Сьцісла
- ЗША на беларускім кірунку паводзяць сябе ўсё больш разьняволена, з пазыцыі сілы.
- Правядзеньне ў Менску маштабнага пратэстанцкага форуму — рэдкае для цяперашняй адміністрацыі ЗША праяўленьне палітыкі «мяккай сілы».
- ЗША ціснуць на Літву, каб тая дазволіла транзыт беларускага калію праз порт Клайпеда.
- Дыялёг Беларусі з ЗША, асабліва дамоўленасьці па калійным пытаньні, могуць выклікаць канфлікт у беларуска-расійскіх адносінах.
Беларусь у замежнай палітыцы ЗША
Для адміністрацыі ЗША дачыненьні зь Беларусьсю знаходзяцца на пэрыфэрыі ўвагі. Пра гэта сьведчаць наступныя факты. Пасьля сакавіцкага візыту ў Менск спэцпрадстаўніка амэрыканскага прэзыдэнта Джона Коўла і вызваленьня 250 палітвязьняў Дональд Трамп згадаў пра Беларусь допісам у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social праз дзесяць дзён пасьля згаданай падзеі. А на вызваленьне Анджэя Пачобута ён адрэагаваў сваім допісам праз 12 дзён.
Тым ня менш, маем факт, што прэзыдэнт ЗША трымае Беларусь у фокусе сваёй увагі. І, з улікам міжнароднай вагі Злучаных Штатаў, нават запозьненай рэакцыі Дональда Трампа дастаткова, каб уплываць на рэгіянальныя працэсы.
Можна адзначыць, што ЗША паводзяць сябе ўсё больш разьняволена, з пазыцыі сілы. Толькі некалькі штрыхоў дзеля ілюстрацыі.
Джон Коўл паведаміў пра тэлефонную размову зь Сьвятланай Ціханоўскай. Таксама ён публічна рэагуе на звароты іншых прадстаўнікоў апазыцыі на свой адрас. Раней Коўл і іншыя амэрыканскія дыпляматы неяк ухіляліся ад камэнтароў наконт кантактаў з беларускімі дэмакратычнымі палітыкамі, захоўвалі асьцярожнасьць у гэтым пляне. Бо ведалі вельмі нэгатыўную рэакцыю Лукашэнкі. Год таму кіраўнік Беларусі публічна заяўляў, што як толькі ён даведаецца пра кантакты амэрыканскіх прадстаўнікоў з «зьбеглымі», то перамовы адразу спыняцца.
Прайшло ня так шмат часу, як атмасфэра памянялася, дыпляматы ЗША перасталі зважаць на крыўды Лукашэнкі, яны дзейнічаюць з пазыцыі сілы, упэўненыя, што падчапілі ўлады Беларусі на кручок.
Пратэстанцкі фэст як праява палітыкі «мяккай сілы»
Джон Коўл пралябіяваў правядзеньне ў Менску маштабнага «Фэстывалю надзеі», на які сабраліся тысячы беларускіх пратэстантаў. Падзея прайшла пад эгідай і з удзелам вядомага амэрыканскага прапаведніка Фрэнкліна Грэма, шчыльна зьвязанага з камандай Дональда Трампа. Менавіта гэты чалавек зачытаў малітву на інаўгурацыі цяперашняга амэрыканскага прэзыдэнта ў студзені 2025 году.
Дазваляючы правядзеньне гэтага фэсту, Лукашэнка добра разумеў, што робіць
Правядзеньне такога фэсту — гэта рэдкае для цяперашняй адміністрацыі ЗША праяўленьне палітыкі «мяккай сілы» у адносінах да іншай краіны. А для Беларусі — знакавая падзея. Бо пратэстанты тут — адна з самых дыскрымінаваных рэлігійных канфэсіяў. Што ня раз было засьведчана, напрыклад, у справаздачах Дзярждэпартамэнту ЗША. За апошнія два гады колькасьць зарэгістраваных пратэстанцкіх грамадаў у Беларусі зьменшылася з 1038 да 850. Дзейны рэжым разглядае пратэстантаў як праяву заходняга ўплыву.
