Стаў вядомы аб’ём крэдытаваньня малочна-таварных комплексаў, якія Лукашэнка лічыць рухавіком разьвіцьця вёсак

Ілюстрацыйнае фота

Урад Беларусі зацьвердзіў аб’ём крэдытаў, якія цягам 2026 году павінен вылучыць «Белаграпрамбанк» на стварэньне і рэканструкцыю малочна-таварных комплексаў.

Як вынікае з апублікаванай на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі пастановы, сёлета 17 гаспадарак атрымаюць агулам 105,63 мільёна рублёў.

Найбольш крэдытаў — 43 мільёны рублёў — атрымаюць комплексы ў Магілёўскай вобласьці. У гэтым рэгіёне і сама больш комплексаў — іх сем, але 4 зь іх належаць ААТ «Бабушкіна крынка».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Менскай вобласьці плянуюць пабудаваць 111 «прафілякторыяў» для цялят, пра якія казаў Лукашэнка. ФОТА

Што папярэднічала

Ільвіную долю ўвагі і свайго працоўнага часу Лукашэнка аддае сельскай гаспадарцы, лічыць яе амаль галоўнай сфэрай эканомікі. Але насамрэч доля сельскай гаспадаркі складае менш за 7% валавога ўнутранага прадукту (ВУП) Беларусі, там працуюць каля 9% ад усіх занятых.

Лукашэнка штогод праводзіць нарады аб разьвіцьці аграпрамысловага комплексу Беларусі. У 2023 годзе ён заявіў, што найбліжэйшымі гадамі ў кожнай вобласьці павінны збудаваць ці рэканструяваць па 10 малочна-таварных комплексаў.

«Нам фэрмы не патрэбныя. Нам патрэбныя малочна-таварныя комплексы, дзе ў палацы стаіць карова, мы атрымліваем чыстае малако і дзяцей можам карміць», — заявіў Лукашэнка на нарадзе 22 верасьня 2023 году.

Лукашэнка мяркуе, што вакол такіх комплексаў павінны стварацца сучасныя ўмовы для жыцьця людзей, уключна з будаўніцтвам жыльля, дарог і інфраструктуры.

Згодна з афіцыйнай статыстыкай, у 2025 годзе прырост вытворчасьці ў сельскай гаспадарцы склаў 0,2%. Пры гэтым у Віцебскай вобласьці вытворчасьць сельскай гаспадаркі зьнізілася на 2,7%, у Менскай — на 2,4%, у Горадзенскай — на 1,7%. Пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў 2025 годзе зьнізілася на 3%, у тым ліку кароў — на 2%, а сьвіней — на 1,6%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Архаічнасьць Лукашэнкі ўсё больш кідаецца ў вочы, — Карбалевіч