Цішыні не наступіла. Ва Ўкраіне ад расейскіх удараў загінулі 5 мірных жыхароў

На Чарнігаўшчыне ад расейскай атакі вечарам 8 траўня загінулі бацька і сын
На Чарнігаўшчыне ад расейскай атакі вечарам 8 траўня загінулі бацька і сын

Расея працягнула атакі па Ўкраіне ў ноч на 9 траўня, нягледзячы на абвешчанае ёю «перамір’е». У некалькіх абласьцях загінулі і былі параненыя мірныя жыхары. Пра прылёты дронаў паведамлялі і на расейскай тэрыторыі — у Чачні.

Уначы на 9 траўня расейскія войскі атакавалі Ўкраіну балістычнай ракетай «Іскандэр-М» і 43 дронамі, паведамілі Паветраныя сілы Ўкраіны. Ракету і 9 дронаў зьбіць не ўдалося. Атакі дронаў працягваліся і з надыходам раніцы.

Запароская вобласьць. Дрон атакаваў аўтамабіль. 67-гадовы кіроўца загінуў, ягоныя пасажыры — 62-гадовы мужчына і 81-гадовая жанчына — атрымалі раненьні.

Днепрапятроўская вобласьць. Расейскія войскі ўчынілі каля 20 артабстрэлаў. Два чалавекі загінулі, столькі ж атрымалі раненьні.

Чарнігаўская вобласьць. Увечары 8 траўня расейскія дроны ўдарылі па сельскагаспадарчым прадпрыемстве ў памежным сяле Ноўгарад-Северскага раёну. Загінулі бацька і сын 70 і 49 гадоў. Яшчэ адзін мясцовы жыхар атрымаў раненьні сярэдняй цяжкасьці. За няпоўныя содні расейскія войскі атакавалі Чарнігаўшчыну 28 разоў.

Наступствы ўдару па сельскагаспадарчым прадпрыемстве 8 траўня
Наступствы ўдару па сельскагаспадарчым прадпрыемстве 8 траўня

Раненьні ад атакі дронаў атрымалі людзі ў Херсонскай і Харкаўскай абласьцях. У Сумскай вобласьці загарэлася хата.

Расея

Уначы на 9 траўня над Чачнёй зьбілі пяць дронаў. У Грозным абломкі ўпалі на супэрмаркет, там цалкам згарэў дах і верхні паверх.

Наступствы атакі на Грозны 9 траўня, фота — Niyso
Наступствы атакі на Грозны 9 траўня, фота — Niyso

Таксама абломкамі пашкодзіла шматпавярховік у Грозным і хату ў прысталічным сяле. Шэсьць чалавек пацярпелі.

Міністэрства абароны Расеі паведаміла пра 44 перахопленыя ўкраінскія дроны, але ўдакладніла, што гэта было да ўступленьня ў сілу трохбаковага перамір’я 9 траўня.

Расея ў аднабаковым парадку заявіла пра спыненьне агню з 8 траўня, аднак ні 8, ні 9 траўня ўдары па Ўкраіне не спыніліся.

​
XS
SM
MD
LG