Як паведаміў Белстат, інфляцыя за студзень–красавік 2026 году склала 2,5%. Але разьмеркавалася яна нераўнамерна. Калі харчовыя тавары падаражэлі на 1,7%, а нехарчовыя на 1,2%, то паслугі — на 5,4%.
Асноўны ўклад у інфляцыю сёлета зрабіла дзяржава. У сакавіку праезд у аўтобусах гарадзкіх і прыгарадных маршрутаў падаражэў на 15%. Але гэта не апошні скачок цэн на транспартныя паслугі ў бягучым годзе.
7 траўня на праўным інтэрнэт-партале апублікаваная пастанова міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю аб росьце тарыфаў на праезд чыгункай.
Такім чынам, паводле падлікаў парталу Blizko, білеты на пасажырскія чыгуначныя перавозкі падаражэлі на 27%.
Таксама на 7% падвышаюцца цэны на камунальныя паслугі. З 1 сакавіка падвышаныя цэны на газ і электрычнасьць.
Тарыфы на ацяпленьне вырастуць з 1 чэрвеня на 7,3%, і гэта паўплывае на інфляцыю ў другой палове году.
Паводле прагнозаў ураду Беларусі, інфляцыя ў 2026 годзе мае быць не вышэйшай за 7%.
Раней улады прызналі, што летась інфляцыя перавысіла паказьнік, заплянаваны ўрадам — 5 працэнтаў. Рэальная інфляцыя за 2025 год, паводле афіцыйных крыніц, склала 6,8%.
У Эўразійскім банку разьвіцьця мяркуюць, што інфляцыя ў Беларусі дасягне прыблізнай адзнакі 7%. Яе паскорыць імпарт ціску цэнаў з Расеі і дэфіцыт працоўных рэсурсаў.