Выбары ў Каардынацыйную раду стартуюць ужо праз 5 дзён. Што важна ведаць?

11 траўня пачнуцца онлайн-выбары ў Каардынацыйную раду 4-га скліканьня. Як і дзе пройдзе галасаваньне, якія чакаюцца навацыі, як ня толькі прагаласаваць, але і пераканацца, што твой голас улічылі, і чым адрозьніваецца сыстэма бясьпекі для выбарцаў ад той, якую выкарыстоўвалі на мінулых выбарах?

Пра гэта на прэс-канфэрэнцыі расказаў Павал Лібер, які кіруе камандай распрацоўнікаў тэхнічных рашэньняў па правядзеньні выбараў.

Першы, інфармацыйны этап выбараў праходзіць на пляцоўцы tryslany.com

«Калі вы за мяжой, то на яе можна заходзіць проста па адрасе, а калі вы ў Беларусі, то ёсьць адмысловы адрас для людзей, які не пакідае сьледу, — сказаў Павал Лібер. — Пляцоўка выкарыстоўваецца для таго, каб распавесьці пра нашы сьпісы. Кожны ўдзельнік сьпісу мае магчымасьць зайсьці, стварыць тут сабе месца і распавесьці пра сябе». «Адпаведна выбарцам можна зайсьці на гэтую пляцоўку, паглядзець сьпісы, нават задаць пытаньні».

На наступным этапе гэтыя сьпісы перанясуць на плятформу для галасаваньня па іншым адрасе.

«У момант выбараў у нас зьявяцца два каналы: мабільны канал і вэб-канал. Мабільны канал — гэта мабільнае прыкладаньне, якое, як і ў 2024 годзе, будзе рэкамэндавана толькі за мяжой, мы не рэкамэндуем гэта выкарыстоўваць тым, хто ў Беларусі», — сказаў Павал Лібер.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зарэгістравалі дзевяць выбарчых блёкаў у Каардынацыйную раду. Хто ў сьпісах

Прагаласаваць можна будзе і з «пашпартам Новай Беларусі»

«З новага — тое, што ў гэтым прыкладаньні будуць дзьве опцыі пра праходжаньня вэрыфікацыі. Першая — для ўласьнікаў старога, як мы кажам „сіняга пашпарту“, а другая — для тых, хто пакажа беларускі нацыянальны пашпарт, як яго яшчэ называюць — „пашпарт Новай Беларусі“», — сказаў Павал Лібер.

Іншыя дакумэнты прымацца ня будуць.

«Дазвол на жыхарства, пашпарт замежніка ці што іншае — не падыдуць, бо ва ўсіх іншых дакумэнтах дзейнічаюць розныя вэрыфікатары, а наша задача — дакладна праверыць асобу чалавека, каб выключыць магчымасьць падвойнага галасаваньня», — патлумачыў Лібер.

«Пашпарт новай Беларусі» падыходзіць, бо ў ім той жа ідэнтыфікацыйны нумар, што і ў дзяржаўным пашпарце.

Тым, хто праходзіў вэрыфікацыю на выбарах 2024 году, давядзецца яе паўтарыць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У выбарах у Каардынацыйную раду хочуць удзельнічаць шэсьць суб’ектаў. Бабарыка адмовіўся

Свой голас можна будзе праверыць

«Пасьля таго, як асоба чалавека пацьверджаная, ён убачыць старонку галасаваньня і пералік сьпісаў удзельнікаў, сярод якіх можа выбраць той, які яму падабаецца. Адпаведна націскае кнопку „галасаваць“. Тады ў яго зьяўляецца запыт, ці ён упэўнены. Ён пацьвярджае, і ў выніку адбываецца працэдура галасаваньня», — апісаў працэдуру Павал Лібер.

Пасьля галасаваньня выбарца атрымае адмысловы код, па якім зможа праверыць, ці слушна улічаны быў голас. «Такім чынам забясьпечваецца двайны кантроль», — кажа Павал Лібер.

Разьмеркаваны доступ і сакрэтныя адрасы

Распрацоўнікі ўжылі прынцып разьмеркаванага доступу да інфраструктуры выбараў.

«Ня будзе ніводнага чалавека, які б меў доступ адначасова да ўсёй сыстэмы», — сьцьвярджае Павал Лібер.

Ня будзе і цэнтральнай базы дадзеных.

«Але яшчэ раз падкрэсьлю: мы не рэкамэндуем у Беларусі карыстацца мабільным прыкладаньнем», — паўтарыў Павал Лібер.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Яшчэ адзін блёк адмовіўся ад удзелу ў выбарах у Каардынацыйную раду. Там адрэагавалі

Адрас плятформы для галасаваньня назавуць у апошні момант

Паводле Паўла Лібера, 8–9 траўня сайт tryslany.com зьменіць адрас. А спасылкі для галасаваньня зьявяцца толькі перад самай датай выбараў, прызначаных на 11–17 траўня.

«Чаму лічым патрэбным даць адрас для галасаваньня ў апошні момант? Бо мы бачым, што рэжым гатовы выдаткоўвае шмат рэсурсаў на барацьбу з выбарамі ў Каардынацыйную раду. І гэта, магчыма, самая вялікая розьніца ў параўнаньні з выбарамі 2024 году. Тады таксама былі DoS-атакі, але, хутчэй, гэта былі такія дзяжурныя захады. Цяпер жа ідуць вельмі масаваныя, я б сказаў, нацыянальнага ўзроўню атакі, якія каштуюць шмат грошай. Таму каманда вырашыла, што задача — максымальна зьменшыць час паміж паведамленьнем адрасу галасаваньня і самімі выбарамі, каб не пасьпелі зламаць нашы сыстэмы».

Як ня стаць ахвярай фішынгу

Для пошуку спасылак аб галасаваньні Павал Лібер накіраваў выбарцаў на новы адрас tryslany.com і на адрасы Каардынацыйнай рады. «Падкрэсьліваю, што непасрэдна адтуль трэба будзе браць гэтыя спасылкі, не зь якіх-небудзь староньніх каналаў, бо ёсьць праблема фішынгу — непажаданага трапляньня да вас», — сказаў Павал Лібер.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Знутры Беларусі людзі хочуць бачыць згоду сярод нас». Поўны тэкст інтэрвію з Паўлам Севярынцам

Што такое Каардынацыйная рада

  • Каардынацыйная рада створаная ў Менску ўлетку 2020 году. Арганізацыя паставіла сабе за мэты «пераадоленьне палітычнага крызісу ў Беларусі» і «абарону сувэрэнітэту і незалежнасьці краіны».
  • Частка кіраўнікоў і заснавальнікаў КР, як Марыя Калесьнікава, Максім Знак і іншыя, апынуліся за кратамі. Частка арганізатараў і ўдзельнікаў выехалі за мяжу, некаторыя спынілі палітычную дзейнасьць.
  • 9 жніўня 2022 году адбылася рэарганізацыя Рады. Асноўнай яе задачай стала распрацоўка «праграмных і стратэгічных дакумэнтаў, арганізацыя абмеркаваньня грамадзка значных пытаньняў, міжнароднае супрацоўніцтва, а таксама падрыхтоўка і абмеркаваньне канцэпцыяў разьвіцьця Беларусі»
  • На пачатку лютага 2023 году апублікаваны склад «рэфармаванай» Каардынацыйнай рады. Сярод іншага, да яе далучыліся грамадзкая дзяячка Сьвятлана Мацкевіч, бізнэсовец Аляксандар Кныровіч, лідэрка ініцыятывы «Честные люди» Алена Жываглод, прадстаўнікі Офісу адукацыі для «новай Беларусі», Free Belarus Center, ZUBR, BEROC, «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў» і іншых арганізацыяў.
  • ІІ скліканьне гэтай палітычнай структуры (9 лютага 2023) складаецца з 25 чальцоў асноўнага складу КР І скліканьня (19 жніўня 2020), 15 самавылучэнцаў, а таксама 75 дэлегатаў ад арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычных сілаў (па 15 ад пяці тэматычных сэктараў — «палітычныя арганізацыі», «правы чалавека, моладзь і экалёгія», «адукацыя, культура і мэдыя», «мясцовыя супольнасьці, прафсаюзы і бізнэс», «дыяспары»).
  • Тэрмін паўнамоцтваў ІІ скліканьня Рады — адзін год з дня правядзеньня першага ўстаноўчага сходу (8 лютага 2023 году) пасьля фармаваньня поўнага складу.
  • Дэлегатаў трэцяга і наступных скліканьняў будуць выбіраць грамадзяне Беларусі «на аснове ўсеагульнага, прамога, роўнага і тайнага галасаваньня». У склад Рады трэцяга скліканьня будзе абрана 80 дэлегатаў, тэрмін паўнамоцтваў — 2 гады. Тэхнічна забясьпечваць працэс галасаваньня мае каманда ІТ-плятформы «Новая Беларусь».
  • Улады Беларусі прызналі КР «экстрэмісцкім фармаваньнем».
  • 28 лістапада 2023 у Беларусі прайшлі ператрусы ў сяброў арганізацыі і людзей, якіх сілавікі падазраюць у датычнасьці да КР. Старшыня КР Андрэй Ягораў заявіў, што дзеяньні рэжыму яскрава дэманструюць важнасьць для беларусаў маючых адбыцца выбараў у Раду.
  • З 25 па 27 траўня адбыліся выбары ў ІІІ скліканьне Каардынацыйнай рады. Яны праходзілі онлайн з дапамогай праграмы шыфраваньня зьвестак.
  • Напярэдадні выбараў за рассылку падпісантам чат-боту «Перамога» з гонкі зьнялі сьпіс «Закон правапарадак» на чале з Аляксандрам Азаравым. Скандал пачаўся ня толькі праз падобны сродак агітацыі, але і праз тое, што апавяшэньні прыходзілі людзям, якія даўно заблякавалі або выдалілі бот, што магло падставіць людзей, якія жывуць у Беларусі.
  • У сьпісе Розы Турарбекавай «Наша справа» ў апошні момант адбыліся вымушаныя зьмены. Пасьля зьняцьця са сьпісу дзьвюх жанчын кіраўніца аб'яднаньня мусіла выкрэсьліць са сьпісу і двух паплечнікаў-мужчын, каб адпавядаць гендарным квотам, уведзеным на выбары. Сам сьпіс раскрытыкаваў факт гендарных квотаў.
  • У галасаваньні прынялі ўдзел 6723 чалавекі. Яны галасавалі за адзін з 11 выбарчых сьпісаў. Выбары у Каардынацыйную раду трэцяга складу прайшлі 25–27 траўня 2024 году.

Мандаты разьмеркаваліся наступным чынам:

Каманда Латушкі і рух «За Свабоду» — 28 мандатаў

Блёк Пракоп’ева-Ягорава — 13 мандатаў

«Еўрапейскі выбар» — 8 мандатаў

«Незалежныя беларусы» — 8 мандатаў

«Моладзевы наступ» — 8 мандатаў

«Наша справа» — 6 мандатаў

«Воля» — 6 мандатаў

«Хопіць баяцца» — 3 мандаты

  • У сакавіку 2025 году стала вядома пра зьнікненьне старшыні Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай. Паводле польскай паліцыі, Мельнікава ў канцы лютага вылецела за межы Эўразьвязу, у Лёндан, зь дзьвюма дочкамі. Былы муж Анжалікі выехаў з Польшчы ў Беларусь аўтобусам 23 сакавіка.
  • Паводле расьсьледаваньня польскіх журналістаў, Мельнкіава зь дзецьмі і невядомым мужчынам наведвала ААЭ і Шры-Ланку. Але падрабязнай інфармацыі пра гэта няма.
  • 12 траўня супольнасьць «Кібэрпартызаны» паведаміла пра тое, што Анжаліка Мельнікава сэрыяй апэрацый зьняла з рахунку фонду, які адказваў у тым ліку за фінансаваньне супольнасьці, 150 тысяч даляраў.