Новыя мэтады КДБ. Як спэцслужбы зараз вэрбуюць беларусаў і якім чынам гэтаму можна супрацьстаяць

Старшыня КДБ Беларусі Іван Тэртэль. Фота president.gov.by

Сьцісла

  • Кадэбісты вэрбуюць беларусаў і ў Беларусі, і за мяжой.
  • Вэрбаваньне стала сыстэмным.
  • Спэцслужбы Беларусі сталі ўжываць элемэнты тэхналёгіі продажаў.
  • Яны цяпер высьвятляюць ня толькі болевыя пункты, але і патрэбы чалавека.
  • Кожны сам вырашае, у якой ступені яму супрацоўнічаць з КДБ.
Кадэбісты сталі сыстэмна прапаноўваць беларусам супрацоўніцтва. У перамовах яны выкарыстоўваюць новыя мэтады. Спэцыяліст у бясьпецы і праваабаронца падзяліліся з Свабодай тым, як можа адбывацца гэты працэс і што варта рабіць, калі вас вэрбуюць.

Тэхнікі продажаў

Міхал* (мы не называем ягонага імя дзеля бясьпекі, рэдакцыя мае сапраўдныя дадзеныя гэтага чалавека. — РС) займаецца пытаньнямі бясьпекі беларусаў з 2021 году. Ён дапамагае запэўніваць бясьпеку людзям унутры краіны, у тым ліку пры затрыманьнях і допытах, а таксама ў розных ініцыятывах і арганізацыях, праводзіць трэнінгі і кансультацыі ў бясьпецы.

Спэцслужбы Беларусі, з назіраньняў Міхала, сталі прапаноўваць супрацу зь імі сыстэмна. Такую тэндэнцыю суразмоўца заўважыў у апошнія месяцы. Ён сьцьвярджае, што ведае пра дзясятак выпадкаў з пачатку гэтага году, калі беларусаў спрабавалі завэрбаваць.

«Кадэбісты праходзяць па людзях, тэлефануюць ім, выклікаюць на размовы з адной толькі мэтай — каб паразмаўляць пра вэрбаваньне», — расказвае экспэрт.

Праваабаронца «Вясны» і былы палітвязень Валянцін Стэфановіч мяркуе, што рост колькасьці спробаў вэрбаваньня выглядае лягічна, бо агулам сілавікі і спэцслужбы актывізаваліся.

«Гэта іхнае супрацьдзеяньне той грамадзкай актыўнасьці, якая была пасьля 2020 году», — кажа праваабаронца.

Валянцін Стэфановіч пасьля вызваленьня і выдварэньня ў Літву. 19 сакавіка 2026

Падыходы спэцслужбаў цяпер таксама зьмяніліся, заўважае Міхал. Раней, паводле яго, яны працавалі больш нязграбна: часам праз пагрозы, часам, наадварот, гулялі ў злога і добрага паліцыянта. Але рабілі гэта менш мэтанакіравана: «Не атрымалася — не атрымалася».

«Цяпер яны выкарыстоўваюць тэхнікі продажаў. Высьвятляюць патрэбы „кліента“. Перабіраюць: ці чалавек хоча трапіць дадому, калі ён у эміграцыі, а калі людзі ў Беларусі — якія пляны на жыцьцё, сваё ці родных. Прамацваюць, як чалавек ставіцца да сваёй маёмасьці, якую могуць „адціснуць“. Калі бачаць, што тут не зачапіла, там не зачапіла, то ідуць далей», — расказвае суразмоўца.

Яны рэагуюць на такія патрэбы: прыкладам, абяцаюць дапамагаць у бізнэсе, адзначае экспэрт у бясьпецы.

«Яны дазваляюць сабе панібрацкія размовы, недзе прыніжаюць сябе, называюць сябе „чэкістамі“. Пераконваюць, што людзям было б няблага мець такіх, як яны, сяброў — кшталту „я табе буду дапамагаць у будучыні“», — апісвае захады кадэбістаў спэцыяліст у бясьпецы.

«Мы помнім, што ў цябе і бацькі ёсьць»

У такіх перамовах, заўважае Міхал, месца для пагрозаў застаецца мала.

