Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны заявіў пра расейскую пагрозу з боку Беларусі

Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандр Сырскі

Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандр Сырскі заявіў, што вырасла верагоднасьць новага расейскага ўдару па Ўкраіне з тэрыторыі Беларусі. Раней з такой заявай выступаў прэзыдэнт Ўкраіны Ўладзімір Зяленскі.

Украінскае інфармацыйнае агенцтва УНІАН 19 траўня цытуе інтэрвію ўкраінскага генэрала Аляксандра Сырскага пра пагрозу новага расейскага наступу з боку Беларусі:

«Тэндэнцыя да таго, што лінія фронту будзе павялічвацца. Вы ведаеце апошнія зьвесткі нашай выведкі, і заявы нашага прэзыдэнта пра пагрозу Расеі з боку Беларусі. Магчымы апэрацыя на поўначы, гэта рэальна, і мы ведаем гэтыя зьвесткі, расейскі генштаб зараз актыўна пралічвае гэтыя апэрацыі. Мы ведаем гэта».

Але ва ўкраінскім войску ёсьць і іншыя меркаваньні. Пра тое, што спробы Расеі ўцягнуць Беларусь у вайну — ня больш чым шантаж, асабліва пасьля зьняцьця санкцый ЗША з гэтай краіны, заявіў кіраўнік Рады рэзэрвістаў Сухапутных войскаў Узброеных сіл Украіны Іван Тымочка ў эфіры Ўкраінскага радыё.

«Мы разумеем, які паток матэрыялаў, надзвычай неабходных Расеі, туды хлынуў. Я маю на ўвазе ня толькі сыравіну, але і паток гатовай прадукцыі. Гэта факт. І Пуцін добра ведае: калі ўзмацненьне баявых дзеяньняў з гэтага кірунку будзе ў бок Украіны ці краін NATO, то ўсе магчымыя каналы і шляхі аўтаматычна будуць перакрытыя. Гэта адназначна, і ён гэта ўсьведамляе».

Паводле слоў украінскага вайскоўца, геаграфічна і кліматычна Беларусь не зьяўляецца той краінай, якую можна выкарыстоўваць як магутны пляцдарм для наступу на Ўкраіну, бо мясцовасьць там вельмі лясістая і балоцістая.

Што папярэднічала

15 траўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі правёў нараду з кіраўнікамі выведных структур Узброеных сіл, Міністэрства абароны і Службы бясьпекі, а па яе выніках заявіў, што Расея плянуе ўдары з тэрыторыі Беларусі па Ўкраіне альбо па адной з краін NATO. Раней ужо гучалі папярэджаньні Кіева, што Расея можа паўтарыць такі досьвед 2022 году.

Паводле Зяленскага, Украіне вядома аб тым, што паміж расейцамі і Аляксандрам Лукашэнкам адбыліся «дадатковыя кантакты, накіраваныя на тое, каб пераканаць яго далучыцца да новых расейскіх агрэсіўных апэрацый».

У прыватнасьці, па словах Зяленскага, Расея разглядае пляны апэрацый у накірунках на поўдзень і поўнач ад тэрыторыі Беларусі — альбо супраць Чарнігава-Кіеўскага напрамку ва Ўкраіне, альбо супраць адной з краін NATO — менавіта з тэрыторыі Беларусі. Украіна валодае падрабязнасьцямі размовы паміж Расеяй і Беларусьсю.

Апоўдні 15 траўня, неўзабаве пасьля таго, як на беларускай тэрыторыі адбыўся абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, прэсавая служба Аляксандра Лукашэнкі паведаміла аб яго размове з Уладзімірам Пуціным, на якой абмяркоўвалі «супрацу ў эканоміцы і ў галіне абароны, а таксама заплянаваныя супольныя мерапрыемствы па гэтых кірунках».

Чаму гэта важна

У лютым 2022 году Расея выкарыстала беларускую тэрыторыю для нападу на Ўкраіну, яе танкі ішлі праз беларуска-украінскую мяжу, яна выкарыстоўвала беларускія аэрадромы, паветраную прастору, аўтамабільныя дарогі, чыгунку, іншую інфраструктуру для атакаваньня Ўкраіны.

Доўгі час беларуская тэрыторыя была фактычна тылавой для расейскай арміі, а беларуская ўлада ўсяляк спрыяла расейскай агрэсіі, выступаючы яе саюзьнікам у вайне з Украінай.

Цяпер абстрэлаў Украіны ракетамі зь беларускай тэрыторыі не фіксуецца, але расейскія дроны, якія атакуюць Украіну, часам ідуць празь беларускую тэрыторыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зяленскі заявіў, што Расея зноў плянуе ўдары па Ўкраіне з тэрыторыі Беларусі

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.