Сьцісла
- Мілітарызацыя становіцца магістральным кірункам дзяржаўнай палітыкі ў Беларусі.
- Ідэальная мадэль такой дзяржавы — гэта крэпасьць у аблозе.
- Мілітарызацыя адукацыі — сродак таталітарнай сацыялізацыі маладзёнаў.
Працэсы мілітарысцкай скіраванасьці
12 траўня Аляксандр Лукашэнка, прымаючы з дакладам міністра абароны Віктара Хрэніна, заявіў: «Мы кропкава будзем адмабілізоўваць часткі для таго, каб рыхтаваць іх да вайны». На гэтую рэпліку можна было б не зьвяртаць увагі, бо пра падрыхтоўку да вайны ён казаў шмат разоў. Але адначасова адбываецца шмат іншых падзей і працэсаў мілітарысцкай скіраванасьці.
У пачатку года праходзіла маштабная раптоўная праверка баявой гатовасьці ўзброеных сіл Беларусі, уключна з праверкай тэхнікі, асабовага складу.
11 траўня Лукашэнка правёў нараду ў пытаньнях дзяржаўных праграм узбраеньня і дзяржаўнай абароннай замовы.
14 красавіка Лукашэнка падпісаў указ № 132 «Аб прызыве афіцэраў запасу на вайсковую службу». Прызвана 5 тысяч грамадзян з запасу.
У двух раёнах Віцебскай вобласьці пачынаюцца зборы тэрытарыяльных войск.
Мілітарысцкая ліхаманка становіцца рутынай, набывае сталы характар. Робіцца гэта неабавязкова дзеля падрыхтоўкі да вайны. Функцыя мілітарызацыі шырэйшая, яна тычыцца ня толькі ўласна войска, а ўсяго грамадзкага жыцьця.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Без наземнай апэрацыі нікуды». Лукашэнка паразважаў наконт магчымай вайны ў БеларусіМадэль крэпасьці ў аблозе
Калі гвалт узводзіцца ў культ, ператвараецца ва ўнівэрсальны спосаб вырашэньня ўсіх праблем у краіне, то мілітарызацыя ўсяго грамадзкага жыцьця становіцца магістральным кірункам дзяржаўнай палітыкі. Ідэальная мадэль такой дзяржавы — гэта крэпасьць у аблозе. Калі вакол ворагі, то патрэбна ўвесь час трымаць у мабілізацыйнай гатоўнасьці і напружанасьці дзяржапарат, сілавыя структуры, прыхільнікаў рэжыму. І ня толькі прыхільнікаў.
Лукашэнка неаднаразова казаў, што калі існуе пагроза вайны, то трэба аб’яднацца ўсім вакол дзяржавы, улады, лідэра, незалежна ад палітычных поглядаў. У публіцыстыцы гэта называецца «аб’яднаньне вакол сьцяга». У такой сыстэме ўсе чыноўнікі павінны выкарыстоўваць мэханізм мабілізацыі дзеля вырашэньня сацыяльных і эканамічных задач.
Падчас нядаўняй паездкі ў Чарнобыльскую зону Лукашэнка паўтараў: «Нам трэба мабілізоўвацца зараз, каб перажыць гэты складаны час… Мабілізацыя павінна быць, павінна быць дысцыпліна».
Акрамя ўсяго іншага вонкавая пагроза можа служыць апраўданьнем палітычнага тэрору ў вачах грамадзтва. Маўляў, калі існуе небясьпека вайны, то трэба вынішчаць «пятую калёну» ў тыле.
То бок мілітарызацыя — гэта праява інтуітыўнага інстынкту самазахаваньня аўтарытарнага рэжыму. Зьвяртае на сябе ўвагу імкненьне ўладаў максымальна павялічыць у краіне колькасьць людзей са зброяй. Лукашэнка загадаў узброіць супрацоўнікаў Міністэрства надзвычайных сытуацый, лясьнічых, паляўнічых і рыбакоў, інспэктараў аховы жывёльнага і расьліннага сьвету, паставіў задачу стварыць народнае апалчэньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«ПіК Свабоды»: Да якой вайны рыхтуецца ЛукашэнкаМілітарызацыя адукацыі
Сёньня сілавікі вызначаюць правілы і кірункі працы «цывільных» сфэр, галін, ведамстваў. Напрыклад, адбываецца працэс мілітарызацыі сыстэмы адукацыі. У школах уведзены прадмет «Дапрызыўная і мэдычная падрыхтоўка», які выкладаюць «ваенрукі». Ствараюцца вайскова-патрыятычныя клясы, клюбы і летнікі. Вучэбна-палявыя зборы вучняў дзясятых клясаў сёлета будуць удвая даўжэйшыя: дзесяць дзён замест пяці.
Намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту Павел Латушка канстатуе: «Школа перастае быць месцам адукацыі і становіцца філіялам ваенкамату».
Сапраўды мілітарызацыя адукацыі — гэта працэс аўтарытарнай, нават таталітарнай сацыялізацыі маладзёнаў. Бо ў недэмакратычнай дзяржаве ваенізаваныя структуры — гэта такія інстытуцыі, дзе людзей прывучаюць да падпарадкаваньня, дзе ёсьць жорсткая герархія, дзе трэба вельмі хутка і дакладна выконваць любыя загады, не задумваючыся пра іх сэнс. Пасьля такой школы паслухмянасьці чалавек будзе схільны баяцца начальніка, які заўсёды мае рацыю, слухацца любой улады.
Ідэальны варыянт любой дыктатуры — гэта калі ўся краіна нагадвае адну вялікую казарму, дзе ўсе ходзяць шыхтом, усе падпарадкоўваюцца, ніхто не задае непатрэбных пытаньняў.