«Яны могуць трохі намякнуць: „Мы памятаем, што ў цябе яшчэ і бацькі ёсьць“ — і ўсё», — цытуе ён.

Але часам у такой размове больш пагрозаў. Спэцыяліст узгадвае выпадак, калі кадэбіст шукаў некалькі болевых пунктаў чалавека: «праходзіўся па бацьках, па маме, па родных, па пачуцьці віны».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Самая закрытая, самая ўплывовая, самая нечаканая. Расказваем пра дасьледаваньне, прысьвечанае спэцслужбам Беларусі

«Калі людзі трапляюць у пастку з допытамі, то іх пасьля пачынаюць „весьці“ як кліентаў у продажах, рэгулярна пісаць ім. Відаць, што кадэбіст піша не таму, што яму насамрэч цікава і ён помніць пра свайго „кліента“. Пакуль ён ня піша, ён забываецца (на дэталі. — РС) — гэта відаць зь перапіскі», — тлумачыць экспэрт.

Здараецца, што кадэбіст размаўляе з чалавекам аб справе, зьвязанай з пратэстамі, а потым даведваецца, што той працуе, прыкладам, на дзяржаўнай пасадзе, і тады пераключаецца на абстаноўку на працы: «Вельмі цікава, што ў вас адбываецца ў калектыве»,

«Яны зьбіраюць ня толькі інфармацыю аб пратэстах. Ім важна разумець усё, што адбываецца ў краіне», — тлумачыць знаўца.

Супрацоўнікі КДБ вэрбуюць розныя групы беларусаў, адзначае Міхал: за мяжой і ў Беларусі, моладзь і старэйшае пакаленьне, арганізаваных актывістаў і «залётных людзей пратэставых настрояў, якія несыстэмна займаюцца нейкай актыўнасьцю».

«Ёсьць пэўныя трыгеры, празь якія людзі засьвяціліся ў сьпісах КДБ, я не магу пра іх казаць (бо гэта можа выкрыць людзей, зь якімі ён працуе, і нашкодзіць ім. — РС). Але гэта ня тыя, хто шпацыраваў на пратэстах у дваццатым годзе. Гэта людзі, прыстасаваныя да нашай дэмакратычнай супольнасьці цяпер, якія ў рознай ступені займаліся грамадзкімі справамі пасьля 2020 году або якіх кадэбісты падазраюць ва ўдзеле ў грамадзка-палітычных працэсах», — кажа суразмоўца.

Сядзіба КДБ у Менску. Архіўнае фота

Ён дадае, што зараз кансультуе звычайна тых, хто не пагадзіўся на супрацу з КДБ.

«Некаторыя адразу (пасьля спробы вэрбаваньня. — РС) выяжджаюць за мяжу», — камэнтуе экспэрт.

Міхал заўважае, што часам за адмову ад супрацы могуць быць непрыемныя наступствы. Аднак, зь ягоных назіраньняў, часьцей пакараньня за гэта ня будзе. Здаралася, што супрацоўнік пагражаў, але ў выніку пагрозы аказваліся пустымі.

«Ім нашмат прасьцей знайсьці кагосьці, хто пагодзіцца на супрацу, чым (пераконваць) кагосьці, хто ўнікае супрацы», — заўважае ён.

Суразмоўца зьвяртае ўвагу, што кадэбісты рэдка караюць родных за дзеяньні іхнага блізкага.

«Але яны могуць прыйсьці да нашых родных і знайсьці ў іхных тэлефонах „кампрамат“. Тады гэта будзе іншая размова. У іншых сытуацыях пужалкі накшталт „Мы тваіх родных пасадзім“ — хутчэй за ўсё, толькі пужалкі. Я не кажу пра ціск у выглядзе „разьнесьці хату“ — ператрус, калі здымаюць падлогу, адбіваюць плітку, ці пяцігадзінны допыт — гэта можа быць. Але сапраўднае крымінальнае пакараньня не наступае», — заўважае экспэрт у бясьпецы.

Ён падкрэсьлівае, што кожны чалавек сам вырашае, наколькі яму супрацоўнічаць са спэцслужбамі.

«Але супрацоўніцтва ніколі не прыводзіла да сапраўднай свабоды. Бо калі чалавек сядае на кручок, то кадэбіст намагаецца трымаць яго як мага даўжэй і „даіць“ як мага больш. Калі ён захоча потым сысьці, то помста і ціск ад кадэбістаў будуць нашмат большыя, чым калі б ён зрабіў гэта адразу», — адзначае экспэрт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

BelPol: Траціна крымінальных спраў, якімі займаўся КДБ Беларусі летась, — палітычна матываваныя

Ён згадвае выпадкі, у якіх «чалавек паказаў сваю слабасьць і пагадзіўся на супрацу, але яшчэ нічога не расказаў».

«Мне потым вельмі доўга трэба было выводзіць яго з-пад уплыву кадэбіста. Я суправаджаў чалавека, увесь час быў зь ім на сувязі, каб ён мог правільна адказваць на паведамленьні і падтрымліваць свой псыхалягічны стан. Гэта нашмат складаней, чым адразу адмовіцца або так пагадзіцца, каб вы нічым не былі забавязаныя», — кажа Міхал.

«Мянтоўскі развод»

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч расказаў, што летась у чэрвені, калі ён знаходзіўся ў магілёўскай турме, яго выклікалі да супрацоўніка ГУБАЗіК.

«Ён спрабаваў мне давесьці, як было б добра, калі б я пайшоў на дыялёг зь імі і расказаў бы пра Бяляцкага, пра валянтэраў, бо мне яшчэ шмат сядзець, а ўсіх вызваляюць. Падманваў мяне, маўляў, Лабковіча вызвалілі, а Бяляцкага ў шпіталь завезьлі. Я, седзячы ўжо пяты год, разумеў, што гэта на тамтэйшай мове „мянтоўскі развод“. Весьціся я на такое не зьбіраўся. Я паставіў сябе ў менш уразьлівую пазыцыю і адказаў: „А што мне тут сядзець засталося — тры з паловай гады“», — успамінае былы палітвязень.

У адказ на гэта сілавік намякнуў, што Стэфановіч можа сядзець і даўжэй за гэты тэрмін. Але Валянцін пагадзіўся і на даўжэйшы, бо, кажа, ужо сапраўды прывык сядзець і гатовы да рознага. У выніку супрацоўнік ня меў чым застрашваць праваабаронцу.

Валянцін Стэфановіч расказвае пра іншы выпадак, пра які ведае з словаў старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага. Паводле яго, за адмову супрацоўнічаць вязьню дадалі два гады няволі нібыта за «злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі» (411 артыкул Крымінальнага кодэксу).

Старшыня КДБ Беларусі Іван Тэртэль на прыёме ў Лукашэнкі

Былы палітвязень адзначае, што за адмову супрацоўнічаць з адміністрацыяй калёніі яна можа значна пагоршыць становішча чалавека за кратамі. Прыкладам, зрабіць правакацыю, каб перавесьці чалавека ў «нізкі статус». Праваабаронца пагаджаецца, што кожны сам вызначае межы супрацы з адміністрацыяй калёніі або спэцслужбамі.

«Адзін зэк, зь якім я сядзеў у крытай турме, даў мне параду: „Ты нічога не рабі такога, што потым будзе мучыць тваё сумленьне“. Таму калі я пайшоў да ГУБАЗіКа і сказаў „не“, мне стала так лёгка на душы, як камень зваліўся. Навошта гэта трэба? Мне потым з гэтым цяжка жыць будзе», — кажа Стэфановіч.

Праваабаронца зьвяртае ўвагу, што паводле закону ўсякая супраца грамадзянаў Беларусі з спэцслужбамі мае адбывацца добраахвотна, «але на закон цяпер ніхто не зважае».

Што рабіць?

Парады ад спэцыяліста ў бясьпецы Міхала тым, хто ня хоча супрацоўнічаць з спэцслужбамі:

1. Можна пагадзіцца

Седзячы ў кабінэце КДБ, можна пагадзіцца на супрацоўніцтва.

