У Днепрапятроўскай вобласьці адзін чалавек загінуў
Улады Днепрапятроўскай вобласьці паведамілі, што ў выніку расейскай атакі загінуў адзін чалавек і чатыры атрымалі раненьні, у тым ліку адзін чалавек паранены ў абласным цэнтры.
«Больш за 20 разоў вораг атакаваў пяць раёнаў вобласьці бесьпілётнікамі, артылерыяй і авіябомбамі», — адзначаецца ў паведамленьні абласных уладаў.
Пацярпелі Нікапальскі, Сінельнікаўскі і Самарскі раёны, а таксама горад Паўладар. Найбольш пашкоджаньняў у жылым і інфраструктурным сэктарах.
Паводле віцэ-прэм’ера Ўкраіны Аляксея Кулебы, пацярпела і чыгуначная інфраструктура ў Днепрапятроўскай вобласьці. Пашкоджаны лякаматыў і вагоны, паранены машыніст.
Расейскія войскі не спыняюць атакі суседняй Запароскай вобласьці. Гэты рэгіён абстрэльваюць з усіх відаў узбраеньня — з баявой авіяцыі, артылерыі і дронамі. За апошнія 24 гадзіны расейскія войскі нанесьлі 731 удар па 24 паселішчах рэгіёну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Расея далей парушае рэжым цішыні, яна запусьціла па Ўкраіне 100 дронаў. Два дроны з Расеі трапілі ў ЛатвіюУ Херсонскай вобласьці 12 параненых, у тым ліку адно дзіця
Улады Херсонскай вобласьці паведамілі, што расейскія войскі канцэнтравалі свае ўдары на сацыяльных аб’ектах і інфраструктуры ў 28 паселішчах.
Пашкоджаныя адзін шматпавярховы дом і 5 прыватных, аўтазапраўка, сельгастэхніка і прыватныя аўтамабілі. 12 чалавек параненыя, у тым ліку адно дзіця.
У Кіеве і Кіеўскай вобласьці разбурэньні ў жылым сэктары
У Кіеве, у Абалонскім раёне, аскепкі расейскага дрону ўпалі на дах 16-павярховага жылога дому і выклікалі пажар. У выніку пашкоджаны тэхнічны паверх. Паводле сталічных уладаў, ніхто не пацярпеў.
У Фастаўскім раёне Кіеўскай вобласьці ў выніку пацэльваньня дрону загарэўся дах дзіцячага садка, а ў суседнім жылым доме павыбівала шыбы. Пашкоджаныя два прыватныя дамы. Як паведамілі ўкраінскія ратаўнікі, пацярпелых няма. Цяпер апэратыўныя службы ліквідуюць наступствы ўдару.
Пад безупыннымі інтэнсіўнымі абстрэламі знаходзяцца памежныя з Расеяй рэгіёны — Сумская і Харкаўская вобласьці. Там шмат разбурэньняў. Улады высьвятляюць, ці ёсьць пацярпелыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Цішыні не наступіла. Ва Ўкраіне ад расейскіх удараў загінулі 5 мірных жыхароўУ Пермі пажар на станцыі «Транснефть» спыніўся на 12-ы дзень пасьля апошняга ўдару Ўкраіны
Расейская служба Радыё Свабода апублікавала спадарожнікавыя здымкі нафтапампавальнай станцыі кампаніі «Транснефть» у горадзе Перм. На іх відаць вынікі некалькіх украінскіх удараў па гэтым аб’екце. Цалкам зьнішчаныя шэсьць рэзэрвуараў.
«Фактычны вывад станцыі з ладу яшчэ больш ускладніць сытуацыю на Пермскім НПЗ, які атрымліваў з гэтай станцыі сыравіну. За час пажару на станцыі гэты нафтаперапрацоўчы завод некалькі разоў цярпеў ад украінскіх атак, у выніку якіх на ім вывелі з ладу ўстаноўку першаснай перапрацоўкі нафты АВТ-4», — адзначаецца ў публікацыі.
Украінскія войскі некалькі дзён запар, пачынаючы з 29 красавіка, атакавалі гэтыя расейскія аб’екты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Украінскія сілы зьнішчылі расейскія патрульныя катэры, што ахоўвалі Керчанскі мост, і пацэлілі ў НПЗ у ПерміВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.