І вось цяпер з падачы амэрыканцаў прайшло такое шоў з удзелам 10 тысяч вернікаў-пратэстантаў. Гэта ў краіне, якую Расейская праваслаўная царква лічыць сваёй кананічнай тэрыторыяй. Паводле рэзанансу падзею ў пэўным сэнсе можна параўнаць, напрыклад, з візытам Папы Рымскага ў Беларусь (які дагэтуль не адбыўся).
Дазваляючы правядзеньне гэтага фэсту, Лукашэнка добра разумеў, што робіць. То быў яшчэ адзін дыпляматычны жэст у бок Трампа. У выніку Лукашэнка атрымаў свае дывідэнды. Прымаючы Фрэнкліна Грэма, ён заявіў: «Таму пры сустрэчы (я ведаю, вы ў добрых адносінах з прэзыдэнтам) перадайце яму самыя добрыя пажаданьні і скажыце яму, што ў Беларусі ў яго надзейныя сябры і прыхільнікі». Лукашэнка як «надзейны сябра» Трампа — гэта новае слова ў беларускай дыпляматыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Малітва за Лукашэнку, Пуціна і Трампа. Як прайшоў першы дзень «Фэстывалю надзеі» з удзелам духоўнага дарадцы ТрампаПерад фэстывалем з прапаведнікам Грэмам стала вядома пра ліквідацыю 80 пратэстанцкіх грамадаў у БеларусіПерад вялікім пратэстанцкім фэстывалем у Менску Лукашэнка сустрэўся з запрошаным на яго прапаведнікам з ЗШАТрохкутнік Беларусь-ЗША-Літва
Тым часам усё больш выяўляецца, у чым практычны сэнс інтарэсу ЗША да Беларусі. Ёсьць цікавасьць да беларускага калію. Літоўскі міністар замежных спраў Кястуціс Будрыс заявіў журналістам, што ЗША ціснуць на Літву, каб тая дазволіла транзіт беларускага калію праз клайпедзкі порт. Пры гэтым кіраўнік МЗС паведаміў, што Вашынгтон аказвае ціск ня толькі на Літву, але і на іншыя краіны рэгіёна, праз якія мог бы зьдзяйсьняцца транзіт.
Аднак праз дзень літоўскі прэзыдэнт Гітанас Наўседа фактычна абверг заяву Будрыса, ён адзначыў, што Літва не адчувае ціску з боку ЗША з прычыны транзыту беларускіх угнаеньняў. Пэўная разгубленасьць літоўскіх палітыкаў, рознагалосьсі ў іхнім асяродзьдзі выкліканыя новымі падыходамі цяперашняй амэрыканскай адміністрацыі, якія не супадаюць з палітыкай Эўразьвязу адносна Беларусі.
Літоўскія палітыкі адзначаюць, што зьвязаныя ў калійным пытаньні санкцыямі на ўзроўні ўсяго ЭЗ. А Брусэль у лютым прадоўжыў абмежавальныя меры супраць Беларусі яшчэ на год. Згодна з эўрапейскімі санкцыямі, ні адна краіна ЭЗ ня можа купляць беларускі калій, ажыцьцяўляць транзыт, любыя лягістычныя апэрацыі.
Адчуўшы пэўную ўразьлівасьць Літвы ў новых нечаканых абставінах, афіцыйны Менск з свайго боку ўзмацніў ціск на Літву. Выкарыстоўваецца ўвесь арсэнал інструмэнтаў, які прымяняўся і раней: кантрабандныя балёны, мігранты, грузавікі, арышты літоўскіх грамадзян, які аб’яўляюць шпіёнамі. Дадалася новая опцыя: разьмешчаны ў Вільні Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт абвешчаны «экстрэмісцкай арганізацыяй».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Міністар замежных справаў Літвы непублічна прызнаў ціск ЗША ў справе транзыту беларускіх угнаеньняў, прэзыдэнт заявіў, што ціску нямаДыялёг Беларусі з ЗША і магчымая рэакцыя Расеі
Аднак, падаецца, для кіраўніцтва Беларусі насьпявае праблема, якая ўжо праглядаецца на даляглядзе. Уся гэтая гульня Менску з ЗША, танцы вакол беларускага каліюзусім не даспадобы Расеі.
