Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Варшаве адкрылася новая беларуская кнігарня Kamunikat.shop

Кнігарня Kamunikat.shop адкрылася  ў Цэнтры беларускай салідарнасьці. Варшава, 29 красавіка 2026
Кнігарня Kamunikat.shop адкрылася ў Цэнтры беларускай салідарнасьці. Варшава, 29 красавіка 2026

Кнігарня Kamunikat.shop створаная ў партнэрстве Цэнтра беларускай салідарнасьці з выдавецтвам kamunikat.org ды іншымі выдаўцамі беларускай літаратуры.

Кнігарню Kamunikat.shop урачыста адкрылі ў Цэнтры беларускай салідарнасьці па вуліцы Oleandrów 6 у Варшаве.

Прыйшоў час, каб нашая выдавецкая дзейнасьць перайшла на новы ўзровень, заявіў на адкрыцьці новай кнігарні стваральнік «Камуніката», выдавец і журналіст Яраслаў Іванюк, якога цытуе Польскае радыё:

«Я вельмі рады, што ў супрацы з Цэнтрам беларускай салідарнасьці ўдалося адкрыць сталы пункт, дзе беларуская кніга будзе даступная шэсьць дзён на тыдзень. З панядзелка па пятніцу з 15 да 19, а ў суботу з 10 да 15 гадзіны. На гэты момант тут ёсьць кнігі 14 выдавецтваў, якія працуюць у замежжы. Хочам, каб іх было больш, бо цяпер іх у замежжы больш за 20».

Кнігарня Kamunikat.shop адкрылася ў Цэнтры беларускай салідарнасьці. Варшава, 29 красавіка 2026. Яраслаў Іванюк
Кнігарня Kamunikat.shop адкрылася ў Цэнтры беларускай салідарнасьці. Варшава, 29 красавіка 2026. Яраслаў Іванюк

Сябра праўленьня «Камунікату», дырэктар Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку Ілона Карпюк дадала, што ў кнігарні можна знайсьці і выдавецкія прапановы беларускай меншасьці ў Польшчы.

«Я сёньня пачула словы ўдзячнасьці, што паявілася месца, дзе сустракаюцца беларусы з меншасьці і беларусы дыяспары. Мы імкнемся да таго, каб адчуваць адзінства, хоць ёсьць адчуваньне, што яшчэ ёсьць што рабіць. Таму я радая, што тут можна будзе набыць кнігі Музэю Малой Айчыны ў Студзіводах, праграмнай рады тыднёвіка „Ніва“, кнігі Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку».

Заснавальнік выдавецтва kamunikat.org Яраслаў Іванюк раней казаў Свабодзе, што крама стане таксама месцам рэгулярных сустрэчаў чытачоў зь беларускімі літаратарамі.

«Гэта таксама будзе месца сустрэчаў, размоваў пра беларускую літаратуру. Будзем ладзіць там прэзэнтацыі новых беларускіх кніг, якія выходзяць у замежжы, дыскусіі на цікавыя нам усім тэмы. Таксама, мяркую, гэта будзе падтрымка выдавецтвам, якія рэжым Лукашэнкі прызнае „экстрэмісцкімі фармаваньнямі“. Яны ставяць сабе мэту запалохаць беларусаў, але мы ня думаем здавацца, будзем рабіць усё тое, што ў нашых сілах, як і рабілі дагэтуль», — сказаў Іванюк.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG