Сабаленка, якая за год зарабіла 30 млн даляраў, пагражае байкотам тэніснаму турніру за «нізкія прызавыя»

Арына Сабаленка

Першая ракетка сьвету беларуска Арына Сабаленка выступае ў ліку групы зорак усясьветнага тэнісу, якія пагражаюць прапусьціць Адкрыты чэмпіянат Францыі. Ім не падабаецца памер прызавых. Былы дырэктар турніру ў адказ зьвінаваціў Сабаленку і іншых у сквапнасьці і абгрунтаваў сваю пазыцыю.

Супольна з 19 рознымі тэнісістамі Арына Сабаленка пагражае байкотам «Ралян Гарос» — Адкрытага чэмпіянату Францыі, найбольш прэстыжнага тэніснага турніру на грунтовым пакрыцьці.

Тэнісісты выказалі незадаволенасьць занадта нізкім, на іхную думку, прызавым фондам турніру.

«Мне здаецца, што бяз нас не было б турніру, гэтай забавы. Мы дакладна заслугоўваем большага адсотку ад прыбыткаў. Што я магу сказаць? Проста вельмі спадзяюся, што ў часе ўсіх перамоваў, якія мы вядзем, у нейкі момант прыйдзем да правільнага рашэньня, якое задаволіць усіх.

Або ў нейкі момант мы пачнем байкатаваць, так. Мне здаецца, гэта будзе адзіным спосабам змаганьня за нашыя правы».

Пры гэтым Сабаленка, якая займае першае месца ў жаночым рэйтынгу, адзначыла, што спрабуе ня думаць пра гэта надта часта.

«Паглядзім, як далёка мы зможам зайсьці, калі справа дойдзе да байкоту гульцоў. Мне здаецца, што зараз мы, дзяўчаты, можам лёгка сабрацца і на гэта пайсьці, бо некаторыя рэчы здаюцца несправядлівымі ў адносінах гульцоў. Думаю, у нейкі момант справа дойдзе да гэтага», — дадала Сабаленка, выступаючы на прэс-канфэрэнцыі ў часе турніру ў Рыме, адным з тых, якія папярэднічаюць «Ралян Гарос».

Хто далучыўся да Сабаленкі?

Сярод тых, хто незадаволены арганізатарамі парыскага турніру, — шмат вядомых імёнаў. Гэта й полька Іга Сьвёнтэк, трэцяя ракетка сьвету.

Сярод іх таксама першая мужчынская ракетка сьвету італьянец Яньнік Сынэр, другая ракетка сьвету гішпанец Карлас Алькарас, самы тытуляваны тэнісіст у гісторыі сэрб Новак Джокавіч ды іншыя.

Адказ Сабаленцы

Былы дырэктар «Ралян Гарос» Гі Фуржэ ня лічыць, што цяперашняе кіраўніцтва турніру нейкім чынам зьневажае спартоўцаў памерам прызавых. На ягоную думку, вялікая частка сучасных тэнісістаў думае толькі пра сябе і праз уласную сквапнасьць ня бачыць іншых.

«Няма больш эгаістычнага чалавека за тэнісіста. Ён думае толькі пра сябе, толькі пра свае інтарэсы. А людзі вакол цябе — агенты, трэнэры, трэнэры ў спартовай падрыхтоўцы, прэс-сакратары — зарабляюць на жыцьцё дзякуючы табе. Яны зацікаўленыя ў тым, каб у нейкі момант падштурхоўваць да таго, каб ты зарабляў больш, больш, больш, больш», — цытуе Фуржэ Tennis Actu.

Ён дадаў, што Француская фэдэрацыя тэнісу — фундатарка турніру — уклала ў ягонае правядзеньне 350 мільёнаў эўра, нават узяўшы дзеля гэтага крэдыты. Турнір не атрымлівае грошай ад ураду Францыі.

Фуржэ згадаў і непасрэдна Сабаленку, абгрунтоўваючы сваю пазыцыю:

«Калі Сабаленка ўжо зарабіла, я думаю, ад 4 да 5 мільёнаў даляраў з пачатку сэзону (4 020 272 паводле зьвестак WTA, жаночай тэніснай асацыяцыі), дык гэта таму, што да яе былі Мартына Наўрацілава, Крыс Эвэрт, Штэфі Граф — тэнісісткі, якія пабудавалі посьпех гэтага турніру», — растлумачыў ён.

Француз дадаў, што за апошнія 10 гадоў прызавыя на «Ралян Гарос» вырасьлі больш як удвая. Таму ён не разумее нараканьняў цяперашніх лідэраў тэнісу пра нібыта нізкія сумы за перамогі.

«Заўтра будуць іншыя Сабаленкі, іншыя гульцы, якія будуць зарабляць удвая больш, чым яна сёньня. І ў той момант, я спадзяюся, яны будуць дастаткова разумнымі, каб сказаць: „Нам пашанцавала“, а не: „Мы зарабляем недастаткова“. Калі б мне было 20 гадоў, на месцы Сабаленкі сёньня я б сказаў дзякуй Б’ёрну Боргу, дзякуй Роджэру Фэдэрэру за тое, што яны дазваляюць мне так добра жыць з прафэсіі тэнісісткі».

Што з прызавымі?

Магчыма, незадаволенасьць тэнісістаў выклікала тое, што арганізатары вырашылі найбольш падтрымаць удзельнікаў кваліфікацыі і першых этапаў — гульцоў, якія не праходзяць далёка і зарабляюць няшмат. На думку арганізацыйнага камітэту, гэта дапаможа ў разьвіцьці гульні.

Пры гэтым прызавыя ў параўнаньні зь мінулым годам вырасьлі вельмі істотна. Цяпер яны складаюць 61 млн 723 тыс эўра. І гэта на 9,53% болей за турнір у 2025-м.

Пераможцу абяцаныя €2,8 млн, фіналісту — €1,4 млн, паўфіналістам — €750 тыс.

Пры гэтым Арына Сабаленка ў 2025 годзе зарабіла амаль 30 млн эўра, гэта 2-гі паказьнік у сьвеце, пісаў tennis.com. Вышэй за яе толькі амэрыканка Кока Гаўф, якая два гады запар ачольвае гэты сьпіс і летась зарабіла 33 млн. Ладную частку заробкаў галоўных тэнісістак сьвету складаюць рэклямныя пагадненьні.

Дарэчы, Гаўф таксама сярод тых, хто патрабуе павышэньня прызавых.

Як пісала выданьне Sportico, якое склала сьпіс спартовак з найбольшымі заробкамі ў сьвеце, 10 з 15 жанчын у гэтым сьпісе — якраз прадстаўніцы тэнісу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Абразьлівыя камэнтары пра ўкраінскую суперніцу Сабаленкі пакідаў сын беларускіх пракурораў, які піша для расейскіх сайтаў


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

МАК зьняў абмежаваньні на ўдзел беларусаў у спаборніцтвах