Найперш, варта адзначыць, што перамоўны працэс паміж Менскам і Вашынгтонам зайшоў далей, чым дыялёг ЗША з Расеяй. Злучаныя Штаты ўжо адмянілі асноўныя абмежаваньні адносна Беларусі, а пра адмену антырасейскіх санкцый гаворка не вядзецца.
Беларусь уступіла ў створаную Трампам Раду міру, а Расея — не. Нібыта абмяркоўваецца візыт Лукашэнкі ў Вашынгтон, а Пуцін даляцеў толькі да Аляскі. Прэзыдэнт Расеі не называе сябе «надзейным сябрам» Трампа. У Расеі з падазрэньнем глядзяць на шоў пратэстантаў з удзелам вядомага амэрыканскага прапаведніка.
Расею зусім не абрадуе вяртаньне беларускага экспарту ў літоўскі порт
Расею зусім не абрадуе вяртаньне беларускага экспарту ў літоўскі порт. Справа ў тым, што Масква шмат гадоў угаворвала Лукашэнку пераарыентаваць транзыт сваіх тавараў на расейскія парты. Нават прапаноўвалі Беларусі стварыць свой тэрмінал у Калінінградскай ці Ленінградскай абласьцях. Лукашэнка абяцаў, езьдзілі розныя дэлегацыі, абмяркоўвалі ўмовы. Аднак доўгі час вялікага практычнага плёну ўсё гэта ня мела, бо парты краін Балтыі былі больш выгодныя Беларусі, і гэта ўсё пераважвала.
Усё памяняла агрэсія Расеі супраць Украіны, якую падтрымаў рэжым Лукашэнкі. Парты Балтыі для Беларусі зачыніліся, хоцькі-няхоцькі давялося пераарыентавацца на расейскі кірунак.
І вось уявіце сытуацыю, калі ЗША дацісьне Літву і ЭЗ, і для Беларусі адкрыюцца парты краін Балтыі, Менск скажа Маскве: мы вяртаемся да больш выгодных маршрутаў. Лёгка здагадацца, як на гэта адрэагуе Крэмль.
Наступны кейс. Лукашэнка прапанаваў ЗША купіць адзін з калійных актываў — «Нетры Нежын». І тыя, нібыта, думаюць.
Хачу нагадаць, што расейскія кампаніі шмат разоў прэтэндавалі на тое, каб купіць беларускія калійныя актывы. Алігархі з Расеі неаднаразова прыяжджалі ў Менск, гандляваліся з Лукашэнкам. Напрыклад, у 2011–2012 гадах абмяркоўваўся магчымы продаж долі ці нават кантрольнага пакета «Беларуськалію» расейскім структурам, перш за ўсё зьвязаным з «Уралкаліем» Сулеймана Керымава. Сам Лукашэнка публічна казаў, што яму прапаноўвалі прадаць прадпрыемства за $15 млрд, але ён лічыў гэты кошт заніжаным. Пазьней Менск дапускаў продаж толькі мінарытарнага пакета — 15-20%. Але не сышліся ў цане.
І вось калі цяпер раптам у межах «вялікай угоды» адбудзецца продаж амэрыканцам самага дарагога, стратэгічнага беларускага актыву, то можна ўявіць, які шок гэта выкліча ў Крамлі.
То бок, Лукашэнка ўступае на сьлізкі шлях.
Тым ня менш, усе чакаюць чарговага візыту Джона Коўла і вызваленьня вялікай колькасьці палітвязьняў, зьвязанага з гэтай падзеяй.