Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародная фэдэрацыя боксу зьняла ўсе абмежаваньні, накладзеныя на беларускіх спартоўцаў

На Алімпійскіх гульнях — 2020. Ілюстрацыйнае фота
На Алімпійскіх гульнях — 2020. Ілюстрацыйнае фота

Міжнародная фэдэрацыя боксу (World Boxing), якая рэгулюе аматарскі бокс, выканала рэкамэндацыі Міжнароднага алімпійскага камітэту і дазволіла беларускім спартоўцам выступаць на спаборніцтвах пад дзяржаўным сьцягам.

Як сказана ў афіцыйным паведамленьні, зьняцьце абмежаваньняў для Беларусі ўступае ў сілу неадкладна, і цяпер беларускія баксэры могуць без абмежаваньняў удзельнічаць ува ўсіх міжнародных спаборніцтвах, арганізаваных World Boxing, яе Кантынэнтальнай канфэдэрацыяй для Эўропы, European Boxing, а таксама ў міжнародных спаборніцтвах, арганізаваных нацыянальнымі фэдэрацыямі — сябрамі World Boxing.

Абмежаваньні зьнялі і з трэнэраў, дапаможнага пэрсаналу і афіцыйных асобаў, якія суправаджаюць беларускіх баксэраў.

Абмежаваньні для расейскіх баксэраў засталіся.

У канцы красавіка World Boxing дапусьціла баксэраў зь Беларусі і Расеі да ўдзелу міжнародных спаборніцтвах у якасьці індывідуальных нэўтральных спартоўцаў.

Міжнародная фэдэрацыя боксу (World Boxing) была створаная ў 2023 годзе. Гэтая новая спартовая арганізацыя каардынуе аматарскі бокс і накіроўвае сваю дзейнасьць на захаваньне яго ў праграме Алімпійскіх гульняў. Арганізацыя зьявілася як альтэрнатыва Міжнароднай асацыяцыі боксу (IBA) праз праблемы з празрыстасьцю ў апошняй, яе часова прызнаў Міжнародны алімпійскі камітэт. Арганізацыю ачольвае баксэр з Казахстану Генадзь Галоўкін.

12 траўня абмежаваньні для беларускіх спартоўцаў з рэкамэндацыі Міжнароднага алімпійскага камітэту зьняў Міжнародны зьвяз сучаснага пяціборства.

Чаму гэта важна

Міжнародныя спартовыя фэдэрацыі і Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) увялі абмежаваньні для беларускіх спартоўцаў пасьля маштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году, якому спрыяў рэжым Лукашэнкі.

7 траўня Выканаўчы камітэт МАК скасаваў ранейшыя рэкамэндаваныя ўмовы ад 28 лютага 2022 году і 28 сакавіка 2023 году датычна да Беларусі і беларускіх спартоўцаў, у тым ліку ахоўныя меры.

Пакуль што толькі Ўсясьветная арганізацыя лёгкай атлетыкі (World Athletics) пакінула дзейным адхіленьне беларускіх спартоўцаў ад спаборніцтваў, што праходзяць пад яе эгідай.

Ці абавязковыя рэкамэндацыі МАК

У заяве Выканаўчага камітэту МАК ад 7 траўня адзначалася, што з сакавіка 2023 году спартоўцы зь беларускімі пашпартамі ўдзельнічалі ў якасьці індывідуальных нэўтральных спартоўцаў у шматлікіх міжнародных спартовых імпрэзах, у тым ліку ў Алімпійскіх гульнях 2024 году ў Парыжы і зімовых Алімпійскіх гульнях 2026 году ў Міляне, безь якіх-небудзь інцыдэнтаў на полі або па-за ім.

У МАК зьвярнулі ўвагу на тое, што сытуацыя з Расейскім алімпійскім камітэтам адрозьніваецца ад сытуацыі з Нацыянальным алімпійскім камітэтам Беларусі.

«НАК Беларусі мае добрую рэпутацыю і выконвае Алімпійскую хартыю», — гаворыцца ў тлумачэньні.

Дазвол на ўдзел у спаборніцтвах маюць даваць канкрэтныя арганізатары і міжнародныя фэдэрацыі, яны маюць зважаць на рэкамэндацыі МАК, але не абавязаныя зь імі пагаджацца.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG