Хроніка перасьледу 19 траўня: мэдсястру зь Менска асудзілі паводле палітычных артыкулаў

Суд у Менску. Архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Мэдсястру асудзілі паводле палітычных артыкулаў

Мэдычную сястру зь Менска Людмілу Пракапеню асудзілі па артыкулах аб распальваньні варожасьці і абразе прадстаўніка ўлады (артыкулы 130 і 369 КК), паведаміла «Наша Ніва».

Жанчыне 59 гадоў, яна працавала ў РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі, удзельнічала ў рэабілітацыі пацыентаў пасьля складаных пераломаў шыйкі сьцягна, адзначалася, як добры працаўнік.

Дакладны прысуд Менскага гарадзкога суду праваабаронцам невядомы, але ёсьць меркаваньне, што Людмілу Пракапеню адправяць у калёнію, бо яе актыўнасьць у сацсетках пасьля працэсу не аднавілася. Максымальнае пакараньне паводле інкрымінаваных жанчыне артыкулаў — да 5 гадоў зьняволеньня.

Ураджэнца Мазыра асудзілі за «садзейнічаньне экстрэмізму»

Гомельскі абласны суд вынес прысуд Сяргею Каржэўскаму, якога вінавацілі ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК). Мужчыне пагражала да 7 гадоў зьняволеньня.

Як паведамляе «Гомельская Вясна», імаверна, што Каржэўскаму прысудзілі абмежаваньне волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову. Дакладны прысуд высьвятляецца.

Сяргею Каржэўскаму 31 год, сам ён з Мазыра, але жыў і быў зарэгістраваны ў Менску.

Супрацоўніка ІТ-кампаніі з Гомля асудзілі за садзейнічаньне «экстрэмізму»

У Гомельскім абласным судзе вынесьлі прысуд 40-гадоваму жыхару Гомля Ўладзімеру Новіку. Яго абвінавацілі ў садзейнічаньні «экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 ч. 2 артыкулу 361-4 КК). Імаверна, яму прысудзілі пазбаўленьне ці абмежаваньне волі, паведаміла «Гомельская вясна».

Уладзімер Новік скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту па спэцыяльнасьці прамысловае і цывільнае будаўніцтва. Пазьней ён адвучыўся на ІТ-спэцыяліста ў Java Enterprise і працаваў у кампаніі Java Developed, якая распрацоўвае праграмнае забесьпячэньне.

Сьпіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў дапоўнілі

У праваабарончым цэнтры «Вясна» паведамілі аб чарговым дапаўненьні сьпісу «экстрэмісцкіх» матэрыялаў.

У сьпіс уключылі старонкі ў Instagram alice.neumann_soul, dzikawicki, старонка ў TikTok sashka_1931, старонкі ў Threads «Екатерина Ерусалимская», «Василий Плешкунов», «Грамада „Калiноўцы“».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 18 траўня: сьпевака Сяргея Міхалка будуць судзіць завочна за абразу Лукашэнкі

На мяжы зноў актывізавалі асабістыя дагляды беларусаў

У фондзе «Краіна для жыцьця» паведамілі, што беларускі бок на мяжы зь Літвой і Польшчай вярнуўся да практыкі так званых «асабістых даглядаў» грамадзян Беларусі, якія фігуравалі ў справах аб пратэстах. Гэта, як сьцьвярджаюць, не адзінкавыя выпадкі.

Згодна з інфармацыяй фонду, людзей пры гэтым разьдзяваюць. «Жанчынам загадваюць здымаць станікі і даставаць „костачкі“, ніжнюю частку бялізны пакідаюць, як правіла, аднак вядомыя выпадкі, калі жанчын прымушалі здымаць і майткі. Панятымі часам бывае пэрсанал, які ня мае дачыненьня непасрэдна да памежнай службы, — напрыклад, прыбіральніцы», — адзначаецца ў паведамленьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» дадалі старонку памерлага ў турме Алеся Пушкіна

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».