2. Расказваць асьцярожна

Далей яшчэ ў гэтай першай размове варта думаць, як камунікаваць далей, быць асьцярожным у словах. Асабліва калі гэта актывіст, чалавек, які валодае важнай, уразьлівай інфармацыяй. Яму варта памятаць, што ён можа падставіць самога сабе пад крымінальную адказнасьць, нават калі будзе расказваць нібыта пра іншых.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Шпіёнка КДБ выкарыстоўвала інтымныя зносіны ў апэратыўнай дзейнасьці ва Ўкраіне, — сьледзтва

3. Імкнуцца маўчаць

У далейшай камунікацыі з супрацоўнікамі спэцслужбаў можна імкнуцца маўчаць.

«Цікавасьць супрацоўнікаў КДБ да чалавека падвышаецца, калі ён пачынае нешта апавядаць».

4. Не сустракацца зноў

Кадэбісты перапісваюцца з сваім «кліентамі» і часам сустракаюцца зь імі ў нефармальнай атмасфэры. Варта «ўсімі сіламі намагацца не хадзіць на такія сустрэчы», дзеля гэтага «праяўляць творчасьць», а таксама паказваць кадэбісту, што кантакт усё адно ня будзе плённым.

5. Ня езьдзіць на імпрэзы па заданьні

Кадэбісты просяць сваіх агентаў езьдзіць на розныя падзеі і «зьліваць» адтуль інфармацыю. Міхал рэкамэндуе адмаўляцца і ня езьдзіць. Калі чалавек усё ж паехаў, то не прывозіць адтуль ніякай інфармацыі, акрамя таго, што было ў анонсе.

Арганізатарам імпрэзаў варта памятаць, што частка ўдзельнікаў могуць быць сапраўднымі агентамі на заданьні КДБ. Таму арганізатарам варта выбудоўваць праграму падзеі і бясьпеку на ёй так, каб «крот» не знайшоў ніякай уразьлівай інфармацыі, асабліва пра іншых удзельнікаў, бо гэтая інфармацыя найважнейшая.

6. Расказаць на працы

Калі чалавек працуе ў «цікавым» для спэцслужбаў калектыве, яму варта паведаміць калегам, што яго схілялі да супрацоўніцтва або што ён пагадзіўся. Прынамсі паведаміць пра гэта кіраўніку арганізацыі і спэцыялісту ў бясьпецы, калі такі ёсьць (варта, каб ён быў у калектыве), і разам вырашыць, ці расказваць астатнім. Бо ў адным выпадку людзі могуць спужацца, у іншым — лепш падрыхтавацца да таго, што будзе далей.

«Калі мы дэстыгматызуем такія выпадкі — калі я, умоўна, раскажу пра гэта публічна (пра тое, што яго завэрбавалі. — РС), то калі мой сябар трапіць у такую ж сытуацыю, ён успомніць: „Гэта ня страшна. Гэта ўжо здаралася. Я таксама раскажу“. А калі чалавек замоўчвае, гэта павышае рызыку трапіць у залежнасьць ад кадэбістаў», — тлумачыць Міхал.

Далей варта «зьмяняць сваю рэчаіснасьць так, каб не залежаць ад кадэбістаў». Калі чалавек жыве ў Беларусі, то, магчыма, варта зьехаць з краіны.

«Але я не магу раіць зьяжджаць. Тыя, хто зьехаў, апынуліся ў бясьпецы. Але эміграцыя — гэта вельмі складана», — кажа суразмоўца.

Кіраўнікам такога работніка трэба падумаць, ці пакідаць чалавека на працы, а калегам — ці могуць яны далей яму давяраць.

7. Расказаць публічна

Варта зрабіць публічную заяву аб тым, што чалавек пагадзіўся на супрацу з КДБ, асабліва калі гэта публічны чалавек. Аднак калі чалавек знаходзіцца ў Беларусі, то такую заяву рабіць у сёньняшніх умовах небясьпечна.

