Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь перадала Кіеву асуджаную ўкраінку ў абмен на вызваленьне з Украіны дзьвюх расіянак з Курскай вобласьці

Расейскія грамадзянкі (справа і зьлева ад валянтэркі па цэнтры), якіх 6 сакавіка Ўкраіна перадала Расеі ў абмен на вызваленую зь Беларусі ўкраінку
Расейскія грамадзянкі (справа і зьлева ад валянтэркі па цэнтры), якіх 6 сакавіка Ўкраіна перадала Расеі ў абмен на вызваленую зь Беларусі ўкраінку

Губэрнатар Курскай вобласьці паведаміў, што ў часе апошняга абмену палоннымі паміж расейскім і ўкраінскім бокам, улады Беларусі вызвалілі і перадалі Ўкраіне асуджаную ўкраінку ў абмен на дзьвюх жыхарак Суджанскага раёну Курскай вобласьці — бабулю і ўнучку ва ўзросьце адпаведна 85 і 42 гадоў.

«Украінскі бок зьвярнуўся да Беларусі, каб абмяняць украінку, якая адбывала пакараньне за крымінальнае злачынства», — паведаміў курскі губэрнатар Аляксандар Хінштэйн.

Паводле яго, на даручэньне Аляксандра Лукашэнкі і адбыўся гэты абмен.

Грамадзянак Расеі агледзелі мэдыкі ў Бранскай вобласьці, куды іх накіравалі пасьля абмену. Разам зь імі, як сьцьвярджае Хінштэйн, перадалі і іхнага сабаку — пітбуля Кента.

Губэрнатар Курскай вобласьці паабяцаў дапамагчы жанчынам аднавіць дакумэнты і аформіць ім усе належныя выплаты.

У той жа час, у паведамленьні не ўдакладняецца, паводле якога артыкулу ў Беларусі была асуджаная і адбывала пакараньне вызваленая ўкраінка. У дзяржаўных СМІ аб гэтым факце не паведамлялі. Толькі 7 сакавіка яго загадалі ў Telegram-канале Гомельскага аблвыканкама, старшыня якога Іван Крупко дапамагаў на месцы вызваленым расіянкам.

Украіна і Расея правялі 5 і 6 сакавіка на тэрыторыі Беларусі абмены ваеннапалоннымі. Усяго цягам двух дзён ва Ўкраіну і Расею вярнуліся па 500 палонных. Украінскі бок паведамляў, што 6 сакавіка ва Ўкраіну вярнуліся два цывільныя палонныя, але аб перадачы ўкраінкі зь Беларусі ніякай інфармацыі не было.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG