Францыя пашырае ядзерны парасон на краіны, якім пагражае агрэсіўная палітыка Масквы. Неўзабаве на ўсходнім флянгу NATO пройдуць вучэньні. У небе над Балтыкай і паўночнай Польшчай будуць адпрацоўваць ядзерныя ўдары па цэлях у Беларусі і Расеі, піша польскае выданьне WP.
Роля польскіх пілётаў у такім сцэнары — вызначаць цэлі для ўдараў, якія будуць наносіцца францускімі лётчыкамі з самалётаў, абсталяваных ракетамі зь ядзернымі боегалоўкамі.
«Ключавым у гэтых плянах зьяўляецца тое, што супольнае польска-францускае ўзброенае крыло будзе вынесена за рамкі бюракратыі NATO. Распрацоўка агульных працэдураў дазволіць значна хутчэй прымаць рашэньні наконт абароны. Сцэнары польска-францускіх вучэньняў стануць дадатковымі плянамі на выпадак нападу Расеі, для запуску якіх ня трэба будзе чакаць канца доўгіх дыскусій у межах 5-га артыкула Паўночнаатлянтычнай дамовы», — сказала крыніца WP.
Суразмоўца адзначыў, што ўрад Дональда Туска не зьбіраецца афішаваць гэтыя новыя прынцыпы. Аднак існуе ўсьведамленьне, што Альянс слабее і трэба шукаць дадатковыя рашэньні.
Супольныя вучэньні з удзелам самалётаў, абсталяваных ракетамі зь ядзернымі боегалоўкамі, — гэта радыкальная зьмена раскладу сілаў у рэгіёне, зазначае WP. Раней расейцы падчас вучэньняў «Захад» уключалі ў свае сцэнары ядзерныя ўдары па Варшаве, а NATO на гэта не адказвала.
Летась Уладзімір Пуцін пачаў разьмяшчаць ядзерную зброю ў Беларусі. І гэта таксама не сустрэла прапарцыйнага адказу. Крэмль успрыняў гэта як праяву слабасьці і пайшоў далей у эскаляцыі пагрозаў краінам на ўсходнім флянгу NATO, гаворыцца ў польскім выданьні.
Апроч Польшчы, да ініцыятывы ядзернага парасона пад эгідай Францыі далучыліся Бэльгія, Грэцыя, Данія, Нідэрлянды, Нямеччына і Швэцыя. Днямі пра сваё жаданьне далучыцца заявіла Чэхія, піша BBC.
Гэтыя краіны змогуць разьмяшчаць на сваёй тэрыторыі францускія самалёты зь ядзернай зброяй. Рашэньне пра ўжываньне ядзернай зброі будзе прымаць выключна прэзыдэнт Францыі.
Форум