Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Імітацыя ўдараў па Беларусі цалкам апраўданая», — экспэрт у ядзернай зброі

Францускі самалёт Rafale, здольны несьці ядзерную зброю
Францускі самалёт Rafale, здольны несьці ядзерную зброю

Намер Польшчы і Францыі адпрацаваць на сумесных вучэньнях ядзерныя ўдары па цэлях у Беларусі і Расеі пракамэнтаваў для Свабоды ядзерны экспэрт Максім Старчак, навуковы супрацоўнік Цэнтру міжнароднай і абароннай палітыкі Ўнівэрсытэту Queen’s у Канадзе.

Максім Старчак, экспэрт у ядзернай зброі, навуковы супрацоўнік Цэнтру міжнароднай і абароннай палітыкі Ўнівэрсытэту Queen’s у Канадзе
Максім Старчак, экспэрт у ядзернай зброі, навуковы супрацоўнік Цэнтру міжнароднай і абароннай палітыкі Ўнівэрсытэту Queen’s у Канадзе

— Францыя спрабуе стаць дадатковым мэханізмам ядзернага стрымліваньня ў Эўропе, таму ня дзіўна, што яны шукаюць магчымасьці праявіць сябе, і вайсковыя вучэньні гэтаму спрыяюць. Імітацыя ўдараў па Беларусі цалкам апраўданая. Асноўная пагроза ў Эўропе — гэта Расея, а Беларусь зьяўляецца для яе буфэрнай зонай з NATO, апэратыўнай прасторай і сухапутным мостам у Калінінград у выпадку канфлікту. Улічваючы і саюзную дзяржаву, і тое, што Расея мае шчыльныя вайсковыя сувязі зь Беларусьсю, мае інфраструктуру для разьмяшчэньня сваёй ядзернай зброі ў Беларусі, Беларусь як патэнцыйная цэль для стратэгаў Францыі лягічная.

Размовы аб тым, што Францыя можа часова разьмясьціць свае самалёты зь ядзернай зброяй у Польшчы — палітычны піяр. У ходзе вучэньняў рэальныя ядзерныя ракеты не патрэбныя. На сталай аснове францускім узброеным сілам няма чаго пакуль разьмяшчаць. Пакуль новую дадатковую ядзерную зброю ня створаць — і думкі ня будзе разьмяшчаць недзе тое, што ёсьць. Ды і пагадненьне аб гэтым трэба падпісваць.

У Польшчы няма францускіх самалётаў — гэта значыць, палякі ня могуць нават у тэорыі навучыцца выкарыстоўваць ядзерныя сілы Францыі. Палітыка сумеснага выкарыстаньня ядзернай зброі, якая ёсьць у NATO, з Францыяй немагчымая. У NATO, акрамя разьмешчаных ядзерных узбраеньняў ЗША, ёсьць і амэрыканскія самалёты у краін, што разьмясьцілі ядзерную зброю, адпаведна яны могуць удзельнічаць у рэальным сумесным выкарыстаньні ядзернай зброі. Францускія самалёты ёсьць толькі ў Францыі. Гэта значыць, роляй Польшчы будзе толькі дапамога ў іх місіі сваімі канвэнцыйнымі сіламі.

Безь разьмяшчэньня ядзернай зброі Францыі на новых тэрыторыях у Эўропе яе ядзернае стрымліваньне ня будзе пераканаўчым. У Францыі нязначныя ядзерныя сілы, бязь іх павелічэньня іх немагчыма разьмяшчаць за межамі Францыі. Правядзеньне ядзерных вучэньняў гучыць вельмі пагрозьліва, але яны мала што дадаюць у эўрапейскае стрымліваньне. Яны правядуць вучэньні і вернуцца ў Францыю. Польшча ніякага доступу да францускай ядзернай зброі мець ня будзе.

  • У сакавіку 2023 году Ўладзімір Пуцін заявіў пра намер разьмясьціць у Беларусі расейскую тактычную ядзерную зброю. Паводле яго, для гэтага былі падрыхтаваныя беларускія самалёты, перададзеныя комплексы «Іскандэр» і завершанае будаўніцтва спэцыяльнага сховішча. Аляксандар Лукашэнка неаднаразова сьцьвярджаў, што боепрыпасы ўжо знаходзяцца на беларускай тэрыторыі, аднак незалежнага пацьверджаньня гэтаму няма. Заходнія экспэрты і NATO прызнавалі, што прыкметы падрыхтоўкі ёсьць, але доказаў фактычнага разьмяшчэньня боезарадаў дагэтуль няма.
  • У канцы 2024 году Лукашэнка таксама заявіў пра магчымую перадачу Беларусі новага расейскага ракетнага комплексу «Арэшнік», які Масква называла сыстэмай сярэдняй далёкасьці. Ён казаў, што Беларусь хацела б атрымаць такую зброю «для стрымліваньня». У сьнежні 2025 году Міністэрства абароны Беларусі прадэманстравала відэа нібыта рытуалу заступленьня на баявое дзяжурства комплексу «Арэшнік». Аналітыкі адзначаюць, што падобныя заявы могуць быць часткай палітычнага і псыхалягічнага ціску на Захад і суседнія краіны.
  • Вітальд Юраш, журналіст парталу Onet.pl, былы часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі, сказаў у камэнтары Свабодзе, што польска-францускія вучэньні з выкарыстаньнем ядзернай зброі — адказ на беларуска-расейскія вучэньні «Захад-2025», на якіх адпрацоўвалася сымуляцыя ядзерных удараў па Польшчы. На яго думку, гэта таксама адказ на выказваньні і дзеяньні прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, «празь якія ўзьніклі пытаньні, наколькі надзейным партнэрам зьяўляюцца Злучаныя Штаты».
  • На думку вайскова-палітычнага экспэрта Юрыя Фёдарава, выказаную у інтэрвію Свабодзе, польска-францускія вучэньні зь ядзернай кампанэнтай хутчэй рэакцыя на разьмяшчэньне ў Беларусі ракетных комплексаў «Арэшнік». Паводле Фёдарава, сэнс новай палітыкі Парыжу, абвешчанай прэзыдэнтам Эманюэлем Макронам напачатку сакавіка — у тым, што Францыя бярэ пад свой ядзерны «парасон» Усходнюю і Цэнтральную Эўропу: Польшчу, краіны Балтыі, магчыма, Чэхію.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Палітычны аглядальнік Радыё Свабода.

    Кандыдат фізыка-матэматычных навук. Аўтар кніг «Акцэнты Свабоды» (2009), «Сем худых гадоў» (2014), «Неверагодны 2020-ы» (2021).

    На Свабодзе — ад 1991 году.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG