Ціханоўская адрэагавала на заяву Зяленскага аб плянах новага нападу Расеі з тэрыторыі Беларусі

Уладзімір Зяленскі і Сьвятлана Ціханоўская на сустрэчы ў Вільні 26 студзеня 2026 году. Ілюстрацыйнае фота

Дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб неабходнасьці аб’яднаньня намаганьняў, каб не дазволіць Расеі распаўсюдзіць вайну па ўсім рэгіёне.

«Расея зноў спрабуе яшчэ глыбей уцягнуць Беларусь у вайну супраць Украіны. Але Беларусь — гэта не Лукашэнка. Беларускі народ ня хоча гэтай вайны і ня хоча, каб наша краіна стала стартавай пляцоўкай для новай агрэсіі супраць Украіны ці супраць Эўропы», — напісала Сьвятлана Ціханоўская на плятформе Х.

Яна падзякавала прэзыдэнту Ўкраіны Ўладзіміру Зяленскаму за выразнае і своечасовае інфармаваньне аб пагрозах новай спробы ўцягнуць Беларусь у вайну.

«Мы павінны аб’яднацца, каб спыніць спробы Расеі распаўсюдзіць вайну па ўсім нашым рэгіёне», — перакананая Сьвятлана Ціханоўская.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зяленскі заявіў, што Расея зноў плянуе ўдары па Ўкраіне з тэрыторыі Беларусі

Што папярэднічала

15 траўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі правёў нараду з кіраўнікамі выведных структур Узброеных сіл, Міністэрства абароны і Службы бясьпекі, а па яе выніках заявіў, што Расея плянуе ўдары з тэрыторыі Беларусі па Ўкраіне альбо па адной з краін NATO. Раней ужо гучалі папярэджаньні Кіева, што Расея можа паўтарыць такі досьвед 2022 году.

Паводле Зяленскага, Украіне вядома аб тым, што паміж расейцамі і Аляксандрам Лукашэнкам адбыліся «дадатковыя кантакты, накіраваныя на тое, каб пераканаць яго далучыцца да новых расейскіх агрэсіўных апэрацый».

У прыватнасьці, па словах Зяленскага, Расея разглядае пляны апэрацый у накірунках на поўдзень і поўнач ад тэрыторыі Беларусі — альбо супраць Чарнігава-Кіеўскага напрамку ва Ўкраіне, альбо супраць адной з краін NATO — менавіта з тэрыторыі Беларусі. Украіна валодае падрабязнасьцямі размовы паміж Расеяй і Беларусьсю.

Апоўдні 15 траўня, неўзабаве пасьля таго, як на беларускай тэрыторыі адбыўся абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, прэсавая служба Аляксандра Лукашэнкі паведаміла аб яго размове з Уладзімірам Пуціным, на якой абмяркоўвалі «супрацу ў эканоміцы і ў галіне абароны, а таксама заплянаваныя супольныя мерапрыемствы па гэтых кірунках».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея перадала Ўкраіне целы загінулых вайскоўцаў. Дзень таму з украінскага палону вярнулі сама меней аднаго беларуса

Чаму гэта важна

У лютым 2022 году Расея выкарыстала беларускую тэрыторыю для нападу на Ўкраіну, яе танкі ішлі праз беларуска-украінскую мяжу, яна выкарыстоўвала беларускія аэрадромы, паветраную прастору, аўтамабільныя дарогі, чыгунку, іншую інфраструктуру для атакаваньня Ўкраіны.

Доўгі час беларуская тэрыторыя была фактычна тылавой для расейскай арміі, а беларуская ўлада ўсяляк спрыяла расейскай агрэсіі, выступаючы яе саюзьнікам у вайне з Украінай.

Цяпер абстрэлаў Украіны ракетамі зь беларускай тэрыторыі не фіксуецца, але расейскія дроны, якія атакуюць Украіну, часам ідуць празь беларускую тэрыторыю.