Хакеры атакавалі сайт беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org, зьнішчылі працу за 25 гадоў

Яраслаў Іванюк

Заснавальнік інтэрнэт-бібліятэкі і дырэктар выдавецтва Яраслаў Іванюк расказаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку пра наступствы хакерскай атакі.

У выніку хакерскага нападу парушаная праца беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org. Пра гэта паведаміў у каардынатар праекту выдавец Яраслаў Іванюк.

Зламысьнікі атакавалі сайт у ноч на 7 красавіка.

«Kamunikat.org ня вытрымаў хакерскай атакі. На гэты момант сайт не працуе. Трэба прызнаць, што атака зьнішчыла больш чым 25-гадовую працу многіх людзей, але мы не здаемся», — напісаў Яраслаў Іванюк.

Ён дадаў, што Kamunikat.org ва ўмовах узмацненьня рэпрэсіяў супраць беларускай культуры і мовы быў ня толькі бібліятэкай, але і інструмэнтам аховы культурнай спадчыны, а таксама плятформай, якая падтрымлівае свабодны доступ да ведаў і незалежнай творчасьці.

«Будзем змагацца і адбудуем адзін з найважнейшых незалежных архіваў беларускай культуры! Ня выключана, аднак, што зойме гэта шмат часу», — заявіў Яраслаў Іванюк.

Яраслаў Іванюк у інтэрвію Свабодзе назваў тое, што адбылося ў ноч на 7 траўня з сэрвэрамі выдавецтва, «дэструкцыйнай хакерскай атакай».

Паводле Яраслава Іванюка, на сэрвэрах захоўвалася больш за 70 тысяч рознага тыпу беларускіх публікацыяў — кнігі, газэты, часопісы, аўдыёкнігі, відэа- і аўдыёматэрыялы пра Беларусь.

«Складана дакладна акрэсьліць, калі гэта пачалося. Заўважылі мы гэта а палове на другую ўночы. Але было ўжо позна. Спачатку былі спадзяваньні, што гэта не атака, а ўсё вынікае празь перагружаны трафік, але ў выніку недзе ў 4 гадзіны ночы мы зразумелі, што нашыя сэрвэры проста вычышчаныя. Вядома, у такіх сытуацыях ня ўсё страчана, бо захоўваюцца копіі, але гэта ўсё патрабуе часу, каб разабрацца. Хаця сытуацыя можа быць і горшай, бо, як сказаў адзін з правайдэраў, мог быць запушчаны вірус, які не дазволіць аднавіцца. Але мы працуем над гэтым».

Яраслаў Іванюк не выключае, што хакерскую атаку на сэрвэры, дзе захоўваліся матэрыялы выдавецтва kamunikat.org, учынілі зламысьнікі на замову ўладнага рэжыму ў Менску. IP-адрасы гэтых зламысьнікаў, паводле Іванюка, зарэгістраваныя ў азіяцкіх краінах.

«Сытуацыя паказвае, што Kamunikat.org — гэта сапраўды вельмі важны праект для захаваньня беларускай культуры, літаратуры, мовы і тоеснасьці, і таму ён не падабаецца рэжыму Лукашэхнкі і ягоным спэцслужбам», — мяркуе Яраслаў Іванюк.

Яраслаў Іванюк згадаў, што першая атака на выдавецтва адбылася ў 2023 годзе, калі ў Беларусі быў заблякаваны асноўны дамэн выдавецтва Kamunikat.org.

«Затым летась прызналі наш сайт месцам, дзе трымаюцца „экстрэмісцкія матэрыялы“, пазьней увогуле прызналі нас „экстрэмісцкім фармаваньнем“, менская пракуратура вырашыла, што зьмест кнігі Дароты Міхалюк пра БНР, якую мы выдалі, „нясе пагрозу інтарэсам Рэспублікі Беларусь“. Таму тое, што здарылася гэтай ноччу, — гэта працяг. Першая такая атака была летась, у ноч на 25 сьнежня, але тады мы хутчэй яе заўважылі і ўдалося спыніць дэструкцыйную дзейнасьць. Гэтым разам не атрымалася. Але, як нехта ўжо напісаў у Фэйсбуку, „Камунікат“ як птушка Фэнікс адродзіцца».

Яраслаў Іванюк не гатовы прадказаць, колькі часу спатрэбіцца на аднаўленьне стратаў, панесеных сэрвэрамі выдавецтва.

Беларускай інтэрнэт-бібліятэцы Kamunikat.org, якая была заснаваная і папаўняецца ў Беластоку, летась споўнілася 25 гадоў. Яе наведнікі — пераважна беларусы. Акрамя інтэрнэт-бібліятэкі «Камунікат», Яраслаў Іванюк пазьней стварыў аднайменнае выдавецтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Звароту ад электронных кніг да папяровых паспрыяла эміграцыя беларусаў пасьля 2020-га. Kamunikat.org адзначае 25-гадовы юбілей

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Варшаве адкрылася новая беларуская кнігарня Kamunikat.shop

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваньнем» беларускія выдавецтвы і распаўсюднікаў кніг. Частка зь іх цяпер за кратамі