Расейскія войскі атакавалі Краматорск і Запарожжа — шмат ахвяраў

Разьбіты расейскім паветраным ударам жылы дом у Краматорску, 5 траўня 2026 году

Нягледзячы на нядаўнія заявы Пуціна пра падрыхтоўку часовага спыненьня агню, атакі на Ўкраіну не спыніліся.

Хоць заявы Ўладзіміра Пуціна тычыліся дня 9 траўня, калі Расея нібыта зьбіраецца ў цішыні адзначыць афіцыйнае сьвята Дзень Перамогі, ужо неўзабаве ён стаў пагражаць ударам па цэнтры Кіева ў выпадку ўкраінскай атакі на парад у Маскве. Празь небясьпеку ўкраінскіх атак скасавалі парады і шэсьці ў гонар 9 траўня ў некаторых расейскіх рэгіёнах і акупаваным Крыме.

А 5 траўня Расея ўдарыла па Запарожжы і Краматорску. У Краматорску 9 чалавек загінулі і 16 параненыя. У сваім Тэлеграме кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Іван Фёдараў заявіў, што стан аднаго з параненых ацэньваецца як цяжкі. У пацярпелых пераважна выбуховыя траўмы.

Пасьля расейскай паветранай атакі ў горадзе загарэліся крама, аўтамабілі і адно з прадпрыемстваў. Пашкоджаныя жылыя дамы, аўтамабільная мыйня і станцыя тэхнічнага абслугоўваньня.

У Краматорску расейцы цэлілі ў цэнтар і скінулі туды фугасныя бомбы. 5 чалавек загінулі, яшчэ 5 параненыя.

Але, як падкрэсьліваюць мясцовыя ўлады, зьвесткі няпоўныя, бо ўдар пашкодзіў шмат аўтамабіляў і некалькі шматпавярховых жылых дамоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украіна заявіла пра рэжым цішыні ў ноч на 6 траўня і паабяцала дзейнічаць «люстэркава» ў выпадку новых расейскіх атак