У «ПіКу Свабоды» бяруць удзел украінскі палітоляг Яўген Магда, а таксама пратэстанцкі прапаведнік Сяргей Мельянец і пратэстанцкі вернік Анатоль Шырвель.
Глядзець размову відэа цалкам
Тут фрагмэнт размовы з украінскім палітолягам Яўгенам Магдам.
— У Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі аб пачатку трэнаваньня вайсковых частак у баявым выкарыстаньні ядзернай зброі і ядзернага забесьпячэньня. Трэнаваньні з удзелам ракетных войскаў і авіяцыі адбывацца пры ўзаемадзеяньні з Расеяй. Гэта пятыя манэўры за апошнія чатыры гады. Што азначаюць для Украіны гэтыя трэніроўкі прымяненьня ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі?
— Думаю, ва ўмовах апошніх падзей Украіна будзе падыходзіць да гэтага прагматычна. Калі нехта заяўляе, што зьбіраецца нас забіваць, мы будзем да гэтага рыхтавацца — і рыхтавацца адэкватна. Я нагадаю пра ядзерныя носьбіты. Гэта мадыфікаваныя бамбардзіроўшчыкі Су. Насамрэч, наколькі памятаю, яны не надта хуткасныя, таму наўрад ці будуць рэальна выкарыстоўвацца для ядзерных удараў. Таксама ёсьць дывізіёны «Іскандэраў». З гэтых комплексаў у 2022 годзе расейскія войскі абстрэльвалі Украіну — на іх ёсьць кроў украінскіх грамадзян. Потым іх перадалі Беларусі. «Іскандэры» могуць быць носьбітамі ядзернай зброі. Але тыя, хто вучыў фізыку, памятаюць: у нашым рэгіёне, асабліва менш чым праз месяц пасьля 40-й гадавіны Чарнобыльскай катастрофы, усе павінны разумець, да чаго прыводзіць ядзерная катастрофа і да чаго можа прывесьці выкарыстаньне тактычнай ядзернай зброі. Той, хто думае, што гэта можа быць проста ўдар па Украіне без наступстваў для іншых, проста дрэнна вучыў фізыку.
— Былы палітвязень Мікола Статкевіч, былы вайсковец-ракетчык, раней папярэджваў, што Расія можа разглядаць абмежаваны ядзерны ўдар з тэрыторыі Беларусі, разьлічваючы, што адказ абмяжуецца Беларусьсю. Ён называе такі сцэнар катастрафічным для краіны. Наколькі верагодным вам бачыцца такі сцэнар?
— Думаю, гледачы і слухачы разумеюць: тую карцінку, якую мы памяталі яшчэ з 2014 года — калі расейскія вайскоўцы хаваюцца за сьпінамі дзяцей і жанчын — цяпер можна абнавіць. Цяпер гэта выглядае як расейскія вайскоўцы, якія хаваюцца за вусамі Лукашэнкі. Гэта праўда, але Лукашэнка зрабіў свой палітычны выбар даўно. А пры чым тут звычайныя грамадзяне Беларусі? Іх трэба пытаць, як яны ставяцца да таго, што Лукашэнка дазваляе расейцам хавацца за іх сьпінамі. Украіна не мае ядзернай зброі і не можа нанесьці ядзерны ўдар у адказ. Але магчымы адказ звычайнымі сродкамі паражэньня. Ці патрэбна гэта Беларусі — вось пытаньне. Хто зацікаўлены ў тым, каб беларусы і ўкраінцы ваявалі паміж сабой? Адказ просты — толькі Масква.
— Напрыканцы мінулага тыдня Уладзімір Зяленскі заявіў, што Расія можа рыхтаваць удары з тэрыторыі Беларусі па Украіне або краінах NATO. Украіна нібыта валодае падрабязнасьцямі гэтых плянаў. Што насамрэч адбываецца ў камунікацыі паміж Расеяй і Беларусьсю?
— Прэзыдэнт Украіны, відавочна, мае больш інфармацыі. Але я не бачу зараз павелічэньня расейскай вайсковай прысутнасьці ў Беларусі. Людзі ў Беларусі самі гэта бачаць: ёсьць расейскія «турысты», але гэта ня значыць, што іх можна хутка пераўтварыць у вялікае войска. Перакідка буйных сіл без увагі разьведкі Украіны і NATO практычна немагчымая. Таму гэта хутчэй палітычная пагроза. Лукашэнка такім чынам дэманструе ляяльнасць Пуціну, але я не ўпэўнены, што ён гатовы аддаць загад на прымяненьне ядзернай зброі або на прамы напад.
— Стала вядома імя новага прадстаўніка Ўкраіны ў справах Беларусі. Гэта дырэктар праграмы расейскіх і беларускіх дасьледаваньняў Рады зьнешняй палітыкі «Ўкраінская прызма», кандыдат гістарычных навук Яраслаў Чарнагор. Ён прызначаны паслом у асаблівых даручэньнях у пытаньнях дэмакратычных трансфармацый, узаемадзеяньня з дэмакратычнымі сіламі і нацыянальнымі рухамі недружалюбных краін. Пра што сьведчыць гэтае прызначэньне і такое вызначэньне пасады? Ягоны папярэдні Ігар Кізім быў паслом Украіны ў асаблівых даручэньнях па Беларусі.
— Я ведаю Яраслава даўно і лічу яго разумным і прафэсійным чалавекам. Ён прыйшоў з экспэртнага асяроддзям у дзяржаўную службу. Думаю, ён яшчэ толькі фарміруе сваю афіцыйную пазыцыю. Але гэта чалавек добра інфармаваны. Што да больш жорсткай рыторыкі ўкраінскага боку ў дачыненьні да Лукашэнкі — гэта вынік таго, што вайскоўцы, якія сутыкаюцца з дронамі і атакамі, бачаць ролю Беларусі ў вайне. Беларусь зрабіла выбар на карысьць Пуціна. Але ці павінна Украіна гэта проста цярпець? Мы ўжо дастаткова доўга цярпелі. Цяпер магчымыя і адэкватныя меры адказу. Украіна ўлічвае амэрыканскую актыўнасьць у Беларусі. Калі зьмяняецца дыпляматычны фокус ЗША, гэта ўплывае на сытуацыю. Я б хацеў, каб Украіна разам з Польшчай і Літвой выпрацавала агульную пазыцыю па калійных угнаеньнях і транзыце. Гэта не азначае прызнаньня Лукашэнкі, але дазволіла б пазбавіць Расею часткі прыбыткаў.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць істотныя падзеі з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.