Агулам у Беларусі хочуць пабудаваць 500 такіх прыстасаваньняў для маладняка буйной рагатай жывёлы. У Менскай вобласьці тым часам ужо паказалі, які яны выглядаюць.
Як паведамляе дзяржаўнае выданьне «Мінская праўда», у Менскай вобласьці прайшла нарада, на якой вывучалі досьвед, як не дапусьціць паморку жывёлы, асабліва цялят.
Вывучыўшы «пасьпяховыя практыкі» кармленьня і ўтрыманьня жывёлы, старшыня Менскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка заявіў, што ў вобласьці пабудуюць 111 «прафілякторыяў для цялят».
Удзельнікі сэмінару сабраліся на базе гаспадаркі «Ігнацічы» ў Менскім раёне.
«Мінулыя маразы паказалі, што найбольш уразьлівая катэгорыя — цяляты ва ўзросьце да трох месяцаў. У сувязі з гэтым прынята рашэньне пабудаваць сёлета 111 прафілякторыяў, разьлічаных на 20 тысяч галоў»,— заявіў Кушнарэнка.
Ідэю будаўніцтва прафілякторыяў (індывідуальных домікаў) для цялят як абавязковага элемэнта пры кожным малочнатаварным комплексе ў Беларусі для прадухіленьня паморку жывёлы пачаў прасоўваць Лукашэнка.
Паморак жывёлы ў Беларусі
Пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў 2025 годзе зьнізілася на 3%, у тым ліку кароў — на 2%, а сьвіней — на 1,6%.
Пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў Віцебскай вобласьці зьнізілася яшчэ больш — на 10,3%, у Гомельскай — на 5%, у Магілёўскай — на 1,4%.
На паморак жывёлы шмат наракаў Аляксандар Лукашэнка. На нарадзе ў Віцебску 24 кастрычніка 2025 ён крытыкаваў мясцовых кіраўнікоў.
«Мы аналізуем сытуацыю ў вобласьці. Яна сумная. Яна горшая, чым дзе-небудзь, нават у тых пытаньнях, якія для нас непрымальныя, як падзеж жывёлы. У вас рост 140% да ўзроўню мінулага году. Гэта для мяне непрымальна», — заявіў тады Лукашэнка.
Форум