«Гэта здымае з чалавека падазрэньні, павялічвае імавернасьць займець падтрымку, тады ён не застанецца адзін у гэтай бядзе. Калі гэтага чалавека ёсьць за што зачапіць, то грамадзтва, думаю, будзе яго падтрымліваць. Для кадэбістаў гэта сьцяг: „Я ня з вамі. Вы ня можаце мне давяраць. Любую нашую з вамі размову я кудысьці перадам“. Тады падыход кадэбістаў „разьдзяляй і валадар“ не працуе. Ім прасьцей знайсьці іншага чалавека для супрацоўніцтва», — тлумачыць Міхал, як працуе публічная заява пра супрацу з КДБ.

8. Не расказваць публічна

Калі чалавек у Беларусі або калі ён разумее, што ў кадэбістаў вельмі вялікая магчымасьць уплыву на яго, тады лепш больш асьцярожна «зьлівацца» з размовы і з супрацоўніцтва, «не нахабна».

9. Завяршыць камунікацыю

Часам чалавек нават за мяжой вымушаны ўступіць у размову або перапіску з супрацоўнікам КДБ, бо яму або іншым нешта пагражае. Тады варта зрабіць так, каб гэтая камунікацыя была апошняй або адной з апошніх. Варта паказаць: «У вас не атрымалася мяне даціснуць».

10. Праігнараваць, заблякаваць

Калі няма пагрозы і такой вымушанай неабходнасьці камунікаваць, то можна праігнараваць паведамленьне і заблякаваць карыстальніка. Пры гэтым можна зьмясьціць скрыншот паведамленьня ад супрацоўніка на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках.

«Праз такія публічныя паведамленьні кадэбісты бачаць, што мы як грамадзтва цэласныя, што мы адно за аднаго стаім, што не атрымаецца нават спробу размовы пакінуць у таямніцы. Яе можна параўнаць з аб’юзіўнымі адносінамі», — адзначае спэцыяліст у бясьпецы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Латушка заявіў аб пагрозах і спробах вярбоўкі спэцслужбамі Беларусі супрацоўнікаў НАУ

11. Кансультацыя ў бясьпецы

Калі чалавек хоча пракансультавацца наконт свайго індывідуальнага выпадку прапановы супрацы ад спэцслужбаў, то кантакты спэцыялістаў у бясьпецы можна шукаць праз арганізацыі дапамогі ці праз дасьведчаных знаёмых.

«Калі чалавек быў актывістам, то хутчэй за ўсё мае знаёмых, праз якіх можна знайсьці экспэртаў у бясьпецы. Калі чалавек ня быў актывістам і ня мае такіх кантактаў, то яму варта адыходзіць ад рознага кшталту супрацы, нічога яму ня будзе. 90% вядомых мне допытаў і ціску на людзей адбываюцца ў межах закону. Я ня ведаю выпадкаў, каб кадэбісты прыцягнулі „левага“ чалавека, прыдумалі яму артыкул і пасадзілі або прымусілі нешта рабіць. Часьцей за ўсё яны зьвязваюць свае захады з рэчаіснасьцю», — мяркуе суразмоўца.

12. Быць падрыхтаваным

Калі чалавек жыве ў Беларусі, яму варта быць падрыхтаваным да допытаў, трымаць тэхніку «чыстай», а жытло без «кампрамату». Пачытаць у інтэрнэце парады, як варта сябе паводзіць на допытах, а лепш зьвярнуцца да спэцыялістаў.

«На саміх допытах памятаць, што ўсё сказанае будзе выкарыстоўвацца супраць чалавека, акуратна падбіраць словы», — тлумачыць экспэрт.

Кадэбісты могуць патаемна ўсталёўваць праслухоўваньне ў жытле або аўтамабілі актыўным людзям. Актывістам лепш праводзіць важныя размовы ў навушніках, а не на гучнай сувязі, і ня весьці іх дома ці ў машыне.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч таксама рэкамэндуе апублічваць тое, што чалавек пагадзіўся на супрацу з КДБ, але рабіць гэта толькі ў бясьпечным месцы, не ў Беларусі. Калі чалавек знаходзіцца за мяжой, на думку праваабаронцы, ня варта адказваць на такія лісты і можна блякаваць іх аўтара.

«Зь імі жарты небясьпечныя. Калі чалавек думае, што ён іх неяк абхітрыць і абгуляе, то гэта дарэмна», — падсумоўвае Стэфановіч.