Тайвань, Іран і гандаль. Якія папярэднія вынікі перамоваў Трампа і Сі ў Пэкіне

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп паціскае руку Чжэн Шаньцзе, старшыню Нацыянальнай камісіі разьвіцьця і рэформаў Кітаю. Кітайскі лідэр Сі Цзіньпін (справа) назірае за гэтым, 14 траўня 2026 году

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і кітайскі лідэр Сі Цзіньпін 14 траўня завяршылі ў Пэкіне больш як двухгадзінныя перамовы з высокімі стаўкамі. Абодва бакі дэманстравалі аптымізм наконт стабілізацыі адносінаў, хоць над самітам цяжэлі вострыя рознагалосьсі ў пытаньнях Тайваню, гандлю і вайны ў Іране.

Двухбаковая сустрэча, якая прайшла ў пэкінскай Вялікай залі народных сходаў, стала першымі асабістымі перамовамі Трампа і Сі пасьля іх сустрэчы ў Паўднёвай Карэі ў кастрычніку 2025 году. Увечары Трамп, як чакаецца, возьме ўдзел у дзяржаўным банкеце ў свой гонар пасьля культурнага візыту ў пэкінскі Храм Неба, паведаміла Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.

Адкрываючы саміт, Сі заклікаў да супрацы паміж дзьвюма найбуйнейшымі эканомікамі сьвету, заявіўшы, што Кітай і ЗША павінны быць «партнэрамі, а не апанэнтамі», нягледзячы на ўзмацненьне стратэгічнага суперніцтва і рост нестабільнасьці ў сьвеце. Трамп назваў Сі «сябрам» і сказаў, што «адносіны паміж Кітаем і ЗША будуць лепшыя, чым калі-небудзь раней».

Аднак, нягледзячы на тое, што абодва лідэры падкрэсьлівалі асабістыя адносіны і патрэбу шчыльнейшай супрацы, перамовы паказалі, наколькі крохкімі застаюцца гэтыя адносіны на фоне спрэчак вакол гандлю, тэхналёгіяў, Тайваню і глябальных наступстваў вайны ў Іране.

«Трамп хоча стабільнасьці перад восеньскімі выбарамі у Кангрэс і ў той час, калі Злучаныя Штаты застаюцца зьвязанымі канфліктам у Іране, — сказаў Радыё Свабода Дэніел Расэл, супрацоўнік Asia Society Policy Institute і былы памочнік дзяржаўнага сакратара ЗША ў справах Усходняй Азіі і Ціхаакіянскага рэгіёну. — Пэкін хоча стабільнага вонкавага асяродзьдзя, спрабуючы даць рады эканамічнаму ціску ў краіне».

На гэтым фоне выглядае, што і Вашынгтон, і Пэкін больш засяроджаныя на кіраваньні напружанасьцю і перадухіленьні далейшай эскаляцыі, чым на дасягненьні маштабнага дыпляматычнага прарыву.

«Нягледзячы на ўсе гучныя заявы, стратэгічнае суперніцтва застаецца доўгатэрміновай тэндэнцыяй, — уважае Расэл. — Большасьць вынікаў будуць абмежаванымі, трансакцыйнымі і патэнцыйна абарачальнымі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Трамп заявіў, што Кітай пагадзіўся не пастаўляць зброю Ірану

Папярэджаньні наконт Тайваню і першыя сыгналы ў гандлі

Тайвань стаў адной з галоўных тэмаў перамоваў. Як паведамляе дзяржаўнае агенцтва Сіньхуа, Сі папярэдзіў Трампа, што няправільныя дзеяньні ў гэтым пытаньні могуць падштурхнуць дзьве краіны да простага супрацьстаяньня.

«Калі дзейнічаць правільна, дзьве краіны могуць падтрымаць стабільнасьць, — сказаў Сі, паводле кітайскага агенцтва. — Калі дзейнічаць няправільна, дзьве краіны сутыкнуцца або нават уступяць у канфлікт, што паставіць усе амэрыканска-кітайскія адносіны ў надзвычай небясьпечнае становішча».

Кітай лічыць самакіраваны востраў часткаю сваёй тэрыторыі і абяцаў у рэшце рэшт узяць яго пад кантроль Пэкіну, пры патрэбе — сілай. Кітайскія чыноўнікі ціснуць на Вашынгтон, каб той скараціў вайсковую і палітычную падтрымку Тайбэю, асабліва продажы амэрыканскай зброі.

Паводле інфармацыяў прэсы, адміністрацыя Трампа адклала паведамленьне Кангрэсу аб заплянаваным пакеце ўзбраеньняў для Тайваню на 13 мільярдаў даляраў перад самітам, каб не ўзмацняць напружанасьць з Пэкінам. У тэлефоннай размове ў лютым Сі заклікаў Трампа ставіцца да гэтага пытаньня «з максымальнай асьцярожнасьцю».

«Сі Цзіньпін хацеў бы атрымаць нейкія саступкі або гарантыі наконт Тайваню і таго, што зробіць Трамп, калі Кітай узмоцніць ціск на востраў, — сказала Радыё Свабода Івон Чыў, супрацоўніца American Enterprise Institute. — Гэта таксама зьвязана з шырэйшай мэтай Пэкіну — пасунуць Злучаныя Штаты ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне».

Гандлёвая і эканамічная напружанасьць таксама займала важнае месца ў перамовах, хоць былі першыя прыкметы абмежаванага прагрэсу.

Кітай ухваліў экспартныя ліцэнзіі для некалькіх соцень амэрыканскіх вытворцаў мяса, каб яны маглі аднавіць пастаўкі ялавічыны ў Кітай, паводле абноўленых зьвестак галоўнай мытнай адміністрацыі Кітаю. Дзеяньне ліцэнзіяў скончылася ў сакавіку 2025 году пасьля таго, як Трамп увёў папярэдні пакет тарыфаў на кітайскія тавары.

Гэты крок стаў памяркоўным жэстам добрай волі перад шырэйшымі перамовамі аб тарыфах, экспартным кантролі і ланцужках паставак.

Перад самітам Трамп публічна акцэнтаваў увагу на гандлі і інвэстыцыях, у той час як Пэкін імкнецца да паслабленьня амэрыканскага экспартнага кантролю перадавых тэхналёгіяў і да гарантыяў супраць новых тарыфаў. На сустрэчы зь Сі прэзыдэнта ЗША суправаджалі некалькі вядомых бізнэсоўцаў, у тым ліку кіраўнік Tesla Ілан Маск, кіраўнік Nvidia Джэнсэн Хуанг і кіраўнік Apple Тым Кук.

Сі сказаў дэлегацыі амэрыканскіх бізнэсоўцаў, што Кітай будзе «яшчэ шырэй адкрывацца» сьвету, хоць і не абвясьціў ніякіх афіцыйных абавязаньняў.

«Дзьверы Кітаю ў вонкавы сьвет будуць адчыняцца ўсё шырэй і шырэй, — цытавалі Сі дзяржаўныя мэдыя Кітаю падчас саміту. — Амэрыканскія кампаніі атрымаюць у Кітаі яшчэ сьвятлейшыя пэрспэктывы».

Рэдказямельныя мэталы застаюцца ключавым вагаром Кітаю ў гандлёвых перамовах.

На сустрэчы ў Паўднёвай Карэі летась Трамп і Сі пагадзіліся аслабіць хуткае нарастаньне гандлёвага канфлікту пасьля таго, як Пэкін прыгразіў шырокімі абмежаваньнямі экспарту рэдказямельных мэталаў у адказ на высокія амэрыканскія тарыфы. Кітай адклаў гэтыя захады на год, і працяг гэтай дамоўленасьці застаецца адным з ключавых пытаньняў саміту.

Група з 17 мэталаў, патрэбных для вытворчасьці ўсяго — ад смартфонаў да зьнішчальнікаў, — стала важнай картай Кітаю ў перамовах пры ўзмацненьні канкурэнцыі ў сфэры перадавых тэхналёгіяў і глябальных ланцужкоў паставак. Кітай дамінуе на ўсясьветным рынку здабычы і перапрацоўкі гэтых матэрыялаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

ЗША і краіны Цэнтральнай Азіі дасягнулі пагадненьня на перамовах пра рэдказямельныя мінэралы ў Вашынгтоне

Вайна ў Іране ўзмацняе ціск на перамовы

Вайна ў Іране і выкліканыя ёю перабоі ў суднаходзтве цераз Армускую пратоку таксама кінулі цень на пэкінскія сустрэчы.

Чакаецца, што Трамп будзе заклікаць Сі выкарыстаць блізкія сувязі Кітаю з Тэгеранам, каб падштурхнуць Іран прыняць шырэйшае мірнае пагадненьне і паслабіць абмежаваньні морскага руху цераз Армускую пратоку — вузкае месца, празь якое звычайна праходзіць каля пятай часткі ўсясьветных паставак нафты.

Аднак перад адлётам з Вашынгтону Трамп публічна прыменшыў вагу думак, што дзеля разьвязаньня канфлікту Злучаным Штатам патрэбная дапамога Пэкіну .

«Я ня думаю, што нам патрэбная нейкая дапамога ў справе Ірану, — сказаў Трамп журналістам у Белым доме 12 траўня. — Мы пераможам так ці інакш — мірным чынам або іншым».

Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё заявіў Fox News па дарозе ў Кітай, што ЗША давялі да Пэкіну свае аргумэнты наконт таго, чаму ён павінен адыграць больш «актыўную ролю» ў разьвязаньні канфлікту ў Іране.

«Мы падалі кітайцам нашы аргумэнты, і я спадзяюся, што яны будуць пераканаўчымі, а пазьней на гэтым тыдні ў іх будзе магчымасьць нешта зрабіць у гэтай справе ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў», — сказаў Рубіё.

Адносіны Кітаю з Тэгеранам даюць Сі патэнцыйны вагар уплыву ў момант, калі перабоі ў энэргетычных пастаўках і рост цэнаў на паліва цяжэюць на ўсясьветнай эканоміцы і ўзмацняюць палітычны ціск на Белы дом.

Пэкін захоўваў шчыльныя эканамічныя сувязі з Іранам цягам усяго канфлікту, ён застаецца адным з найбуйнейшых пакупнікоў іранскай нафты. У знак таго, што Пэкін і Вашынгтон шукаюць агульных падыходаў, высокапастаўленыя амэрыканскія і кітайскія службоўцы заявілі, што ніводнай краіне нельга дазволіць спаганяць зборы за праход Армускай пратокай, гаворыцца ў заяве Дзяржаўнага дэпартамэнту, апублікаванай перад адлётам Трампа на саміт.

Тэгеран патрабаваў права спаганяць зборы за морскі рух як перадумову для спыненьня вайны. Злучаныя Штаты ўвялі морскую блякаду Ірану, а Трамп дапусьціў магчымасьць увядзеньня ўласных збораў за рух або супрацы з Іранам у іх спагнаньні.

«Я чакаю, што будзе шмат закулісных размоваў пра Іран», — сказала Чыў. «Але я не чакаю, што гэтая інфармацыя стане публічнай. Часткова з той прычыны, што брак вынікаў абернецца для Кітаю рэпутацыйнымі рызыкамі».

Рэй Стэндыш, Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Трамп заявіў пра дадатковыя тарыфы пасьля рашэньня Вярхоўнага суду ЗША