У зьняволенай дырэктаркі Tut.by Чэкінай праблемы са здароўем
З прадстаўнікоў зьнішчанага ўладамі парталу Tut.by у няволі засталася толькі генэральныя дырэктарка кампаніі Людміла Чэкіна.
«У СІЗА яна пачала маляваць, вучыла на памяць вершы, якіх і раней ведала шмат. Вельмі шмат чытала. А яшчэ праводзіла трэнаваньні ў маленькіх валадарскіх дворыках і заняткі ёгай у камэры», — напісала пра Людмілу Чэкіну былая галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава ў сваім Telegram-канале.
Паводле Золатавай, статус «асобы, датычнай да тэрарыстычнай дзейнасьці», не дазваляе Чэкінай у калёніі атрымліваць грашовыя пераводы.
«То бок жыць трэба на адзін заробак. Рублёў 20, максымум 50. Па-другое, Людмілу зрабілі „злосьніцай“. А гэта азначае, што ў яе ня тры тэлефонныя званкі на месяц, а адзін. Ёсьць праблемы здароўя. Часта трэба пераносіць цяжкія рэчы, а ў яе заўсёды былі праблемы зь сьпінай», — паведаміла Марына Золатава.
У пачатку сакавіка Людмілу Чэкіну адправілі на пяць дзён у ШЫЗА.
«Я ведаю, яна трымаецца, ня скардзіцца, бо яна ня любіць скардзіцца. Але я яшчэ ведаю, як гэта цяжка. І так спадзяюся, што гэты жах для Мілы вось-вось закончыцца. І яна зможа нарэшце абняць свайго сына», — напісала Марына Золатава.
Людмілу Чэкіну асудзілі на 12 гадоў пазбаўленьня волі.
Міхалка будуць судзіць завочна
Сьпевака Сяргея Міхалка будуць судзіць завочна, на яго завялі крымінальную справу ў рамках «спэцыяльнай вытворчасьці», гэта значыць завочна.
Як паведаміў Сьледчы камітэт, Міхалка абвінавачваюць па артыкулах аб распальваньні варожасьці (артыкул 130 КК) і абразе Лукашэнкі (артыкул 368 КК).
Пра перасьлед Tut.by
- 18 траўня офіс рэдакцыі быў заблякаваны за публікацыю «забароненай заканадаўствам інфармацыі», туды прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Пазьней у ведамстве паведамілі, што на службовых асобаў завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. На думку сілавікоў, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў.
- У справе затрымалі агулам 15 чалавек: кіраўнікі, журналісты і іншы пэрсанал мэдыйнага парталу Tut.by (Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Ірына Рыбалка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандра Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Дар'я Данілава, Кацярына Ткачэнка і Ірына Касьцючэнка), а таксама генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў (вызвалілі 1 верасьня) і ўдава заснавальніка Tut.by Юлія Чарняўская. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.
- Удава заснавальніка парталу Юрыя Зісера Юлія Чарняўская цяпер пад хатнім арыштам, два дні пасьля затрыманьня пра яе не было нічога вядома, яна перанесла гіпэртанічны крыз і была на нейкі час шпіталізаваная.
- Сам сайт Tut.by заблякаваны рашэньнем Мінінфармацыі.
- У сьнежні 2020 году Tut.by на патрабаваньне Міністэрства інфармацыі пазбавілі статусу СМІ. Падставай сталі раней вынесеныя папярэджаньні да матэрыялаў аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў, дзейнасьці Камітэту дзяржаўнага кантролю, беларускай мытні і г.д.
- Увечары 27 чэрвеня партал выдаліў з сацыяльных сетак усе допісы за апошнія паўтара года.
- 13 жніўня Суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў інфармацыйную прадукцыю і сацыяльныя сеткі Tut.by і новага праекту тутбаеўцаў Zerkalo.io экстрэмісцкімі.
- 7 кастрычніка Сьледчы камітэт паведаміў пра новую крымінальную справу супраць тутбаеўцаў — за распальваньне варожасьці, учыненае групай асобаў (ч. 3 арт. 130). Максымальная санкцыя па гэтым артыкуле — 12 гадоў зьняволеньня.
- Справу Tut.by пачалі разглядаць 9 студзеня 2023 ў Менскім гарадзкім судзе. Працэс праходзіў ў закрытым рэжыме, яго ўзначальвала судзьдзя — Валянціна Зянькевіч.
- На лаве падсудных знаходзіліся галоўная рэдактарка выданьня Марына Золатава, былая генэральная дырэктарка Людміла Чэкіна. Яшчэ тры фігуранткі справы, якім раней зьмянілі меру стрыманьня, – Вольга Лойка, Алена Талкачова і Кацярына Ткачэнка – на судзе не прысутнічалі, яны жывуць за мяжой.
- 17 сакавіка Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай прысудзілі па 12 гадоў калёніі кожнай.
- 15 красавіка генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў напісаў, што ўлады памілавалі дзевецярых фігурантаў справы пасьля пададзенага ў сьнежні прашэньня аб памілаваньні. Партал Zerkalo.io паведаміў, што мае інфармацыю аб тым, што агулам ад крымінальнай адказнасьці вызвалілі 9 чалавек.
Форум