ў якасьці індывідуальных нэўтральных спартоўцаў у шматлікіх міжнародных спартовых імпрэзах, у тым ліку ў Алімпійскіх гульнях 2024 году ў Парыжы і зімовых Алімпійскіх гульнях 2026 году ў Міляне, безь якіх-небудзь інцыдэнтаў на полі або па-за ім.

У заяве МАК адзначаецца, што сытуацыя з Расейскім алімпійскім камітэтам адрозьніваецца ад сытуацыі з Нацыянальным алімпійскім камітэтам Беларусі.

«НАК Беларусі мае добрую рэпутацыю і выконвае Алімпійскую хартыю», — гаворыцца ў тлумачэньні.

Дазвол на ўдзел у спаборніцтвах маюць даваць канкрэтныя арганізатары і міжнародныя фэдэрацыі, яны маюць зважаць на рэкамэндацыі МАК, але не абавязаныя зь імі пагаджацца.

Напрыклад, Усясьветная арганізацыя лёгкай атлетыкі (World Athletics) пакідае ў сіле адхіленьне беларускіх спартоўцаў ад спаборніцтваў пад сваёй эгідай, паведаміла The Times. Выданьне цытуе заяву World Athletics:

«Наша Рада прыняла яснае рашэньне: толькі тады, калі намеціцца рэальны зрух у бок мірных перамоваў [аб Украіне], яна можа пачаць перагляд сваіх пастановаў. Мы ўсе спадзяемся, што гэта адбудзецца неўзабаве, але да таго часу Рада захоўвае адзінства ў падтрымцы рашэньня, прынятага ў сакавіку 2022 году і пацьверджанага ў 2023 і 2025 гадах».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG