Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея перадала Ўкраіне целы загінулых вайскоўцаў. Дзень таму з украінскага палону вярнулі сама меней аднаго беларуса

Вызваленыя з расейскага палону ўкраінцы. Ілюстрацыйнае фота
Вызваленыя з расейскага палону ўкраінцы. Ілюстрацыйнае фота

У Каардынацыйным штабе Ўкраіны ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі паведамілі аб перадачы расейскім бокам целы 528 загінулых вайскоўцаў.

У той жа час, як адзначаецца ў паведамленьні, пакуль дакладна невядома, ці ўсе целы належаць украінскім вайскоўцам. Раней былі выпадкі, калі Расея перадавала Ўкраіне целы або фрагмэнты целаў загінулых расейскіх вайскоўцаў.

«Сьледчыя праваахоўныя органы супольна з прадстаўнікамі экспэртных устаноў зробяць усе неабходныя захады, накіраваныя на ідэнтыфікацыю рэпатрыяваных загінулых», — адзначаецца ў паведамленьні.

Перадача цел адбылася пры пасярэдніцтве Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа праз беларуска-ўкраінскую мяжу.

Украіна перадала Расеі сама меней аднаго палоннага беларуса

Як стала вядома з сьпісаў, апублікаваных расейскім праектам «Наш Выхад», 15 траўня Ўкраіна ў межах абмену з Расеяй перадала беларускага палоннага Яўгена Сіманенкава. У сьпісах ягонае паходжаньне не пазначана і раней не паведамлялася аб тым, што ён трапіў ва ўкраінскі палон.

Паводле зьвестак выданьня «Наша ніва», Яўген Сіманенкаў паходзіць зь Лёзна Віцебскай вобласьці. Раней ягоная грамадзянская жонка заяўляла, што Сіманенкава выкралі «армяне і прадалі ў штурмавікі ў расейскую армію». Ваяваў з пачатку 2026 году. З баз Belpol вядома, што Яўген займаўся некваліфікаванай працай. Рабіў вальшчыкам лесу, рознарабочым, будаўніком.

У абменных сьпісах таксама не пазначанае расейскае паходжаньне яшчэ аднаго ваеннапалоннага, перададзенага Расеі — Уладзіслава Шаліны.

Ва ўкраінскім дзяржаўным праекце «Хачу жыць» адмовіліся ад камэнтароў наконт апошняга абмену. Свабода зьвярнулася па камэтар у расейскі праект, які таксама задзейнічаны ў працэсах абмену.

Чаму гэта важна

Расея і Ўкраіны праводзяць абмены палоннымі на беларуска-ўкраінскай мяжы з 2024 году, калі гэта стала немагчыма рабіць на ўкраінска-расейскай мяжы праз пачатак украінскімі войскамі апэрацыі ў Курскай вобласьці Расеі.

Грамадзяне Беларусі ваююць на баку Расеі і Ўкраіны, і ў абедзьвюх краінах ёсьць ваеннапалонныя беларусы.

Згодна зь неафіцыйнай інфармацыяй, у расейскім палоне знаходзяцца прынамсі двое грамадзян Беларусі, а ва ўкраінскім — ня менш за 17 беларусаў.

З пачатку вайны Ўкраіна перадала Расеі некалькіх палонных беларусаў.

  • Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
  • Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
  • У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны. Дакладная іх колькасьць невядомая.
  • За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі й этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёнаў шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за сотню тых, хто ваяваў на баку Расеі.
Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG