Да апошняга пакету эўрапейскіх санкцый супраць Беларусі далучыліся 8 краін, у тым ліку Ўкраіна

Сьцяг Эўразьвязу. Ілюстрацыйнае фота

Да апошняга пакету санкцый, уведзеных Эўразьвязам сёлета 23 красавіка супраць Беларусі, далучыліся 8 эўрапейскіх краін, якія не зьяўляюцца сябрамі арганізацыі.

«Альбанія, Босьнія і Герцагавіна, Ісьляндыя, Ліхтэнштэйн, Чарнагорыя, Паўночная Македонія, Нарвэгія і Ўкраіна далучаюцца да гэтага рашэньня Рады», — адзначаецца ў заяве высокай прадстаўніцы Эўразьвязу ў пытаньнях замежных спраў Каі Калас.

Усе гэтыя краіны цяпер мусяць забясьпечаць адпаведнасьць сваёй нацыянальнай палітыкі гэтаму рашэньню Эўрапейскага зьвязу.

«Эўрапейскі зьвяз прымае да ведама гэта абавязаньне і вітае яго», — адзначыла Кая Калас.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Эўразьвязе разблякавалі вялікі крэдыт Украіне ды новыя санкцыі супраць Расеі і Беларусі

Якія санкцыі прадугледжвае апошні пакет

Дадатковыя санкцыі супраць Беларусі ўвялі за падтрымку Беларусьсю расейскай агрэсіі супраць Украіны.

У пераліку абмежаваньні на пастаўку тавараў падвойнага прызначэньня, якія могуць спрыяць вайсковаму і тэхналягічнаму ўдасканаленьню Беларусі або разьвіцьцю яе сэктара абароны і бясьпекі.

Апроч таго, у новым пакеце прадугледжаны дадатковы сьпіс тавараў і тэхналёгій, на якія распаўсюджваецца забарона нават на транзыт праз тэрыторыю Беларусі.

Эўразьвяз таксама забараніў надаваць Беларусі, ураду і дзяржаўным органам паслугі, што павялічваюць тэхналягічных патэнцыял краіны, а таксама паслуг, зьвязаных з турыстычнай дзейнасьцю ў Беларусі.

Краіны Эўразьвязу ўвялі дадатковыя забароны на імпарт тавараў, якія дазваляюць Беларусі дывэрсыфікаваць свае крыніцы даходу, а таксама на ўдзел, прамы ці ўскосны, у любых зьдзелках, зьвязаных з лічбавай валютай Цэнтральнага банку Беларусі, або любую іншую падтрымку для разьвіцьця такога праекту. Забаронены таксама апэрацыі зь любымі крыптавалютнымі плятформамі, створанымі ў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

ЭЗ зацьвердзіў 20-ы пакет антырасейскіх санкцый, які пашырае абмежаваньні і для Беларусі